Крымінальную справу супраць журналістаў «Нашай нівы» накіравалі ў суд


Справу супраць журналістаў «Нашай нівы» Ягора Марціновіча і Андрэя Скурка накіравалі ў суд. Ім інкрымінуюць нанясенне маёмаснай шкоды без прыкметаў крадзяжу, учыненае групай асобаў па папярэдняй змове, у буйным памеры, паведамляе nashaniva.com.

Ягор Марціновіч і Андрэй Скурко. Калаж з фота

Паводле матэрыялаў справы, Андрэй Скурко і Ягор Марціновіч як службовыя асобы выдавецкага прадпрыемства з траўня 2017 года да чэрвеня 2021 года ў кватэры, якая належыць Скурку, ажыццяўлялі прадпрымальніцкую дзейнасць.

«Пры гэтым абвінавачваныя не заключылі дамовы, якія прадугледжваюць разлікі за жыллёва-камунальныя паслугі паводле тарыфаў для юрыдычных асобаў», – паведамляе пракуратура.

Шкоду, нанесеную РУП «Менскэнерга» і КУП «Менскводаканал» памерам больш за 10 тысячаў рублёў, Скурко і Марціновіч скампенсавалі ў поўным аб’ёме.

Hавiны
«Нашу ніву» прызналі экстрэмісцкім фармаваннем
2022.01.27 11:51

Журналістаў будуць судзіць паводле ч. 2 арт. 216 КК РБ («Прычыненне маёмаснай шкоды без прыкметаў крадзяжу»). Артыкул прадугледжвае абмежаванне волі да 5 гадоў ці зняволенне на той жа тэрмін.

Праваабарончая супольнасць прызнала Андрэя Скурка і Ягора Марціновіча палітычнымі вязнямі.

Нагадаем, што 27 студзеня выданне «Наша ніва» было прызнанае экстрэмісцкім фармаваннем.

ЗК belsat.eu

Стужка навінаў