Што новага будзе ў Беларусі з 1 сакавіка


Вясна дакладна прынясе перамены ў жыццё беларусаў. Большасць з іх не палегчыць нашага жыцця, хаця наведаць Грузію будзе прасцей.

Заканадаўства: Новы КаАП

Уводзяць новы для Беларусі від пакарання – грамадскія працы (8–60 гадзінаў). Пры гэтым яны могуць прызначацца толькі пры згодзе чалавека і не больш за 4 гадзіны за дзень.

Агульны тэрмін адміністратыўнага арышту застаўся без зменаў – да 15 содняў. Але за правапарушэнні, прадугледжаныя арт. 24.23 КаАП, і толькі за гэтае правапарушэнне, учыненае паўторна (гаворка пра парадак правядзення масавых мерапрыемстваў, цяперашні артыкул 23.34, які лічыцца самым небяспечным у Адміністратыўным кодэксе) пакаранне – да 30 дзён арышту.

На ўваходзе ў будынак суда.
Фота: Белсат

Раней за ўдзел у незаконнай масавай акцыі можна было атрымаць папярэджанне, цяпер такая захада з артыкулу выключаная. Максімальны памер штрафу павялічылі з 30 да 100 базавых велічыняў. Супраць удзельніка акцыі, якога судзілі паводле адміністратыўнай справы, змогуць распачаць і крымінальную. Пры прыцягненні паводле гэтага артыкулу паўторна змогуць аштрафаваць на суму да 200 базавых велічыняў.

Значна ўзмацнілі адказнасць за непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ёй службовых паўнамоцтваў. Гэтак, за непадпарадкаванне міліцыянту штраф павялічылі з 50 да 100 базавых велічыняў, таксама прадугледжваецца пакаранне ў выглядзе грамадскіх працаў.

Увялі адказнасць за абразу службовай асобы ў інтэрнэце: за гэта могуць пакараць штрафам да 200 базавых велічыняў, грамадскімі працамі, адміністратыўным арыштам. Раней за гэта прадугледжвалі толькі штраф да 50 базавых велічыняў.

Істотна змянілі пакаранне за парушэнне заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі (арт. 23.5 КаАП). Уладальнік інтэрнэт-рэсурсу, не зарэгістраванага ў якасці сеткавага выдання, будзе несці адказнасць за размяшчэнне інфармацыі, распаўсюд якой забараняюць заканадаўчыя акты (да прыкладу, з тэлеграм-каналу, прызнанага экстрэмісцкім). Увялі адказнасць за атрыманне замежнай дапамогі для фінансавання сродкаў масавай інфармацыі аж да канфіскацыі атрыманых сродкаў.

Па праспекце Незалежнасці ездзяць машыны з дзяржаўнымі сцягамі. Некаторыя з іх без нумароў або з залепленымі. Менск, Беларусь. 20 жніўня, 2020 г. Фото: Света Фар / Vot-tak.tv / Belsat.eu

Правілы дарожнага руху

Пашырыўся спіс парушэнняў, якія будуць рэгістравацца камерамі аўтаматычнай фотафіксацыі. Цяпер гэта не толькі перавышэнне хуткасці, але і адсутнасць тэхнічнага агляду і страхоўкі. Інспектары змогуць рабіць вуснае папярэджанне за непрышпільванне пасам бяспекі, за няправільную стаянку, паркоўку і няправільнае выстаўленне знака аварыйнага прыпынку, калі парушэнне здзейсненае першы раз за год. Пры гэтым за перасячэнне падвойнай суцэльнай лініі, перавышэнне хуткасці, ігнараванне хуткаснага рэжыму будзе толькі штраф.

Больш сур’ёзнаю зробіцца адказнасць і за язду ў нецвярозым стане. Максімальны штраф складзе амаль 6 тысячаў рублёў з пазбаўленнем пасведчання кіроўцы на 5 гадоў.

Цэны

З 1 сакавіка штомесячнае змяненне цэнаў на сацыяльна значныя тавары не павінна перавышаць 0,2 % ад цаны такіх тавараў, зафіксаванай у апошні дзень папярэдняга месяца.

Перавышэнне названага ліміту магчымае толькі пасля ўзгаднення з Камісіяй у пытаннях дзяржаўнага рэгулявання цэнаўтварэння пры Савеце Міністраў.

Дарэчы, у спіс сацыяльна значных тавараў улучаныя 62 пазіцыі: рыс, мука, грэчка, хлеб, свініна, рыба, малако, тварог, некаторая садавіна і гародніна, цукар, мыла ды іншае. Рэгуляванне закране і лекаў. У спісе – 50 пазіцыяў.

Страхавыя ўнёскі

Да 1 сакавіка індывідуальным прадпрымальнікам, натарыусам і адвакатам неабходна выплаціць абавязковыя страхавыя ўзносы за мінулы год.

Падаткі

Беларусы, якім неабходна падаць падатковую дэкларацыю пра даходы за мінулы год, мусяць гэта зрабіць да 31 сакавіка.

Даплаты

З сакавіка на Віцебшчыне маладым жывёлаводам, якія прыйшлі на сваё першае месца працы ў 2020 годзе, дадаткова налічаць 1000 рублёў.

Гэтую дадатковую выплату маладыя ветэрынары і заатэхнікі змогуць атрымаць з красавіцкімі заробкамі. Усяго дадатковыя выплаты прадугледжаныя для 88 асобаў, леташніх выпускнікоў.

Цыгарэты

Падаражэе прадукцыя гарадзенскай тытунёвай фабрыкі «Нёман», кампаніяў «Тытунь-Інвест», «Інтэр-Табака», «Беларусьгандаль».

Даведка

Найбольшы цэнавы рост прадэманструюць цыгарэты «Kent», «Camel», «Winston», «Sobranie», «L&M», «Marlboro», «Parliament», «LD Club Lounge», некаторыя віды «Dunhill» і «Vogue» – на 10 капеек.На 3–5 капеек падаражэюць некаторыя віды «Кароны».

На 5 капеек стануць даражэйшыя некаторыя віды цыгарэтаў «Форт» і «Monte Carlo».

Забарона на лоўлю шчупака

У шмат якіх рэгіёнах краіны з 1 сакавіка да 15 красавіка будзе забаронена лавіць шчупака. А ў Віцебскай вобласці – з 9 сакавіка да 25 красавіка.

Забарона абумоўленая пачаткам нерасту ў гэты перыяд. Калі рыбак не паслухаецца, яго могуць аштрафаваць на 9 базавых велічыняў (261 рубель) за кожную незаконна здабытую рыбіну.

Могуць аштрафаваць і на суму да 30 базавых. А калі рыбак сваймі дзеяннямі нашкодзіў прыродзе на суму ад 100 базавых велічыняў, яму пагражае крымінальная адказнасць.

У Грузію – з адмоўным тэстам

Каардынацыйная рада Грузіі дазволіла ўезд у краіну з 1 сакавіка з мэтаю турызму грамадзянам Украіны, Беларусі, Расеі, Арменіі, Азербайджану і Казахстану, паведаміў прэс-офіс ураду краіны.

Падарожнікі павінны выкарыстоўваць паветраны транспарт і паказаць перад вылетам вынік ПЦР-тэсту на каронавірус, які пацвярджае, што чалавек не хварэе.

МГМ belsat.eu

Стужка навінаў