У Вялейцы ўшанавалі памяць жаўнераў, якія загінулі падчас польска-савецкай вайны


15 жніўня на польскіх вайсковых могілках урачыста адкрылі мемарыяльную дошку. Пра гэта rh.by паведаміў старшыня Таварыства Аховы помнікаў Дзяніс Канецкі.

На мемарыяльнай дошцы знаходзяцца прозвішчы 67 жаўнераў Войска Польскага, якія загінулі ў ваколіцах Вялейкі падчас польска-савецкай вайны 1919 – 1920 гадоў. Палеглыя ў баі жаўнеры пахаваныя на гэтых могілках.

Іхныя імёны ўдалося высветліць дзякуючы намаганням польскага гісторыка і дыпламата Адама Качынскага. Сябры Таварыства аховы помнікаў замовілі выраб дошкі і ўмацавалі яе на абеліску пасярод вайсковых могілак. Ва ўрачыстасці ўдзельнічалі прадстаўнікі польскай амбасады ў Беларусі і мясцовыя жыхары.

Гістарычная даведка

Пасля адраджэння Польскай дзяржавы (1918 – 1919 гг.) кіраўніцтва нашай заходняй суседкі на чале з Юзафам Пілсудскім не жадала абмяжоўвацца этнічнымі польскімі тэрыторыямі і імкнулася далучыць беларускія, літоўскія, украінскія землі. У снежні 1918-га дэкрэтамі польскага ўраду да Польшчы далучылі Бельскі павет Гарадзенскай і Аўгустоўскі павет Сувалкаўскай губерняў.

У першай палове лютага 1919-га Польшча распачала вайсковы дзеянні. Пачынаючы з 14 лютага 1919 года паўночная група польскіх войскаў пад камандаваннем генерала Вацлава Івашкевіча заняла большую частку Гарадзенскай губерні, павяла наступленне ў напрамку Вільні, Ліды, Маладзечна, Баранавічаў, Менску і Пінску. Баі вяліся і на тэрыторыі Украіны. 22 красавіка 1919-га палякі ўзялі Вільню. У сакавіку-красавіку 1919 польскія жаўнеры занялі Берасце, Ваўкавыск, Слонім, Скідзель, Шчучын, Пінск, Баранавічы.

Урад РСФСР заявіў пратэст ураду Польшчы, а ЦВК Расеі прыняў 1 чэрвеня 1919 пастанову аб абʼяднанні вайсковых сілаў. Але спыніць наступленне польскіх войскаў не ўдалося. 8 жніўня палякі занялі Менск.

Больш тут >>>

Фота: Дзяніс Канецкі

ЮВ, belsat.eu, паводле rh.by

Стужка навінаў