Першы раўнд украінска-расейскіх перамоваў на Прыпяці скончыўся. Якія вынікі?


Перамовы паміж прадстаўнікамі Украіны і Расеі, якія адбыліся на ўкраінска-беларускай мяжы, працягваліся шэсць гадзінаў. Бакі дамовіліся пра наступны раўнд перамоваў.

Дарадца кіраўніка Офісу прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк паведаміў, што бакі вызначылі шэраг прыярытэтных тэмаў, у якіх азначаныя пэўныя рашэнні.

«Украінская і расейская дэлегацыі правялі сёння першы раўнд перамоваў, асноўнай мэтай якіх было абмеркаванне пытання спынення агню на тэрыторыі Украіны і баявых дзеянняў. Бакі вызначылі шэраг прыярытэтных тэмаў, па якіх азначаныя пэўныя рашэнні» – паведаміў Падаляк.

«Дзеля таго, каб гэтыя рашэнні атрымалі нейкія магчымасці імплементацыі і лагістычныя рашэнні, бакі з’язджаюць у свае сталіцы. І бакі абмеркавалі магчымасць правядзення ў бліжэйшы час другога раўнду перамоваў, на якіх гэтыя тэмы атрымаюць канкрэтную тактыку развіцця», – дадаў Міхаіл Падаляк.

У складзе дэлегацыі Украіны былі кіраўнік фракцыі «Слуга народу» Давід Арахамія, міністр абароны Украіны Аляксей Рэзнікаў, кіраўнік дэлегацыі Украіны ў кантактавай групе па Данбасе Андрэй Косцін, нардэп Рустэм Умераў і намеснік міністра замежных справаў Украіны Мікалай Тачыцкі.

Расейскую дэлегацыю ўзначальваў памочнік Пуціна Уладзімір Мядзінскі.

ЗК belsat.eu

Стужка навінаў