Пасля Дня Волі: сцэнары для ўлады і апазіцыі

25 сакавіка ў той ці іншай ступені паказала псіхалагічны і палітычны стан грамадства і рэжыму Лукашэнкі. Нягледзячы на 7 месяцаў сістэматычнага тэрору і напалову ваеннага становішча ў краіне, унутранае супрацьстаянне працягваецца. Ні пераадолець крызіс рэпрэсіямі, ні замарозіць канфлікт у Беларусі ўлады не здолелі. Вярнуць краіну ў стан аўтарытарнай стабільнасці ўжо немагчыма.

Вядома, цяжка падрыхтаваць грамадства і накіраваць яго на рэвалюцыйныя дзеянні ва ўмовах маштабнага тэрору, асабліва калі пратэст павінен заставацца ў межах канцэпцыі мірнага, негвалтоўнага супрацьстаяння. Цяжка зламіць сітуацыю, калі гэта не было зроблена ў момант найвышэйшага рэвалюцыйнага ўздыму ў жніўні–верасні 2020 года.

Спецтэхніка для разгону масавых акцыяў на вуліцах Менску. 25 сакавіка 2021 года.
Фота: BELAPAN / Reuters / Forum

Своеасаблівым механізмам для кансалідацыі рэсурсаў і пратэставай энергіі павінна было стаць галасаванне на платформе «Голас» за перамовы. Але гэтая ініцыятыва не стала і не была кіраўніцтвам да дзеяння. Яна, хутчэй, пераарыентавала ўвагу і чаканне грамадства ў іншы бок, часткова зняўшы адказнасць з апазіцыі за адсутнасць яснай стратэгіі на 25–27 сакавіка. Агулам вынік галасавання таксама нельга разглядаць у якасці тактычнай перамогі Святланы Ціханоўскай.

У сваю чаргу ўлады накіравалі ўсе свае рэсурсы на перадухіленне новай хвалі пратэсту, усведамляючы, што пагроза рэвалюцыі, дух рэвалюцыі нікуды не знік і ў любы момант можа здабыць матэрыяльную форму.

Каб выжыць, сістэма вымушаная пастаянна зацягваць пятлю тэрору, пастаянна дэманстраваць сілу, весці рэгулярную вайну. І тут важна зразумець, што гаворка менавіта пра выжыванне сістэмы, а не пра перспектывы развіцця і стабільнага існавання. У сваю чаргу пятля тэрору азначае такі стан рэжыму, пры якім паслабленне ціску і рэпрэсіяў немінуча азначае палітычную актывізацыю грамадства і разбурэнне рэжыму. Тэрарызую – значыць, існую. Разам з тым функцыянаванне дзяржавы ў такіх экстрэмальных умовах, калі любы дзень календара можа стаць свайго роду 25 сакавіка, калі ўсе інстытуты служаць толькі мэтам здушэння, вычэрпвае рэсурсы і падрывае сістэму.

Пратэст на плошчы Незалежнасці. 26 жніўня 2020 года.
Фота: Света Фар / Belsat.eu

Тэрор так ці інакш выклікае абурэнне, пашырае прастору супраціву, бо такая палітыка эфектыўная толькі збольшага, яна фізічна не знішчае грамадства, а толькі яго заціскае, захоўваючы настроі і ўнутраны патэнцыял рэвалюцыйнага выбуху. У Беларусі не можа быць рэалізаваны сталінскі прынцып «няма чалавека – няма праблемы». Чалавек з ягонымі настроямі і актыўнасцю нават у турме ёсць раздражняльнікам для сістэмы, чыннікам, які дэстабілізуе. Адпаведна, атмасферу тэрору неабходна падтрымліваць пастаянна, як і ажыццяўляць апаратныя чысткі.

Цяперашнюю фазу палітычнага супрацьстаяння ў Беларусі можна ахарактарызаваць як інстытуцыянальнае. З аднаго боку, маем інстытуты тэрору, якія руйнуюць краіну, з другога – палітычныя ініцыятывы новай Беларусі, якія сфармаваліся ўлетку і ўвосень 2020 года. Развіццё незалежных сацыяльна-палітычных інстытутаў, пашырэнне іх аўтарытэту і ўплыву як унутры краіны, так і за мяжою – гэта адзіны сродак далейшай эфектыўнай барацьбы з рэжымам тэрору. Цяпер цалкам зразумела, што для падрыву рэжыму Лукашэнкі простай вулічнай актыўнасці недастаткова, хоць гэтая актыўнасць важная і патрэбная, тым не менш, толькі фармаванне рэальных протадзяржаўных грамадзянскіх інстытутаў новай Беларусі будзе спрыяць канчатковаму падрыву аўтарытарнай сістэмы і захаванню патэнцыялу пераменаў.

Павел Усаў/АА belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў