Навальнага перавезлі ў калонію «атрад № 2 – нічога нельга»


Навальны слухае прысуд. Масква, Расея. 20 лютага 2021 года.
Фота: тэлеканал «Дождь»

Стала вядома, куды этапавалі палітыка Аляксея Навальнага. Цяпер ён у калоніі № 2 гораду Пакроў Уладзімірскай вобласці.

Палітыку зрабілі пазнаку, што ён схільны да ўцёкаў. Грамадскі актывіст Канстанцін Котаў сядзеў у гэтай калоніі ды распавёў у эфіры «Дождя», што хоць гэта і лічыцца калоніяй агульнага рэжыму, але парадкі там даволі строгія: «У атрадзе, дзе я быў, усе астатнія асуджаныя былі вымушаныя жыць у даволі жорсткіх умовах. Ім нават забаранялася са мною размаўляць. Адносна Аляксея яны могуць прыдумаць нешта падобнае».

Правы палітык і палітычны вязень Дзмітрый Дзёмушкін таксама распавёў пра калонію, куды перавезлі Аляксея Навальнага: «Калі я яшчэ сядзеў у адмысловым блоку «Матроскай цішыні», былі 4 месцы, куды, як лічылі, нельга ехаць асуджаным: апроч Карэліі, Омску і Краснаярску, быў яшчэ Уладзімір. І людзі рабілі ўсё, каб туды не трапіць, нават распорвалі сабе жывот, пераразалі жылы. Таму адміністрацыя ніколі не паведамляла, што людзі едуць адбываць пакаранне менавіта ва ўладзімірскую ўправу.

Павесілі яму прафілактычны ўлік таксама не проста так, а каб змясціць яго ў сектар узмоцненага кантролю.

Гэта барачнага тыпу памяшканне. Называецца «атрад № 2 – нічога нельга» (рас. «отряд № 2 – ничего нельзя»), гэтак яго жартам называюць самі сядзельцы. У бараку вы заўжды ў стацыянарным стане. Рукі заўжды за спінаю, галава заўжды апушчаная. Вы не можаце перасоўвацца, вы не можаце камунікаваць».

МГМ belsat.eu

Стужка навінаў