«Назіраць могуць усе». Як будзе арганізавана незалежнае назіранне на «рэферэндуме»?


Ва ўмовах беспрэцэдэнтных рэпрэсіяў у Беларусі праваабаронцы і палітычныя партыі адмовіліся ад афіцыйнага вылучэння назіральнікаў падчас так званага рэферэндуму па змене Канстытуцыі ў 2022 годзе. Замест гэтага дэмакратычныя сілы будуць праводзіць кампанію «Грамадзянскага кантролю», у межах якой усім беларусам прапаноўвацца фіксаваць парушэнні падчас галасавання і паведамляць пра іх.

Палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі (у тым ліку пазбаўленне рэгістрацыі грамадскіх арганізацыяў) унеслі змены ў падыходах да назірання за галасаваннем. Сёлета фактычна ўпершыню праваабарончая супольнасць і апазіцыйныя партыі не будуць афіцыйна накіроўваць сваіх назіральнікаў у выбарчыя камісіі і на ўчасткі, каб не падвяргаць людзей небяспецы.

Конституция Республики Беларусь
Здымак мае ілюстрацыйны характар Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь.
Фота: Белсат

Прадстаўнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» заявілі, што ў цяперашніх умовах не бачыць магчымасці арганізоўваць, як раней, поўнамаштабнае назіранне за выбарчай кампаніяй. «Гэта вымушаная мера, абумоўленая асцярогай за бяспеку назіральнікаў», – адзначылі ў сваёй заяве праваабаронцы. Замест маштабнага накіравання назіральнікаў на выбарчыя ўчасткі праваабаронцы абвесцілі аб запуску экспертнай місіі па назіранні за працэсам правядзення рэферэндуму, прадметам якой будзе ацэнка яго адпаведнасці міжнародным стандартам.

Дэмакратычныя партыі таксама заявілі, што адмаўляюцца вылучаць назіральнікаў на рэферэндум ва ўмовах рэпрэсіяў і пераследу. «Сыходзячы з безумоўнага прыярытэту бяспекі сябраў і прыхільнікаў сваіх партый, мы заяўляем аб адмове ад сумеснай кампаніі па арганізацыі місіі міжпартыйнага назірання за падрыхтоўкай і правядзеннем рэферэндуму», – адзначалася ў супольнай заяве дэмакратычных партыяў.

Разам з тым апазіцыя ўсё ж збіраецца ладзіць назіранне, але ў фармаце кампаніі «Грамадзянскага кантролю», пра пачатак якой абвесцілі стваральнікі платформы ZUBR. Ідэя кампаніі заключаецца ў тым, што адсачыць і зафіксаваць ціск, маніпуляцыі і фальсіфікацыі на выбарчых участках можа любы беларус, незалежна ад таго, зʼяўляецца ён акрэдытаваным назіральнікам, чальцом камісіі або проста выбарнікам.

Пра парушэнні на выбарчых участках можна будзе паведаміць у чат-бот платформы ZUBR @zubr_in_bot. Каардынатары абяцаюць поўную ананімнасць і бяспеку. Інфармацыя аб парушэннях будзе збірацца і адлюстроўвацца ў агульнай статыстыцы ў цэлым па краіне «без указання на тое, з якіх участкаў паступілі звесткі». «Назіраць могуць усе», – падкрэсліваюць стваральнікі платформы..

Праз бот таксама можна і прайсці навучанне, як назіраць за рэферэндумам. Калі карыстальнік далучаецца да боту, то яму на выбар прапаноўваецца два варыянта, у залежнасці ад таго, якую форму ўдзелу ў назіранні ён выбірае: грамадзянскі кантралёр (ім можа быць любы выбарнік) або назіральнік з акрэдытацыяй.

Скрыншот з чат-боту ZUBR

Каардынатар праекту ZUBR Павел Марыніч у размове з belsat.eu адзначыў, што кампанія «Грамадзянскага кантролю» пабудаваная на прынцыпах поўнай дэцэнтралізацыі. Каардынатары кампаніі не заклікаюць станавіцца менавіта акрэдытаванымі назіральнікамі – стаўка робіцца на грамадзянскую актыўнасць у прынцыпе.

Марыніч адзначае, што досвед 2020 года, калі рэжым дапусціў на выбарчыя ўчасткі фактычна толькі назіральнікаў ад праўладных структураў, паказаў эфектыўнасць такога падыходу.

«Мы тады зрабілі ўсіх выбарнікаў сваімі назіральнікамі. Мы прасілі іх дасылаць нам у чат-боты, на сайт, усе заўважаныя парушэнні (гэта акрамя выніковых пратаколаў). У 2020 годзе мы атрымалі вялізарны масіў інфармацыі і дзякуючы актыўнасці грамадзянаў увесь свет цяпер не называе Лукашэнку прэзідэнтам. Сёлета мы будзем рабіць тое ж самае. Грамадзянскія кантралёры – гэта звычайныя грамадзяне, якія маюць сваю грамадзянскую пазіцыю і могуць паўдзельнічаць у развянчанні міфу аб так званым рэферэндуме, які збіраецца правесці нелегітымная ўлада», – падкрэсліў ён.

Марыніч кажа, што непасрэдна напярэдадні пачатку галасавання ZUBR ужо будзе папярэднюю інфармацыю, наколькі маштабным будзе ўдзел беларусаў у кампаніі «Грамадзянскага кантролю». «Людзі ўжо пачалі актыўна карыстацца нашым ботам (ён запрацаваў 27 студзеня – заўв. belsat.eu). У боце людзі могуць атрымаць кансультацыю, праверыць свае веды, прайсці навучэнне. Мы ўжо цяпер бачым дастаткова вялікую актыўнасць. Але папярэднія дадзеныя думаю з’явіцца ў першыя дні датэрміновага галасавання», – кажа ён.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: honestpeople.by / Facebook

ZUBR будзе ладзіць кампанію «Грамадзянскага назірання» у супрацы з «Голасам» і ініцыятывай «Сумленныя людзі»:

«Сумленныя людзі» сёння займаюцца ўцягваннем грамадства: яны тлумачаць, чаму трэба ісці на выбарчыя ўчасткі, чаму байкот неэфектыўны. Тлумачаць, што трэба праявіць сваю грамадзянскую пазіцыю і чаму гэта важна. Гэта медыйная частка. Мы з «Голасам» выконваем тэхнічную ролю – гэта фіксацыя парушэнняў і фіксацыя фактаў, калі людзі прыходзяць і робяць свае бюлетэні несапраўднымі. Выніковыя пратаколы, як і ў 2020 годзе, мы будзем атрымліваць з усіх крыніцаў, якія толькі магчыма. Усе гэтыя матэрыялы будуць апрацоўвацца і потым мы абвесцім вынікі».

«Мы ўсе працуем на адну справу. Мы ўсе за свабодную Беларусь без дыктатуры, за свабоду палітвязняў», – дадаў ён.

ZUBR, «Голасам» і «Сумленныя людзі» будуць уваходзіць у аператыўны штаб, створаны дэмакратычнымі сіламі на перыяд кампаніі па правядзенню так званага рэферэндуму. У адпаведнасці са стратэгіяй, якую прапанавала Святлана Ціханоўская, беларусам варта ўзяць удзел у галасаванні, але сапсаваць пры гэтым бюлетэні. На думку дэмсілаў, такія дзеянні – адзіны легальны спосаб выказаць кожнаму сваё стаўленне да сістэмы Лукашэнкі і паказаць, што прыхільнікаў пераменаў большасць. У аператыўны штаб таксама ўваходзіць Офіс Ціханоўскай, Каардынацыйная рада, НАУ і абʼяднанне былых сілавікоў ByPOL.

РР belsat.eu

Стужка навінаў