Што агульнага ў Шэймана, генерала ФСБ і Тальяці? Расследаванне «Белсату»


Сын Віктара Шэймана, які нядаўна засвяціўся ў якасці дарадцы бацькі, імаверна, мае непразрысты бізнес у Расеі. Ягоны партнёр – адстаўны генерал ФСБ, блізкі да «касіра» Дзмітрыя Мядзведзева. Падрабязнасці – у расследаванні belsat.eu.

Напачатку сакавіка кіраўнік Упраўлення справамі прэзідэнта Віктар Шэйман з афіцыйным візітам наведаў Зімбабвэ. Пра візіт у Беларусі сталася вядома толькі постфактум, калі Шэйман даў справаздачу Аляксандру Лукашэнку пра заключэнне кантрактаў з афрыканскаю краінаю на суму $ 58 млн.

Віктар Шэйман

Паводле зімбабвійскага выдання «The Herald», у складзе беларускай дэлегацыі, сярод іншых, прысутнічаў сын Шэймана – Сяргей. Апошні быў прэзентаваны як дарадца («advisor») бацькі. Пра тое, што Сяргей працуе разам з бацькам, раней нічога не паведамлялася.

Сын Віктара Шэймана – асоба вельмі непублічная. Ён не мае старонкі ў сацыяльных сетках, не наведвае адкрытых прыёмаў і не дае інтэрв’ю. Таму вядома пра яго мала: як летась пісала «Наша Ніва», Сяргей Шэйман мае дыплом юрыста, пэўны час працаваў галоўным кантралёрам Камітэту эканамічнага кантролю пры Менскім аблвыканкаме, арганізоўваў канцэрты «За Беларусь!», а потым заняўся бізнесам.

Пра ягоны бізнес у Беларусі нічога не вядома. Затое чалавек з ідэнтычнымі звесткамі – Сяргей Віктаравіч Шэйман – засвяціўся ў Расеі.

Шэйман у Тальяці

У расейскім Адзіным дзяржаўным рэестры юрыдычных асобаў (ЕГРЮЛ) Сяргей Віктаравіч Шэйман фігуруе як сузаснавальнік ТАА «Теп-холдинг» у Тальяці (Самарская вобласць). У Статыстычным рэгістры РФ фірма пазначаная як мікрапрадпрыемства (колькасць працаўнікоў – менш за 15) з беларускім капіталам і маленькім устаўным фондам – RUR 40 тыс. (каля $ 640).

Выпіска з ЕГРЮЛ. Звярніце ўвагу на тое, што ў С. Шэймана не пазначаны індывідуальны нумар падаткаплацельшчыка – так бывае, калі чалавек не з’яўляецца грамадзянінам Расеі і не выплачвае там падаткаў.

«Теп-холдинг» быў створаны ў 2006 годзе. Асноўны від дзейнасці, паводле ЕГРЮЛ, – арэнда і кіраванне арандаванай нерухомасцю. Плюс 46 дадатковых відаў дзейнасці (ад брокерскіх паслуг да гандлю металамі і палівам).

Стужка навінаў