Расейскі міністр Лаўроў: Менск цяпер згодны на адкрыццё любых карпунктаў, абы там працавалі расейцы


Кіраўнік расейскага МЗС Сяргей Лаўроў заявіў падчас інтэрв’ю мясцовым радыёстанцыям, што міністэрства вяло перамовы з кіраўніцтвам Беларусі ў сувязі з закрыццём мясцовага карпункту расейскай «Камсамольскай праўды», сітуацыя «патрабавала цішыні», піша interfax.ru.

Падчас інтэрв’ю Сяргея Ларова спыталі, чаму МЗС маўчыць і не заступаецца за расейскіх журналістаў у сітуацыі з арыштам у Менску карэспандэнта «Камсамольскай праўды» Генадзя Мажэйкі, які працаваў у тым ліку ў Маскве, а таксама – з вымушаным закрыццём карпункту КП у Беларусі.

«Мы павінны заўсёды заступацца за правы нашых грамадзянаў, не толькі журналістаў», – пагадзіўся Лаўроў.

Паводле ягоных словаў, міністэрства выказвала заклапочанасць у сувязі з закрыццём карпункту «КП у Беларусі». Аднак падкрэсліў, што размова ідзе аб грамадзянах Беларусі, а «гэта крыху іншая гісторыя», бо кожная краіна ў дачыненні сваіх грамадзянаў кіруецца ўласнымі законамі.

«Тут ёсць пытанні, якія патрабуюць цішыні. Мы робім нямала, каб беларускія ўлады праявілі разуменне ў існай сітуацыі», – цытуе выданне словы Сяргея Лаўрова.

Паводле Лаўрова, цяпер у Менску гатовыя дазволіць адкрыць любы карпункт, але пры ўмове, што ў ім будуць працаваць грамадзяне Расеі. На фоне патрабаванняў заходніх краінаў, якія «дыктуюць» расейскім журналістам умовы працы, патрабаванне Менску МЗС не лічыць празмерным, зазначыў расейскі міністр.

Нагадаем, 28 верасня на сайце kp.by быў апублікаваны артыкул беларускага журналіста Генадзя Мажэйкі з успамінамі былой аднакласніцы IT-спецыяліста Андрэя Зельцара, які застрэліў супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка ў сваёй кватэры на вуліцы Якубоўскага ў Менску. Раніцай наступнага дня сайт «Камсамолкі» ў Беларусі быў заблакаваны паводле рашэння Мінінфарма.

Артыкулы
Следчых дзеянняў няма, перажывае за калегаў. Журналіст «КП в Беларуси» Генадзь Мажэйка два месяцы за кратамі
2021.12.01 02:35

Генадзь Мажэйка быў затрыманы 1 кастрычніка паводле ч. 3 арт. 130 («Распальванне расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варожасці») і арт. 369 («Абраза прадстаўніка ўлады»). Яму пагражае да 12 гадоў зняволення. 5 кастрычніка было прынятае рашэнне пра закрыццё беларускага офісу «Камсамолкі».

Hавiны
У Менску затрымалі грамадзянку Расеі з перадавіцы «Камсамолкі»
2022.01.27 21:28

ЗК belsat.eu

Стужка навінаў