«Белавія» засталася без самалётаў і можа лётаць толькі ў 7 краінаў свету. Што чакае нацыянальнага авіяперавозніка


«Белавія» цяпер лётае толькі ў некалькі краінаў свету. З Беларусі можна трапіць у Турцыю, Грузію, Арменію, Азербайджан, ААЭ, Расею, Казахстан, а таксама ў Ізраіль, хоць у Тэль-Авіў на бліжэйшыя 10 дзён рэйсы адмененыя. Працаўнікі кампаніі распавядаюць «Белсату», што рэйсаў сапраўды стала вельмі мала. Але, нягледзячы на гэта, «нейкім цудам» людзі атрымліваюць заробкі.

«Boeing 737-800» беларускай авіякампаніі «Белавія».
Фота: belavia.by

Яшчэ летась «Белавія» трапіла пад санкцыі краінаў Захаду. Праз абмежаванні і забарону выкарыстання паветранай прасторы ЕЗ дзяржаўная кампанія вымушаная была істотна скараціць колькасць самалётаў. У канцы мінулага года прадпрыемства паведамляла, што ў яго распараджэнні засталося ўсяго толькі 15 машынаў.

Авіякампанія без самалётаў і папулярных кірункаў

Увогуле апошнія гады сталі для кампаніі сапраўдным выпрабаваннем. Пандэмія каронавіруса прывяла да таго, што ў 2020 годзе «Белавія» завяршыла са стратамі памерам 92 мільёны рублёў. Звестак за 2021 год няма. Але пра тое, што справы значна пагоршыліся, можна меркаваць са словаў кіраўніцтва прадпрыемства. Летась генеральны дырэктар кампаніі распавядаў, што авіяперавознік мае 18 лізінгавых самалётаў. Яшчэ ўвосень 2021 года агульны парк «Белавіі» складаў 29 самалётаў. 3 снежня кампанія рапартавала, што засталося ўсяго 15 летакоў. Бо лізінгавыя самалёты давялося вярнуць. Цяпер на сайце кампаніі прыбралі інфармацыю пра паветраны парк. Але з адкрытых крыніцаў вядома, што ў выкарыстанні ўсяго толькі 9 самалётаў. Яшчэ 5 прыпаркаваныя да лепшых часоў. Таму агулам парк прадпрыемства складаюць усяго 14 адзінак тэхнікі.

Але і запатрабаваных кірункаў сёння кампанія не можа прапанаваць пасажырам. Традыцыйна ў апошнюю нядзелю сакавіка авіяперавознікі публікуюць летні расклад рэгулярных рэйсаў, які ў Беларусі дзеіць з 27 сакавіка да 29 кастрычніка. Вылецець з Менску можна толькі ў Азербайджан (Баку), Арменію (Ерэван), Грузію (Тбілісі, Батумі, Кутаісі), Расею (Масква, Санкт-Пецярбург, Сочы, Екацярынбург, Казань), Казахстан (Нур-Султан, Алматы), ААЭ (Дубай), Турцыя (Стамбул), Узбекістан (Ташкент).

Hавiны
Дэпартамент авіяцыі назваў заходнія санкцыі бяззубымі. Захад рыхтуе новыя
2021.06.09 22:26

Выжыванне за кошт завоблачных коштаў на квіткі

Раней у кампаніі таксама пераконвалі, што ў сувязі з існаю сітуацыяй кошты на пералёты змяняцца будуць толькі з улікам наяўнай сітуацыі. Але насамрэч кошты на квіткі, акрамя расейскага напрамку, складаюць сотні еўраў.

Працаўнікі кампаніі лічаць, што толькі дзякуючы вялізным коштам і адсутнасці альтэрнатывы, бо «Белавія» – адзіны авіяперавознік, нейкім «цудам» збіраюцца грошы на заробкі персаналу.

«Рэйсаў мала ў параўнанні з тым, што было ў 2019-м годзе, але пакуль, не ведаю, якім цудам, але трымаюцца. Зімой 2021–22 гадоў плацілі прэміі, нават падымалі заробкі і нікога не звальнялі. Вывазілі за кошт чартараў і тых напрамкаў, што засталіся, кшталту Грузіі», – распавёў «Белсату» працаўнік кампаніі.

Работнік выказвае меркаванне, што дзяржава наўрад ці ў існай сітуацыі дапамагае прадпрыемству, бо і раней нейкай дапамогі з бюджэту ніколі не было:

«За апошнія 8 гадоў я ведаю дакладна толькі пра адзіную субсідыю на пакупку новых бартоў у лізінг. Гэта адзіны факт дапамогі, а астатняе ўсе рабілі сваймі сіламі».

Абноўлена
Беларусь закрывае частку неба для грамадзянскай авіяцыі. Адмяняюцца рэйсы ў Нацыянальным аэрапорце
2022.02.24 14:24

Паводле апошніх наяўных звестак, у «Белавіі» працавалі 2 тысячы чалавек. Палітычныя звальненні адлюстраваліся тут таксама, але калектыў працягвае працаваць. Масавых звальненняў на фоне пагаршэння эканамічнай сітуацыі пакуль не было.

«Адзінае, што калі хтосьці збіраецца звальняцца, то не трымаюць і не просяць застацца, як раней. Таксама без праблемаў адпускаюць у адпачынкі за свой кошт на колькі заўгодна, а раней, да пандэміі ды санкцыяў, было складана ўзяць за свой кошт адпачынак нават на тыдзень. Цяпер – хоць на месяц. Наагул вельмі дзіўна, што за ўвесь час санкцыяў не адпраўлялі ў прастоі або ў вымушаныя неадплатныя адпачынкі. Апошні раз прастоі ў нас былі, калі толькі пачалася пандэмія: травень – чэрвень 2020 года», – распавядае працаўнік кампаніі.

Самалёт «Embraer» авіякампаніі «Белавія».
Фота: belavia.by

Кіраўніцтва «Белавіі» таксама раней паведамляла, што мае намер павялічыць свой парк самалётаў. Агучвалася, што ў лізінг можна ўзяць летакі ў Кітаі або Расеі. Але з моманту расейскага ўварвання ва Украіну і санкцыяў супраць авіякампаніяў Расеі сітуацыя істотна змянілася. Разам з «Белавіяй» у санкцыйным спісе апынуліся кампаніі з Расеі. У выніку Беларусі нават існыя 14 самалётаў сталі лішнімі, бо 5 з іх прыпаркавалі. Адмыслоўцы кажуць, што прыпаркаваныя самалёты або чакаюць лепшага часу, пакуль іх выкарыстоўванне стане эканамічна абгрунтаваным, або яны паволі будуць разбірацца на запчасткі для іншых самалётаў, якія актыўна выкарыстоўваюцца.

Санкцыі супраць «Белавіі» ўвялі пасля таго, як улады Беларусі прымусова пасадзілі самалёт «Ryanair», які ляцеў з Турцыі ў Літву. На борце быў Раман Пратасевіч, якога затрымалі сілавікі. Але на гэтым гісторыя не завершылася. Пасля таго як на мяжы з кранамі ЕЗ распачаўся міграцыйны крызіс, у ініцыяванні якога Брусель абвінаваціў рэжым Лукашэнкі, неба над Еўропаю для беларускай кампаніі цалкам закрылі.

Hавiны
Штомесяц праз заходнія санкцыі авіягаліна Беларусі губляе $ 10,3 мільёна
2021.06.25 16:52

ЛВ belsat.eu

Стужка навінаў