У чым абвінавацілі «нашаніўцаў», якіх паўгода трымаюць за кратамі і могуць пасадзіць на 5 гадоў


Паводле абвінавачвання, «нашаніўцы» няправільна плацілі камуналку: не як юрыдычныя, а як фізічныя асобы.

Ягор Марціновіч у судзе. Здымак: сацыяльные сеткі

У судзе Заводскага раёну Менску 28 лютага пачалі судзіць галоўнага рэдактара «Нашай нівы» Ягора Марціновіча і кіраўніка аддзелу маркетынгу і рэкламы Андрэя Скурко. На паседжанне пусцілі 12 чалавек, палова з якіх была сілавікамі. На суд трапілі замежныя дыпламаты.

Марціновіч і Скурко былі затрыманыя 8 ліпеня 2021 года, паўгода знаходзіліся ў няволі, прызнаныя палітычнымі зняволенымі. У той жа дзень затрымалі Андрэя Дынько, галоўнага рэдактара часопісу «Наша гісторыя», звязанага з «Нашай нівай», але яго вызвалілі 21 ліпеня пад падпіску аб яўцы.

Hавiны
«Нашу ніву» прызналі экстрэмісцкім фармаваннем
2022.01.27 11:51

Як абвясцілі на судзе, Андрэя Скурко «дзейнічаў паводле папярэдняй змовы з групай асобаў», Ягорам Марціновічам і Андрэем Дынько (апошняга на паседжанні не было).

«З карыслівых памкненняў, меўшы задуму на нанясенне маёмаснай шкоды без прыкметаў крадзяжу» з траўня 2017 года па чэрвень 2021 года «ў парушэнне дэкларацыі на ўзровень тарыфаў», «правілаў энергазабеспячэння» і «інструкцыі ў вызначэнні групы спажыўцоў электрычнай і цеплавой энергіі» (і доўгім пералікам іншых інструкцыяў, правілаў і пастановаў) Скурко плаціў за камунальныя паслугі як за кватэру, паводле субсідыяваных тарыфаў, а не як за офіснае памяшканне рэдакцыі, з «поўнай кампенсацыяй выдаткаў». Памяшканне ў нежылыя не было пераведзенае.

Скурко, кажа абвінавачванне, «увёў у зман упаўнаважаных асобаў шляхам наўмыснага непрадстаўлення звестак аб мэтах выкарыстання жылога памяшкання і тарыфнай групы спажыўца» – сваёй кватэры ў Менску. Шкоду налічылі «Менскэнерга» на 9866,20 рубля, «Менскводаканалу» – на 250,70 рубля. Гэта перавысіла 348 базавых велічыняў – таму «злачынства» было «ў буйным памеры». Гэта ч.2 арт. 216 КК РБ: «Нанясенне маёмаснай шкоды праз здабыццё маёмасных выгодаў без прыкметаў крадзяжу, учыненае групай асобаў паводле папярэдняй змовы ў буйным памеры».

Суда Завадскога раёну.
Фота: ІА / Белсат

Пры тым спачатку Скурко, Марціновіча і Дынько затрымлівалі паводле арт. 342 КК («Арганізацыя ці ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»).

Марціновіч, паводле абвінавачвання, ведаў пра незаконнасць выкарыстання жылога памяшкання ў якасці офіснага і пра няправільны выбар тарыфаў, але ўвёў у зман «Менскэнерга» і ТУ «Парус Сіці». Яму выставілі тую ж ч.2 арт. 216 КК РБ.

Артыкулы
«Першы быў смехатворны, другі – яшчэ больш смехатворны». Андрэй Дынько пракаментаваў выстаўленыя абвінавачанні
2021.07.24 18:07

Андрэй Скурко і Ягор Марціновіч сказалі, што абвінавачванне ім зразумелае, але выказацца пра яго яны вырашылі ў канцы судовага суду.

Прадстаўнік «Водаканалу», які неразборліва назваў сваё імя і пасаду (імаверна, Юрый Васілёў) расказаў, што ў «Менскводаканал» паступілі звесткі з менскага Следчага камітэту пра тое, што «нашаніўцы» выкарыстоўвалі жылое памяшканне для прадпрымальніцкай дзейнасці. Недаплату папрасілі сплаціць праз УСК па Менску, маёмасных прэтэнзіяў «Менскводаканал» цяпер не мае. Пацвердзіць сапраўднасць лічбаў у позве і адказаць на пытанні пра неадпаведнасці ў лічбах. Таксама ён не ведаў, як часта правяралі лічыльнікі ў офісе-кватэры і ці наогул правяраў (нават калі заяўлялі за месяц нулявое спажыванне вады).

Паседжанне цягнулася менш за гадзіну, прадстаўніка «Водаканалу» выправілі ўдакладніць адказы на пытанні, якіх ён не ведаў. Суд папярэдзіў Скурко і Марціновіча аб парушэнні – размовах між сабой. Наступнае запланаванае на 11-ю раніцы серады.

belsat.eu

Стужка навінаў