Міністр культуры Беларусі Анатоль Маркевіч выказаўся пра сёлетні няўдзел Беларусі ў «Еўрабачанні». Ён мяркуе, што «Славянскі базар» – гэта сапраўдны конкурс, а «Еўрабачанне» стала «крыху падмяняць агульначалавечыя паняцці».
Анатоль Маркевіч сказаў, што не стаў бы перажываць наконт таго, што арганізатары «Еўрабачання» пазбавілі Беларусь права ўдзелу ў конкурсе:
«Пераадолеем мы гэтыя цяжкасці, недарэчнасці, якія ўзніклі. Бо, на мой погляд, асабліва апошнімі гадамі, конкурс «Еўрабачанне» стаў крыху падмяняць агульначалавечыя паняцці».
«Сапраўдным конкурсам» Маркевіч назваў «Славянскі базар», які штогод ладзяць у Віцебску:
«Міжнародны фестываль «Славянскі базар», які кожны год дзякуючы падтрыманню кіраўніцтва дзяржавы праводзіцца ў Віцебску, – вось гэта сапраўдныя конкурсы. Вось гэта сапраўднае майстэрства, і мы ганарымся тым, што нашая краіна становіцца вось такою цудоўнаю пляцоўкай».
Раней кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі Іван Эйсмант у адказ на выключэнне заявіў, што Беларусь ужо перамагла на «Еўрабачанні».
АД, belsat.eu