«Разумееш, якога ўзроўню мастака мы страцілі». Сорак творцаў удзельнічаюць у выставе, прысвечанай Захару Кудзіну


Гэтая навіна два гады таму прагрымела як гром: малады мастак, што хадзіў у эфектным памаранчавым плашчы, сыграў самога сябе ў фільме «Чыстае мастацтва» і толькі што напісаў мурал на сталічнай Кастрычніцкай вуліцы, скончыў жыццё самагубствам.

Трагічная падзея стала вызначальнай у разуменні таго, што значыць быць творцам у Беларусі, у розных сэнсах. Сёлета Захару Кудзіну споўнілася б трыццаць пяць гадоў. 27 сакавіка ў галерэі «Арт-Беларусь» у памяць пра Захара адкрылася выстава-амаж. Яна стала пачаткам маштабнага праекту, які цягам года пакажа творчасць мастака.

Адкрыццё выставы-амажу памяці мастака Захара Кудзіна. У гэты дзень яму споўнілася б 35 гадоў. Экспанаваныя жывапіс, графіка, фатаграфія, скульптуры, аб’екты і інсталяцыі ад больш як 40 аўтараў. Менск, Беларусь, 27 сакавіка 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

У экспазіцыі прадстаўлена каля сарака аўтараў розных узростаў, кірункаў і стыляў – тут яны выказваюцца аб тым, што адбылося з Захарам, і што ў прынцыпе адбываецца ў культуры Беларусі.

«Увесь гэты час у мастацкім полі мы пастаянна вярталіся да тэмы Захара. Я разумела, што ўсім трэба выказацца, прычым так, каб гэта выйшла за межы унутранай размовы. А шырокаму гледачу выстава дасць магчымасць паглядзець на гэтую тэму з боку, бо ў свой час было шмат дыскусіяў, меў Захар рацыю ці не, слабасць гэта ці сіла. Трэба не хавацца ад гэтых тэмаў, а абмяркоўваць іх», – кажа адна з куратарак выставы Вольга Мжэльская.

Фота: АВ / Белсат

Сярод удзельнікаў – Адам Глобус, Алесь Фалей, Таццяна Радзівілка, маладыя аўтары Вольга Сасноўская, Раман Камінскі, сястра Захара Паліна Кудзіна ды іншыя.

«Рыхтаваць выставу складана, бо разумееш, якога ўзроўню мастака мы страцілі. Захар быў вельмі адкрыты чалавек і заўсёды любіў з калегамі ды людзьмі іншых прафесіяў паразважаць пра мастацтва. Удзельнікі выставы расказваюць пра сяброўства з Захарам, кароткае з ім знаёмства альбо горыч ад таго, што гэтага знаёмства не здарылася», – працягвае Вольга.

Фота: АВ / Белсат

Мастак пакінуў пасля сябе вялікую спадчыну. Куратары, сярод якіх і Захарава маці Наталля, плануюць разабраць ягоную майстэрню і да восені падрыхтаваць вялікі выставачны праект, што мяркуе ахапіць некалькі пляцовак. У планах таксама выданне каталога з ягонымі творамі.

Фота: АВ / Белсат

Захар Кудзін займаўся жывапісам, скульптурай і музыкаю. Сваё мастацтва ён вызначаў як «нейра-арт». Гэта самы малады беларускі мастак, чый твор уваходзіць у калекцыю Нацыянальнага мастацкага музею. Яшчэ больш вядомы ён стаў праз дакументальны фільм Максіма Шведа «Чыстае мастацтва», у якім ствараў свае работы проста на вуліцы і размаўляў з мінакамі. Ён пайшоў з жыцця ў трыццаць тры гады.

Фота: АВ / Белсат

Выстава-амаж будзе працаваць да 11 красавіка.

Фота: АВ / Белсат
Фота: АВ / Белсат
Фота: АВ / Белсат
Hавiны
Прэм’ера на «Белсаце»: «Чыстае мастацтва» – прарочы фільм пра падзеі ў Беларусі
2020.09.11 09:00

Ірэна Кацяловіч belsat.eu

Стужка навінаў