Палітолаг Ігар Тышкевіч: Крэмль не будзе здымаць Лукашэнку адразу


Крэмль прызначыў Барыса Грызлова новым амбасадарам Расеі ў Беларусі. Хто ён і з якім заданнем прыедзе ў Менск? Размяшчэнне расейскай ядравай зброі на тэрыторыі нашай дзяржавы – гэта рэальная перспектыва ці страшылка? Чаму Аляксандр Лукашэнка паўтарае словы польскага дэзерціра Эміля Чэчкі? Навошта яму рэферэндум аб канстытуцыі? Інтэрв’ю з Ігарам Тышкевічам, беларускім аналітыкам ва Украінскім інстытуце будучыні.

– Чаму так нядоўга працаваў у Менску папярэдні амбасадар, які прыехаў у траўні, акурат перад пачаткам міграцыйнага крызісу?

– Крышачку не справіўся. Пасля змены Бабіча РФ пачала гуляць больш мякка. Тая ж фігура Мезенцава, які перайшоў у структуры Саюзнай дзяржавы. Але далей для РФ было галоўным даціскаць Беларусь на шляху практычных крокаў да інтэграцыі – найперш эканомікі. І другая глабальная тэма – выгадны для Расеі тэкст праекту Канстытуцыі, адпаведна, у выгадны для Расеі час.

Мы бачым, што абмеркаванне праекту ў Беларусі ў 2021 годзе ішло пасля штуршкоў з Крамля, не ад амбасады. Гэта азначае, што ў Беларусі спрабавалі адцягнуць час, забыцца, што рыхтуецца нейкі тэкст. Пасля адбывалася ці тэлефанаванне Пуціна, ці сустрэча, ці прыезд дэлегацыі кшталту кіраўніка ФСБ. Хутчэй за ўсё, у Менску нехта атрымліваў па галаве – і рэзка згадвалі Канстытуцыю. Адпаведна, амбасадар РФ не ўтрымаў працэсу. Яму дасылаюць цяжкавагавіка, бо, умоўна кажучы, толькі Бабіч і Грызлоў маюць просты доступ да цела Пуціна. Таму гэта ўзмацненне ролі расейскай амбасады ў Беларусі. А яшчэ Грызлоў – гэта чалавек, які менш схільны да доўгай дыпламатыі. Ён больш схільны даціскаць і праціскаць патрэбныя яму пытанні ды тэмы.

Аналітыка
«Цяжкавік» пад інтэграцыю і рэферэндум. Што азначае прызначэнне новага амбасадара РФ у Беларусі?
2021.12.23 19:08

– Барыс Грызлоў – чалавек з мінулай эпохі, з часоў 1990-х – пачатку 2000-х. Ён кіраваў Дзяржаўнаю думай, а апошнім часам быў прадстаўніком Расеі ў перамовах аб расейскай агрэсіі ў справе ўрэгулявання сітуацыі ва ўсходняй Украіне.

– Я б не забываў, што Грызлоў цяпер у савеце дырэктараў адной з кампаніяў расейскага абароннага сектару, што займаецца ракетнаю тэхнікай і балістычнымі ракетамі. Таму, між іншага, Грызлоў – куратар аднаго з кірункаў расейскага ВПК. Тут можна згадаць інтарэс РФ да паглынання беларускага ВПК.

– З якім заданнем прыедзе Барыс Грызлоў у Менск?

– Першае – Канстытуцыя. Не толькі рэферэндум, але і выгадны Расеі тэкст. Як ні парадаксальна, але, умоўна кажучы, дэмакратычныя альбо псеўдадэмакратычныя нормы ім патрэбныя. Кшталту палітычных партыяў і парламенцкай большасці. Другая частка – гэта стварэнне інфраструктуры, каб Расея мела сваё палітычнае прадстаўніцтва ў Беларусі. Бо Лукашэнка досыць доўга гуляў у манаполію на полі любові да РФ. Адпаведна, у Крамлі хочуць мець некалькі альтэрнатываў, каб была магчымасць абіраць. Але гэта не азначае, што яны будуць здымаць Лукашэнку адразу. Таму раз – Канстытуцыя, два – кантакты з чыноўнікамі, тры – гульня на палітычным полі, чатыры – пытанне ўваходу РФ у беларускую эканоміку яшчэ больш.

– Ты досыць трапна ў сваіх аналізах ацэньваеш перспектыву таго, што можа адбывацца з рэферэндумам і пасля яго. Хоць мы не да канца ведаем змест прапановаў у Канстытуцыю. Што можа адбыцца і ці адбудзецца гэты рэферэндум паводле плану Лукашэнкі? І што будзе адбывацца пасля яго ў наступным годзе?

– Для Лукашэнкі рэферэндум – важная, знакавая рэч, таму ён так нервуецца. Гэта першы шанец увесці дадатковую зменную ў гэтую спіраль эскалацыі Беларусі з краінамі ЕЗ.

З аднаго боку, Лукашэнка не хоча саступаць, дзяліцца ўладай, але ён не хоча дзяліцца ўладаю з Расеяй. Яму трэба поле для манеўру, калі з’яўляецца новая зменная, змена сітуацыі ў Беларусі, напрыклад, рэферэндум, некаторыя быццам больш дэмакратычныя нормы. Гэта фармальная падстава для часткі еўрапейскіх палітыкаў пачаць кантакты з Беларуссю без прызнання, што палітыка не ўдалася. Гэта фармальная падстава для атачэння Лукашэнкі пачаць дыялог з Захадам без прызнання таго, што вымушаныя ісці на гэты дыялог, бо страшна, кепска і балюча. Гэта сітуацыя «win-win», калі абодва бакі могуць сесці за стол перамоваў. Для Лукашэнкі гэта вельмі важна.

Аб’ектыў
Праект Канстытуцыі будуць узгадняць з Крамлём?
2021.12.23 22:21

Другі этап, калі не ўдасца дыялог цяпер, – абмеркаванне нормаў Выбарчага кодэксу, бо, калі ёсць новая Канстытуцыя, ёсць новы Выбарчы кодэкс. Зыходзячы з гэтага, ёсць інтарэсы РФ, ёсць інтарэсы пэўных колаў у Еўрапейскім Звязе, ёсць інтарэсы Лукашэнкі. Не факт, што кансультацыі пачнуцца адразу пасля рэферэндуму, але ў 2022 годзе гэтыя размовы могуць пачацца. Гэта не азначае, што санкцыі будуць знятыя хутка. З моманту пачатку размоваў да зняцця санкцыяў, нават калі ўсё ідзе гладка, праходзіць не менш за год-паўтара. Але гэты працэс важны для ўсіх.

Працяг глядзіце ў відэа.

Інтэрв’ю выйшла ў праграме «ПраСвет» 23.12.2021

Калаж з фота: Mikhail Metzel / Forum; POOL New / Reuters / Forum

belsat.eu

 

Стужка навінаў