Эканоміка вайны. Расея страціла амаль трыльён долараў за 4 дні агрэсіі супраць Украіны


Як лічыць вядомы беларускі эканаміст Яраслаў Раманчук, гэта толькі пачатак.

Эксперт нагадвае, што па выніках 2021 года валавы ўнутраны прадукт (ВУП) Расеі склаў 1,77 трыльёна долараў.

Санкт-Пецярбург, Расея. 28 лютага 2022 года.
Фота: Антон Ваганаў / Reuters / Forum

За чатыры дні вайны расейцы страцілі не толькі сваіх жаўнераў і сотні мільёнаў долараў у выглядзе знішчанай вайсковай тэхнікі.

Яраслаў Раманчук адзначае, што на дзень 27 лютага гэтага года ВУП Расеі скараціўся да 855 мільярдаў долараў. Такім чынам, паводле падлікаў эканаміста, агрэсія супраць Украіны каштавала Расеі стратай 915 мільярдаў долараў.

«Не прайшло і тыдня вайны, як агрэсар страціў ужо амаль трыльён долараў. А калі ўлічыць радыкальнае змяншэнне кошту актываў, нерухомасці, зямлі, ашчаджэнняў, рэзкае пагаршэнне доступу да крэдытнага рынку і плацежнай сістэмы, то страты Расеі складуць больш за тры трыльёна долараў», – прагназуе эканаміст.

Фота: Белсат

Паводле падлікаў Раманчука, летась на кожнага расейца ў сярэднім было 12 тысяч долараў у ВУП. За чатыры дні вайны гэты паказнік скараціўся да 5850 долараў.

Hавiны
Эканаміст Сяргей Чалы: У панядзелак у Расеі будзе паніка і набегі на банкі
2022.02.27 23:19

Такім чынам, страты на кожнага расейца склалі 6150 долараў.

І гэта яшчэ не мяжа эканамічных стратаў расейцаў. Афіцыйны курс складае 84 расейскіх рублі за долар. Але на адкрытых валютных пляцоўках ужо прапаноўваюць 153 расейскіх рублі за долар.

Атрымліваецца, што Пуцін у нейкім сэнсе распачаў вайну не толькі супраць Украіны, але і супраць дабрабыту уласнага народу.

«Для звычайнага расейца не будзе валюты. Ён не зможа выехаць за мяжу. Не будзе мець магчымасці набыць якасныя спажывецкія тавары. Будзе амаль як у Паўночнай Карэі», – прагназуе Яраслаў Раманчук.

Стужка навінаў