«Маленькі шанец». Што трэба ведаць пра перамовы ля Прыпяці


28 лютага ў Гомельскай вобласці ў раёне ракі Прыпяць прайшлі перамовы дэлегацыяў Расеі і Украіны аб спыненні баявых дзеянняў. Прарыву перамовы не прынеслі, пра мір дамовіцца не ўдалося. Belsat.eu распавядае, што папярэднічала сустрэчы і якую ролю адыграў Аляксандр Лукашэнка.

Украінска-расейскія перамовы на тэрыторыі Беларусі. 28 лютага 2022 года.
Фота: Сяргей Халадзілін / TASS / Forum

Ініцыятыва з перамовамі ў Гомлі

Днём 27 лютага прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў заявіў, што ў Гомель для перамоваў з украінскім бокам прыбыла дэлегацыя з Расеі. Аляксандр Лукашэнка, у сваю чаргу, распавёў, што пляцоўка ў Гомлі была падрыхтаваная за адну ноч, і для перамоваў там усё гатова. Адначасова кіраўнік дэлегацыі РФ Уладзімір Мядзінскі сказаў, што сустрэцца ў Гомлі нібыта было ініцыятывай якраз украінскага кіраўніцтва, і расейскі бок будзе чакаць да 15:00.

Раней ніхто пра дамоўленасці правесці сустрэчы ў Гомлі не заяўляў. Выглядала на тое, што расейскі бок паставіў Украіну перад фактам: яны прыехалі і чакаюць перамоваў, а калі ўкраінцы адмовяцца, то будуць вінаватыя ў зрыве мірнай ініцыятывы. Але насамрэч ніякай дамоўленасці проста не было. Расея наўмысна выставіла абсалютна непрымальныя ўмовы і прапанавала маніпуляцыйны фармат.

Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі 27 лютага адназначна заявіў, што перамовы могуць праводзіцца толькі ў той краіне, з тэрыторыі якой не ляцяць ракеты ў бок Украіны.

«Не Менск. Пляцоўкай можа быць іншае месца для сустрэчы… Варшава, Браціслава, Будапэшт, Стамбул, Баку – гэта мы прапанавалі расейскаму боку», – адзначыў ён.

Прэс-сакратар прэзідэнта Украіны Юрый Нікіфараў потым удакладніў, што Гомель у якасці патэнцыйнага месца для перамоваў сапраўды абмяркоўваўся, але Масква выставіла непрымальныя ўмовы: каб украінскія вайскоўцы спачатку склалі зброю. «Таму іх сённяшнія заявы і рашэнні, нягледзячы ні на што, дэманстратыўна ехаць у Гомель – ёсць толькі інфармацыйным ціскам і спробай перакласці адказнасць за зрыў на Украіну», – падкрэсліў ён.

Hавiны
Аналітык: «Ініцыятыва з перамовамі ў Гомлі – гэта прапагандысцкі трук Крамля»
2022.02.27 14:14

Званок Зяленскага і новае месца

Каля трэцяй гадзіны дня стала вядома, што адбыліся тэлефонныя перамовы Уладзіміра Зяленскага і Аляксандра Лукашэнкі. Яны дамовіліся, што сустрэча расейскай і ўкраінскай дэлегацыяў усё ж адбудзецца, але не ў Гомлі, а на беларуска-ўкраінскай мяжы каля ракі Прыпяць. Ніякіх папярэдніх умоваў бакі пры гэтым не выстаўлялі. Лукашэнка таксама паабяцаў, што на час праезду і перамоваў усе самалёты, верталёты і ракеты, размешчаныя на беларускай тэрыторыі, застануцца на зямлі.

Пра тэлефонную размову Лукашэнкі і Зяленскага стала вядома ў той момант, калі ў сеціве пачала актыўна пашырацца інфармацыя, што беларуская армія неўзабаве далучыцца да расейскай агрэсіі супраць Украіны. Украінскі Цэнтр абаронных стратэгіяў днём 27 лютага паведаміў, што бліжэйшымі гадзінамі Лукашэнка прыме рашэнне аб удзеле беларускага войска ў вайне. У інтэрнэце з’явілася інфармацыя, што 38-я асобная гвардзейская дэсантна-штурмавая брыгада ўжо грузіцца ў самалёты для адпраўкі ва Украіну. Згадвалася таксама 103-я віцебская паветрана-дэсантная брыгада, 5-я брыгада спецназу з Мар’інай Горкі і менская вайсковая частка 5448. Мінабароны Беларусі, у сваю чаргу, паспешна стала зняпраўджваць звесткі пра ўдзел беларусаў у вайне супраць Украіны.

Міністр замежных справаў Беларусі Уладзімір Макей падчас украінска-расейскіх перамоваў на тэрыторыі Беларусі. 28 лютага 2022 года.
Фота: Сяргей Халадзілін / TASS / Forum

Звяртае на сябе ўвагу тое, што ініцыятарам размовы быў якраз Лукашэнка, а не Зяленскі. Гэта менавіта ён прапанаваў сустрэчу ля Прыпяці, хаця ў той момант расейская дэлегацыя на чале з памочнікам Пуціна Уладзімірам Мядзінскім ужо збіралася пакідаць Беларусь. Гэтая ініцыятыўнасць зусім не выпадковая. Лукашэнка з першага дня вайны пачаў прапаноўваць зноў стварыць у Беларусі перамоўную пляцоўку (як у 2014 годзе), каб спыніць вайну. Падобна, што ён усяляк хоча адмежавацца ад статусу агрэсара, хаця гэтыя спробы выглядаюць безнадзейна, бо Лукашэнка працягвае цалкам падтрымліваць расейскае ўварванне. 27 лютага ён упершыню адкрыта пацвердзіў, што з тэрыторыі Беларусі наносіліся ракетныя ўдары па Украіне.

«Я не хачу, каб ракеты, самалёты, верталёты ляцелі ва Украіну з Беларусі. Я не хачу, каб ішлі войскі ва Украіну з Беларусі. І ён (Лукашэнка. – Заўв. belsat.eu) мяне запэўніў у гэтым», – заявіў на вечаровым брыфінгу Зяленскі, распавядаючы пра сваю размову з Лукашэнкам.

Літаральна праз 20 хвілінаў пасля гэтай заявы Зяленскага з-пад Мазыра расейскія ракетныя комплексы «Іскандэр» нанеслі ўдар па Жытоміры. Такім чынам, Лукашэнка парушыў свае абяцанні, пра якія раней паведаміла ў тым ліку ягоная прэс-служба.

Расейскі шантаж, украінская рашучасць

Зяленскі адразу заявіў, што не мае спадзеваў на гэтыя перамовы:

«Скажу шчыра, як заўсёды, я не вельмі веру ў вынік гэтай сустрэчы. Але няхай паспрабуюць. Каб потым ні ў аднаго грамадзяніна Украіны не было ні найменшага сумневу, што я як прэзідэнт не спрабаваў спыніць вайну, калі быў няхай і маленькі, але ўсё ж шанец».

Прыкладна праз паўтары гадзіны пасля размовы Зяленскага і Лукашэнкі Уладзімір Пуцін аддаў загад прывесці расейскія сілы стрымлівання ў асаблівы рэжым баявога дзяжурства праз «агрэсіўныя выказванні на Захадзе» і ўведзеныя санкцыі. У стратэгічныя сілы стрымлівання ўваходзіць, сярод іншага, ядравая зброя. Такім чынам, Пуцін пайшоў на адкрыты ядравы шантаж якраз на фоне рыхтавання мірных перамоваў.

Але афіцыйны Кіеў падыходзіў да перамоваў з вельмі рашучым настроем. У Офісе Зяленскага адзначылі, што іх чакае «жорсткая дыпламатычная бітва», а галоўнае патрабаванне Украіны – спыненне агню і вывад войскаў. Чалец дэлегацыі, старшыня фракцыі «Слуга народу» Давід Арахамія сфармуляваў падыходы больш жорстка:

«Перамовы пойдуць або ў патрэбным кірунку, або як расейскі вайсковы карабель».

Дэпутат Дзяржаўнай думы Расеі Леанід Слуцкі і дарадца прэзідэнта Расеі Уладзімір Мядзінскі падчас украінска-расейскіх перамоваў на тэрыторыі Беларусі. 28 лютага 2022 года.
Фота: Аляксандр Кражаў / TASS / Forum

Акрамя Арахаміі ў дэлегацыю ўвайшлі міністр абароны Аляксей Рэзнікаў, дарадца кіраўніка Офісу прэзідэнта Міхаіл Падаляк і яшчэ некалькі дэпутатаў і дыпламатаў. У расейскую дэлегацыю, сярод іншых, уваходзілі амбасадар РФ у Беларусі Барыс Грызлоў і намеснік кіраўніка МЗС РФ Андрэй Рудэнка.

Чакалася, што перамовы адбудуцца яшчэ ўвечары 27 лютага, але ў выніку яны былі перанесеныя на 28 лютага. Звязана гэта з тым, што шлях украінскай дэлегацыі да мяжы аказаўся больш працяглым. Падобна, паляцелі да Прыпяці, зрабіўшы вялікі крук праз тэрыторыю Польшчы, – выглядае, даверу да гарантыяў бяспекі, якія даў Лукашэнка, не было.

Раніцай 28 лютага МЗС Беларусі апублікавала здымкі залы, дзе мусяць адбыцца перамовы. Як высветлілася, яна хоць і месціцца недалёка ад мяжы, але ўсё ж на тэрыторыі Беларусі – то бок гаворкі пра нейтральную паласу няма. Такім чынам Беларусь усё ж стала пляцоўкай для гэтых перамоваў, чым непазбежна скарыстаецца ў сваіх мэтах лукашэнкаўская прапаганда.

Ужо днём 28 лютага медыі паведамілі, што да перамоваў нібыта далучыўся расейскі алігарх, уладальнік футбольнага клубу «Чэлсі» Раман Абрамовіч. Паводле «Jerusalem Post», ён прыехаў у Беларусь на просьбу ўкраінскага боку. Гэтую інфармацыю пацвердзіў прэс-сакратар Абрамовіча. Праўда, якую ролю выконваў Абрамовіч, незразумела. За сталом перамоваў алігарх не з’яўляўся.

Вынікі

Перамовы цягнуліся больш за пяць гадзінаў і скончыліся а 19-й паводле менскага часу. Было абвешчана, што бакі «вызначылі шэраг прыярытэтных тэмаў, у якіх акрэсліліся пэўныя рашэнні», але цяпер дэлегацыі вяртаюцца ў свае сталіцы дзеля кансультацыяў.

«Бакі абмеркавалі магчымасць бліжэйшым часам правесці другі раўнд перамоваў, падчас якога гэтыя тэмы атрымаюць канкрэтнае развіццё», – заявіў дарадца кіраўніка Офісу прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк журналістам.

Гэтыя фармулёўкі азначаюць, што фактычна бакі 28 лютага ні пра што не дамовіліся і дамовіцца не маглі. Яны проста агучылі свае пазіцыі і цяпер данясуць тое, што пачулі, да свайго найвышэйшага кіраўніцтва.

Мядзінскі заявіў, што наступны раўнд перамоваў адбудзецца праз пару дзён, але ўжо не ля Прыпяці, а на беларуска-польскай мяжы.

Насамрэч зусім не факт, што такі фармат сустрэчаў атрымае працяг, бо пакуль нішто не ўказвае на яго эфектыўнасць. Але нават калі бакі цяпер не маюць вялікіх спадзеваў на поспех сустрэчаў, для іх можа быць карысна зноў сесці за стол перамоваў – або ў прапагандысцкіх мэтах, або каб проста выйграць час.

Дарэчы, паводле інфармацыі Андрэя Стрыжака, менавіта праз расейска-ўкраінскія перамовы было адкладзенае ўступленне беларускай арміі ў вайну. Адкладзенае, але не выключанае: такая пагроза захоўваецца, падкрэслівае ён.

РР belsat.eu

Стужка навінаў