Вайна ва Украіне. Падсумоўваем падзеі пятага дня


«Белсат» падводзіць вынікі пятага дня поўнамаштабнай вайны, якую распачала Расея ва Украіне. Пра галоўныя падзеі панядзелка, 28 лютага, чытайце ў нашым аглядзе.

Бомбасховішача ў Львове, Украіна.
Фота: Белсат

Ва Украіне

Сітуацыя ў Кіеве застаецца пад кантролем УСУ. Увечары ў горадзе прагучалі два магутныя выбухі.

  • Дарадца прэзідэнта Украіны Антон Герашчанка напісаў, што ў выніку абстрэлу Харкава загінулі дзясяткі людзей, а параненыя – сотні. Гаворка ідзе менавіта пра мірных грамадзянаў. Горад працягваюць абстрэльваць.
  • З «Градаў» былі абстраляныя сёлы ў ваколіцах Чарнігава. Найбольш пацярпелі сёлы Кыінка і Паўлаўка. Мясцовыя жыхары паведамляюць пра зруйнаванне дзясяткаў будынкаў. Пад заваламі могуць знаходзіцца людзі.
  • Мэр Марыупалю Вадзім Бойчанка паведаміў пра знішчэнне расейскага самалёта, які ўчора бамбіў пасёлак Сартана і адзін з раёнаў Марыупалю. У самім горадзе ідуць баі з ужываннем цяжкай зброі.
  • Уладзімір Зяленскі падпісаў заяву Украіны на ўступ у Еўразвяз. Старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен заявіла, што аб’яднаная Еўропа хоча бачыць Украіну ў сваім саюзе.
  • ВМС Украіны паведаміла, што вайскоўцы з востраву Змяіны жывыя і знаходзяцца ў палоне.
  • Падчас наступу расейскіх войскаў, у пасёлку Іванкоў згарэў гісторыка-краязнаўчы музей, дзе захоўваліся каля 25 работ вядомай украінскай мастачкі Марыі Прымачэнка.
  • «ДНР» прыпыніла ўсеагульную мабілізацыю. Кіраўнік самаабвешчанай рэспублікі Дзяніс Пушылін патлумачыў гэта тым, што «ужо запоўнена неабходная колькасць тых напрамкаў, на якія і была нацэлена мабілізацыйная кампанія».

Расейцы заявілі пра захоп Запарожскай АЭС. «Энергаатам» абвяргае гэта і гаворыць, што ЗАЭС знаходзіцца пад поўным кантролем Украіны ды стабільна працуе, забяспечваючы краіну электраэнергіяй.

У Расеі

У адказ на закрыццё палётаў над Еўропай Расея закрывае сваё неба для Еўропы. «Расавіяцыя» апублікавала поўны спіс дзяржаў, для якіх было закрытае неба краіны: Аўстрыя, Албанія, Ангілья (заморская тэрыторыя Брытаніі), Бельгія, Балгарыя, Брытанскія Віргінскія выспы, Вялікая Брытанія, Венгрыя, Германія, Гібралтар, Грэцыя, Данія + Грэнландыя + Фарэрскія выспы + тэрытарыяльнае мора, Джэрсі, Ірландыя, Ісландыя, Іспанія, Італія, Канада, Кіпр, Латвія, Літва, Люксембург, Мальта, Нідэрланды, Нарвегія, Польшча, Партугалія, Румынія, Славакія, Славенія, Фінляндыя, Францыя, Харватыя, Чэшская Рэспубліка, Швецыя, Эстонія.

Хакеры Anonymous заявілі, што 3 сакавіка з банкаўскіх картак расейцаў спішуцца іхныя сродкі і будуць пералічаныя Узброеным сілам Украіны. Хакеры патлумачылі свой намер тым, што расейцы не выходзяць на акцыі пратэсту супраць вайны і не абараняюць свае правы, што ў сваю чаргу азначае падтрымку Пуціна.

У Беларусі

На тэрыторыі нашай краіны прайшлі перамовы паміж дэлегацыямі Украіны і Расеі. Дэлегацыі дзвюх краінаў цяпер вяртаюцца для кансультацый у свае сталіцы. Заяўлена, што наступная сустрэча адбудзецца на беларуска-польскай мяжы ў найбліжэйшыя дні.

  • Пазней стала вядома, што падчас тэлефонных перамоваў Уладзімір Пуцін заявіў прэзідэнту Францыі Эмануэлю Макрону, што ўрэгуляванне канфлікту ва Украіне магчыма пры трох умовах: прызнанне расейскага суверэнітэту над Крымам, дэмілітарызацыя і дэнацыфікацыя Украіны, а таксама забеспячэнне нейтральнага статусу Украінскай дзяржавы.
  • У гэты ж час Міністэрства абароны Беларусі паведаміла аб правядзенні заняткаў, накіраваных на падрыхтоўку тэрытарыяльных войскаў, з 1 па 4 сакавіка. Перш за ўсё правераць наяўнасць і ўмовы захоўвання мабілізацыйных рэсурсаў і правядуць зборы ваеннаабавязаных.
  • Быў узламаныя сайты беларускіх ведамстваў (Міністэрства сувязі ды інфарматызацыі, Міністэрства абароны, Дзяржаўнага вайскова-прамысловага камітэту).

У свеце

Губернатар штата Нью-Ёрк Кэці Хачул падпісала ўказ, які забараняе свайму штату весці бізнес з РФ, даручыла выключыць з краіны інвестыцыі, а таксама прыняць бежанцаў з Украіны.

Кіпр зачыніў авіязносіны з Расеяй.

Вялікая Брытанія вырашыла перадаць Украіне дадатковыя 40 мільёнаў фунтаў стэрлінгаў. Гэтыя грошы будуць накіраваныя на медычныя матэрыялы для ўкраінцаў.

Данецк, Украіна. 28 лютага 2022 года.
Фота: Stringer / Белсат

Аўстралія ўводзіць фінансавыя санкцыі і забароны на паездкі ў дачыненні да расейскіх і беларускіх чыноўнікаў.

Мэр Вільні Рэмігіюс Шымашус заявіў, што сталіца Літвы спыняе супрацу з былымі гарадамі-партнёрамі з Беларусі і Расеі.

Прэзідэнт Бразіліі Жаір Болсанару заявіў, што ягоная краіна «зойме нейтральную пазіцыю ў расейска-ўкраінскім канфлікце».

ВК, Belsat

Стужка навінаў