Кангрэсмен: Джо Байдэн мае намер спрыяць еўраінтэграцыі Беларусі

ЗША маюць пашырыць санкцыі супраць прадстаўнікоў рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, якія бяруць удзел у рэпрэсіях. Санкцыі таксама могуць быць уведзеныя супраць расейскіх грамадзянаў, якія маюць дачыненне да парушэння правоў чалавека ў Беларусі. Пра гэта заявіла кангрэсмен ад Дэмакратычнай партыі ЗША Марсі Кэптур, паведамляе golosameriki.com.

Паводле Марсі Кэптур, прэзідэнт ЗША Джо Байдэн надае прыярытэт пытанням абароны дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі ды мае намер спрыяць у будучыні інтэграцыі Беларусі і Украіны ў еўрапейскія структуры:

«Ён цалкам адданы ўмацаванню трансатлантычнага саюзу і далучэнню такіх дзяржаваў, як Беларусь і Украіна, да Еўразвязу. Тыя ж мэты і ў мяне».

Марсі Кэптур паведаміла, што ў Вашынгтоне занепакоеныя падзеямі ў Беларусі. Паводле яе, нягледзячы на жорсткія дзеянні ўладаў, беларусы «адважна працягваюць пратэставаць нават падчас моцных маразоў»:

«Як вы ведаеце, яны сутыкнуліся з грубымі і жахлівымі парушэннямі правоў чалавека, якія робяцца рукамі лукашэнкаўскіх галаварэзаў. Гэта незаконныя затрыманні, катаванні, згвалтаванні і празмернае ўжыванне сілы. Паводле звестак грамадзянскай супольнасці Беларусі, 30 тысячаў былі затрыманыя, восем чалавек забітыя».

«Мяне асабліва натхніла тая роля, якую адыгралі жанчыны ў арганізацыі мірных пратэстаў па ўсёй краіне, уключаючы лідарскую ролю Святланы Ціханоўскай, Марыі Калеснікавай і шмат каго яшчэ», – падкрэсліла палітык.

Марсі Кэптур таксама звярнула ўвагу на ролю Расеі ў беларускіх падзеях:

«Замест таго каб адрэагаваць на заклікі да большай свабоды, Лукашэнка звярнуўся да расейскага дыктатара Уладзіміра Пуціна, каб атрымаць ад яго гарантыі ў крэдытах, а таксама дапамогу ягоных прапагандыстаў і спецслужбаў… ЗША маюць пашырыць санкцыі на тых, хто займаецца ў Беларусі злачыннаю дзейнасцю, у тым ліку на працаўнікоў спецслужбаў і МУС, а таксама на ўцягнутых у гэта людзей з Расеі».

«Кангрэс ЗША рашуча падтрымлівае імкненне беларусаў самастойна выбіраць сваю будучыню і палітычную сістэму, якую яны самі створаць і ўзначаляць», – сказала Марсі Кэптур.

ІІ belsat.eu

 

Hавiны