Лукашэнка паскардзіўся Зяленскаму, што яго змушаюць уступіць у вайну


Пра гэта ў эфіры «Белсату» распавёў украінскі дэпутат Аляксей Ганчарэнка.

Украінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі нядаўна размаўляў з Аляксандрам Лукашэнкам пра абстрэл Украіны з тэрыторыі Беларусі і падкрэсліў: калі беларускія войскі пойдуць супраць Украіны, гэта будзе вайна, якая вельмі дрэнна закончыцца для самога рэжыму Лукашэнкі.

«Пасля гэтага Лукашэнка яму (Уладзіміру Зяленскаму. – Рэд.) званіў і сказаў: на мяне ціснуць, хочуць, каб я ўступіў у вайну. Вось яны прыязджаюць, давайце пачнем хоць нейкія перамовы. І дамовіліся фактычна на памежным пункце гэтыя перамовы правесці», – расказаў дэпутат Вярхоўнай Рады Украіны Аляксей Ганчарэнка.

Спадар Ганчарэнка заўважыў, што спачатку расейскі бок выстаўляў свае ўмовы, патрабаваў змяніць кіраўніцтва Украіны, потым скласці зброю, а цяпер згадзіўся на перамовы фактычна без ніякіх умоваў. Украінскі палітык лічыць, што так адбылося праз адсутнасць у расейскага боку ваеннага поспеху ва Украіне і рэзкі абвал расейскага рубля пасля ўведзеных Захадам санкцыяў.

«Расею і Беларусь чакае поўны эканамічны калапс, – сказаў дэпутат Вярхоўнай Рады. – Я думаю, што тады нават людзі, якія казалі, што яны па-за палітыкай, адчыняць халадзільнікі, а там пуста зусім будзе, вось тады, я думаю, і перамовы пойдуць з пуцінскім рэжымам нашмат весялей, бо ён пахіліцца. Я лічу, што ўся гэтая гісторыя – гэта канец рэжыму Пуціна, ну і, канечне, рэжыму Лукашэнкі, бо гэта прыём такі: малодшы партнёр, малодшы марыянетачны рэжым. Гэта канец. Я не ведаю, колькі ім засталося, але ёсць падазрэнні, што вельмі нядоўга».

Украінскі дэпутат прывёў прыклад Савецкага Саюзу, у часы якога шмат каму здавалася, што гэтая краіна будзе трываць доўга, але распалася раптоўна цягам некалькіх дзён. «Калі справа дайшла да хуткага развіцця падзеяў, то высветлілася, што гэта цалкам прагніло, і за дні ўсё гэта распалася. Я думаю, што тут будзе вельмі падобна», – адзначыў Аляксей Ганчарэнка.

Дэпутат пацвердзіў, што дакументы, пададзеныя ў Міжнародны суд ААН пра факты расейскай агрэсіі адносна Украіны, будуць закранаць таксама і рэжым Аляксандра Лукашэнкі. «Вельмі б хацелася пабачыць Лукашэнку на лаве падсудных», – падкрэсліў дэпутат.

На сёння, 28-га лютага, на беларуска-ўкраінскай мяжы запланаваныя перамовы Украіны і Расеі пра спыненне агню.

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў