Якая сітуацыя са штамам о-мікрон у Беларусі? Спыталі ў інфекцыяніста


Месяц таму ў Беларусі паведамілі пра першыя чатыры выпадкі штаму о-мікрон. Першыя даследаванні гэтага штаму віруса SARS-CoV-2 давалі надзею на тое, што з ім COVID-19 можа стаць не такім страшным. Як аказалася на практыцы? «Белсат» спытаў пра гэта ў беларускага доктара-інфекцыяніста, які пажадаў застацца ананімным.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Медык у ахоўнай масцы.
Фота: minzdravbelarus / Telegram

– Ці вядома хоць бы прыблізна, колькі адсоткаў людзей хварэе менавіта на каронавірус штаму о-мікрон? Ці падобна, што 80 %, як казалі ў Менскім цэнтры гігіены і эпідэміялогіі?

– Дынаміка распаўсюду любых штамаў паддаецца эпідэміялагічным законам. Як паказала практыка іншых краінаў, штам о-мікрон, аднойчы з’явіўшыся ў папуляцыі, на працягу кароткага часу выцясняе ўсе іншыя з цыркуляцыі коштам хутчэйшага распаўсюду.

Таму веданне канкрэтнага адсотку людзей з о-мікронам на сённяшні дзень не ўяўляе істотнай цікавасці, бо мы ведаем, што з часам усе людзі будуць носьбітамі менавіта гэтага штаму, пакуль ці калі не прыйдзе наступны, які выцесніць о-мікрон.

Аб’ектыў
САЗ прапаноўвае зняць абмежаванні на замежныя паездкі. Каронавірус адступае?
2022.01.20 22:14

Так, сённяшні рост захворвання абсалютна дакладна звязаны з прыходам о-мікрону. Пры абследаванні пацыентаў, якія паступаюць у лякарню, мы не праводзім генатыпаванне штамаў для выяўлення прыналежнасці да таго ці іншага штаму. Падобныя даследаванні працаёмістыя, дарагія і, як паказвалася вышэй, не ўяўляюць істотнай клінічнай цікавасці, бо карэнным чынам не ўплываюць на тактыку лячэння пацыентаў.

80 %, заяўленых Менскім цэнтрам гігіены і эпідэміялогіі, цалкам падобныя да праўды.

Автомобиль скорой помощи, неотложка
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

— Доля тых, хто хварэе ў лёгкай форме ці бессімптомна, ад гэтага штаму нібыта большая, чым ад папярэдніх. Але ён і больш заразлівы. Як вынік, у лякарнях больш ці менш цяжка хворых? І памірае – больш ці менш?

– Сапраўды, штам о-мікрон у сярэднім працякае ў лягчэйшай форме, але галоўнае тут тое, што ідзе пасля слова «але». Насамрэч, праз шматкроць большую захворвальнасць колькасць цяжкіх пацыентаў у краінах, якія прайшлі пік о-мікрону, была супастаўная з папярэднімі хвалямі, а нагрузка на сістэму аховы здароўя была нават большая.

Таму колькасць цяжкіх пацыентаў і, адпаведна, смерцяў у лякарнях на хвалі, што мае адбыцца, чакаецца не меншай, а з улікам нізкага ўзроўню вакцынацыі, магчыма, і большай, чым у папярэднія хвалі. Пакуль што мы толькі ля падножжа будучай хвалі, таму прагназаваць можам, толькі абапіраючыся на звесткі краінаў, якія прайшлі яе пік.

Hавiны
Трапляюць у шпіталі з цяжкімі сімптомамі. З якога ўзросту можна вакцыянаваць дзяцей ад каронавіруса?
2021.11.29 07:40

Ці шмат дзяцей хварэюць у цяжкай форме?

– Як правіла, цяжкія выпадкі і рост смяротнасці ідуць з некаторым спазненнем, на два-тры тыдні, ад росту захворвальнасці, таму пакуль што мы можам толькі канстатаваць, што дзяцей хварэе ў некалькі разоў больш.

– Ці шмат тых, хто вакцынаваўся «Спутнікам» ці кітайскімі вакцынамі, але ўсё роўна трапіў у шпіталь? Ці шмат тых, хто заразіўся другі, трэці раз?

– «Не вакцынаваўся і не захварэў» і «вакцынаваўся, але захварэў» – распаўсюджаныя аргументы вакцынаскептыкаў. Пацыентам важна разумець, што захворванне – гэта імавернасны працэс, і вакцынацыя – найлепшае, што ёсць у арсенале медыцыны для зніжэння гэтай імавернасці.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Вакцынацыя дзяцей.
Фота: moz.gov.ua

Таму больш карэктная фармулёўка ў гэтым выпадку будзе: «вакцынаваўся – і не памёр» ці «вакцынаваўся і хварэў не так цяжка, як у выпадку невакцынаваных».

Колькасць вакцынаваных пацыентаў, якія паступаюць у бальніцы, невялікая, а колькасць цяжкіх выпадкаў, якія патрабуюць працяглага лячэння ў аддзяленні рэанімацыі, складае адзінкавыя адсоткі ад агульнай масы. Гэта пацвярджаюць і даследаванні, якія ставяць за мэту ацаніць эфектыўнасць вакцынаў у палявых умовах, і нашыя ўласныя назіранні.

Інтэрв’ю
Вірусолаг аб расейскім «Спутніку» і рэвакцынацыі: «Адной прышчэпкі на ўсё жыццё дакладна недастаткова»
2022.01.03 17:12

– Як лекуюць тых, хто хварэе ў цяжкай форме? Ці хапае апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкіх?

– Лячэнне цяжкіх формаў каронавіруса праходзіць згодна з загадам Міністэрства аховы здароўя з некаторай арыенціроўкай на замежныя рэкамендацыі. Наяўнасць прэпаратаў, апаратаў штучнай вентыляцыі і сродкаў абароны моцна вагаюцца ад лякарні да лякарні.

На піку мінулай хвалі мы сапраўды сутыкаліся з недахопам апаратаў штучнай вентыляцыі і кіслародных пунктаў. Але яшчэ раз паўтаруся: пытанне недахопу можа моцна розніцца залежна ад гораду і тыпу лякарні.

Ці выкарыстоўваюць эксперыментальныя прэпараты, і ці бывалі выпадкі якога-небудзь антынавуковага «шаманства»?

– Клінічныя рэкамендацыі часам дазваляюць некаторую свабоду дзеянняў, «крок налева – крок направа». Але ўжыванне эксперыментальных падыходаў лячэння, якія ідуць насуперак вынікам наяўных навуковых даследаванняў, скончылася з выключэннем гідроксіхларахіну з загадаў Мінздраву. Антынавуковае «шаманства» – не, такія падыходы да лячэння не ўжываліся.

Hавiны
Хакей не лекуе. У менскім «Дынама» на ковід захварэлі 20 хакеістаў
2022.01.13 15:27

— За два гады пандэміі ці засвоілі людзі правілы гігіены, нашэння масак, сацыяльнай дыстанцыі? Ці толькі разняволіліся, бо «новы штам лягчэйшы»?

– Узровень выканання супрацьэпідэмічных захадаў, на мой погляд, амаль нулявы. Я б не назваў гэта «разняволіліся». Хутчэй падобна да «асабліва і не напружваліся».

Не скасаваныя масавыя імпрэзы, якія ніяк не закранаюць эканамічнага сектару, не праводзіцца належная інфармацыйная праца, а аркушы-напамінкі аб масачным рэжыме на ўваходах у крамы, рэстараны, школы і ўніверсітэты вісяць там толькі дзеля птушачкі.

Вялікі дзякуй тым, хто надзявае маску і імкнецца знізіць нагрузку на звяно аховы здароўя ўсімі магчымымі для сябе метадамі, але ў супрацьстаянні о-мікрону, на жаль, гэтага занадта, занадта недастаткова.

Праз два гады барацьбы з пандэміяй даводзіцца канстатаваць, што мы так і не дайшлі да стадыі «прыняцця». Да таго часу, пакуль не агучаныя рэальныя лічбы захворвання і смяротнасці, пакуль людзі не будуць ведаць аб сапраўдным пекле, праз якое праходзяць медыкі разам з пацыентамі, пакуль не распачатая сапраўды шырокамаштабная праца ў гэтым кірунку, грамадствам праблема будзе недаацэненая – і чакаць нейкіх карэнных пераменаў не варта.

– Як самі медыкі пачуваюцца? Працуюць з апошніх сілаў ці адаптаваліся да новай рэальнасці?

– Медычны персанал зазнае каласальныя нагрузкі. На піку хвалі азначэнне «працуюць з апошніх сілаў» – як фізічных, так і маральных – даволі блізка апісвае тую сітуацыю. Апошні час гэта проста штодзённая, інтэнсіўная і цяжкая праца з вялікімі перапрацоўкамі ўсяго медычнага персаналу.

Што да адаптацыі, найбольш страшнае, з чым прыйшлося сутыкнуцца, – гэта некаторая пакорлівая абыякавасць, калі чатыры-пяць смерцяў на дзень робяцца руцінай.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

– Ці шмат медыкаў з’ехала, ці шмат каго звольнілі з палітычных прычынаў?

– Колькасць медыкаў, якія з’ехалі або звольненыя, страшна вялікая. Каб пералічыць тых, хто пайшоў з беларускай медыцыны, толькі з майго курсу – не хопіць пальцаў. Калі казаць пра проста знаёмых – гаворка ідзе пра некалькі дзясяткаў.

З кожным, хто сышоў з медыцыны, колькасць працы на пакінутыя кадры ўзрастае. На мой погляд, гэта агульнанацыянальная праблема, бо да чарговага хворага доктар не зможа дайсці чыста фізічна, наогул не кажучы аб якасці дапамогі, якая аказваецца ў такіх умовах.

Hавiны
Праўда і міфы пра COVID-19. У 404 словах і шасці вялікіх разборах
2021.11.03 08:31

Здымак вокладкі: Белсат

belsat.eu

Стужка навінаў