Паліна Шарэнда-Панасюк: У берасцейскім СІЗА № 7 катуюць вязняў


Паліна Шарэнда-Панасюк падчас пратэстаў супраць дэкрэту № 3 у Берасці.
Фота: Белсат

Берасцейка Паліна Шарэнда-Панасюк у часе перабывання ў СІЗА № 7 змагла перадаць на волю ліст, у якім заявіла пра катаванні ў гэтай установе.

Спадарыня піша, што 10 верасня мінулага года выйшаў дадатак № 1 да загаду № 55 начальніка СІЗА № 7 Берасця. Згодна з пунктам 31.2, устанаўліваецца парадак дня, паводле якога зняволеных абавязваюць заставацца ў сядзячым становішчы з 6:00 да 22:00, фактычна 16 гадзінаў, а за спробы прылегчы пагражаюць карцарам.

– Агульнавядома, што сядзячы лад жыцця – фактар, які негатыўна ўплывае на здароўе. Нават у здаровых зняволеных ужо праз некалькі дзён з’яўляюцца праблемы са страўнікам, болі хрыбетніка, пачынае скакаць ціск. Медычную дапамогу ў гэтых выпадках у СІЗА ў поўнай меры не аказваюць, лечаць сімптаматычна, – піша Шарэнда-Панасюк.

Паводле зняволенай, у ізалятары фактычна стоадсоткавае вугляводнае харчаванне. Напрыклад, гародніна ў рацыёне прысутнічала ў дваццатых днях студзеня. Пры тым, што ў лісце Паліна паставіла дату 24 лютага.

– Лічу, што пункт 31.2 наўпрост нясе пагрозу фізічнаму і псіхічнаму здароўю зняволеных у СІЗА № 7 і па сутнасці зʼяўляецца ўзаконеным катаваннем, – заяўляе Паліна Шарэнда-Панасюк у сваім лісце.

Актывістку затрымалі ва ўласнай кватэры 3 студзеня. Супраць яе завялі крымінальную справу паводле арт. 364 («Гвалт або пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні працаўніка органаў унутраных справаў»). Жанчыну ўтрымліваюць пад вартай амаль тры месяцы, цяпер яна ў карцары менскага СІЗА № 1. Гэтае пакаранне скончыцца толькі 2 красавіка, пасля чаго Паліну Шарэнду-Панасюк, імаверна, зноў этапуюць у СІЗА № 7 у Берасце.

Маці дваіх няпоўнагадовых дзяцей да сёння не прызналі палітзняволенаю.

AC belsat.eu

Стужка навінаў