Яшчэ дзевяць еўрапейскіх парламентароў сталіся «хроснымі» беларускіх палітвязняў


Мэр’ян Гаркін, дэпутатка ніжняй палаты парламенту Ірландыі, сталася «хроснаю» Максіма Зіневіча.
Фота: «Вясна»

Да кампаніі салідарнасці з беларускімі палітвязнямі #WeStandBYyou, зарганізаванай швейцарска-нямецкай праваабарончай арганізацыяй «Libereco», далучыліся яшчэ дзевяць дэпутатаў парламентаў еўрапейскіх краінаў, паведмляе «Вясна».

Дэпутат швейцарскай Рады кантонаў Карла Самаруга стаўся «хросным» Аляксандра Раентава:

«Свабода меркаванняў, сходаў і дэманстрацыяў, як і любыя іншыя дэмакратычныя правы, – не прадмет спрэчак. Аляксандра Раентава арыштавалі за рэалізацыю асноўных правоў».

Дэпутат Нацыянальнай рады Швейцарыі Лёран Вэрлі – «хросны» Сяргея Драздоўскага:

«Ціск на Сяргея Драздоўскага, у тым ліку пагрозы судовага пераследу, мусіць спыніцца. Яму павінны дазволіць працягваць працу ад імя людзей з інваліднасцю».

Дэпутат Еўрапарламенту Білі Келегэр стаўся «хросным» Глеба Гатоўкі:

«Ганаруся тым, што магу падтрымаць Глеба Гатоўку, бо яго незаконна затрымаў беларускі рэжым».

Тымі Дулі, дэпутат Сенату Ірландыі, – «хросны» Яўгена Каліноўскага:

«Я падтрымліваю Яўгена Каліноўскага, маладога студэнта, якога зняволілі за ўдзел у мірнай палітычнай акцыі ў Беларусі, і заклікаю яго неадкладна вызваліць».

Мэр’ян Гаркін, дэпутатка ніжняй палаты парламенту Ірландыі, сталася «хроснаю» Максіма Зіневіча:

«Я падтрымліваю Максіма Зіневіча ў той час, як яго незаконна ўтрымліваюць у беларускай турме, і жыхароў Беларусі, якія працягваюць змагацца за свае правы і сваё права на мірны пратэст».

Элізабэт Гёцэ, дэпутатка Нацыянальнай рады Аўстрыі, – «хросная» Арцёма Такарчука:

«Мы з вялікаю заклапочанасцю назіраем за падзеямі ў Беларусі. Мы салідарныя з усімі людзьмі ў Беларусі, якія выступаюць за правы чалавека, за такія еўрапейскія каштоўнасці, як свабода і роўнасць перад законам, і з усімі, хто ў зняволенні з гэтай прычыны. Я заклікаю ўлады неадкладна вызваліць Арцёма Такарчука. За Арцёма і за палітычнае збліжэнне Беларусі з Еўропаю!»

Томас Гайльман, дэпутат Бундэстагу Нямеччыны – «хросны» Іллі Мігна:

«Ілля Мігно і многія ўдзельнікі акцыяў пратэстуюць супраць фальсіфікацыяў на выбарах, учыненых Аляксандрам Лукашэнкам. Я больш як расчараваны і не магу зразумець, які сэнс такога абыходжання з Іллём Мігном, з усімі палітычнымі зняволенымі і дэманстрантамі. Мы ўсе як заходняя супольнасць патрабуем неадкладнага вызвалення Іллі Мігна і ўсіх астатніх палітычных вязняў».

Лорд Сайман Расэл, дэпутат брытанскай Палаты лордаў і сябра дэлегацыі Вялікай Брытаніі ў Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы, – «хросны» Руслана Акосткі:

«Мець магчымасць падтрымаць Руслана Акостку – гонар для мяне. Яго асудзілі на тры гады пазбаўлення волі ў калоніі за рэалізацыю свайго права чалавека як грамадзяніна Беларусі на ўдзел у мірнай дэманстрацыі. Мера маральнага і юрыдычнага банкруцтва беларускага рэжыму – дэманстрацыя страху перад уласнымі грамадзянамі, інтарэсам якіх ён павінен служыць, замест таго каб пазбаўляць іх асноўнай свабоды выказвання меркавання, якая ёсць іхным абсалютным правам, і караць іх насуперак усім прынятым прававым нормам».

Роўзі Купэр, дэпутатка брытанскай Палаты грамадаў, – «хросная» Аляксандра Драздова:

«Аляксандра Драздова несправядліва і незаконна затрымалі ў лістападзе 2020 года за ўдзел у мірных акцыях пратэсту ў Берасці пасля фальсіфікацыяў выбараў у жніўні. Улады Беларусі сістэматычна выкарыстоўваюць затрыманні і пазбаўленне волі для запалохвання любых прыкметаў нязгоды і плюралізму ў краіне».

9 ліпеня, роўна за месяц да прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, нямецка-швейцарская праваабарончая арганізацыя «Libereco – Partnership for Human Rights» распачала кампанію салідарнасці з беларускімі палітычнымі вязнямі. Кампанія #WeStandBYyou заклікае да салідарнасці з усімі беларусамі, якія імкнуцца да свабодных і сумленных выбараў, дэмакратызацыі краіны, вяршэнства закону і павагі да правоў чалавека. Усе, хто хоча падтрымаць ахвяраў палітычнага пераследу ў Беларусі, могуць зрабіць гэта ў сацыяльных сетках з дапамогаю #WeStandBYyou.

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў