Анатоль Лябедзька пра праект зменаў у Канстытуцыю: «Усё для клана. Для людзей – нічога»


Прадстаўнік Святланы Ціханоўскай у справах парламенцкай супрацы і канстытуцыйнай рэформы Анатоль Лябедзька заявіў у студыі «Белсату», што калі б у людзей была рэальная магчымасць выбіраць, яны б ніколі не прагаласавалі за прапанаваны Лукашэнкам так званы праект зменаў у Канстытуцыю Беларусі, «таму што гэта поўны абсурд».

«Усё для клана, усё для свайго атачэння. Для людзей там практычна няма нічога, акрамя выдаткаў і выконвання функцый дэкарацыі. Нават у дэлегатаў так званага ўсенароднага народнага сходу – гэта прыстаўное крэсла, якое стаіць на сцэне, таму што рэальныя паўнамоцтвы будуць у руках людзей, якіх непасрэдна вызначыць Лукашэнка», – мяркуе Анатоль Лябедзька.

На думку палітыка, наданне так званаму ўсебеларускаму народнаму сходу статуса «вышэйшага прадстаўнічага органа народаўладдзя» – гэта спроба ўнесці ў і так забюракратызаваную сістэму дадатковую бюракратыю.

«У нас быў дзвюхпалатны, хай фэйкавы, але парламент. І зараз надбудоўваюць яшчэ трэці паверх, і вось такой канструкцыі дакладна няма нідзе. Таму што функцыя, якімі надзяляюцца Палата прадстаўнікоў, Савет рэспублікі і Усебеларускі народны сход – яны так ці інакш звязаныя з тым, што ў нармальных краінах выконвае парламент.

Таму вось трохпавярховы парламент, квазіпарламент, – гэта канечне ноў-хаў, з якім Лукашэнка ідзе да людзей», – сказаў Лябедзька.

Hавiны
Апублікаваны праект зменаў у Канстытуцыю Беларусі
2021.12.27 15:29

Анатоль Лябедзька лічыць, што ні пра які транзіт улады гаворкі ў праекце наагул няма, бо такую складаную сістэму Лукашэнка прыдумаў менавіта і толькі для таго, каб пакінуць уладу ў сваіх руках.

«Я думаю, што транзіт улады паводле Лукашэнкі – гэта дажыць да 90 гадоў, каб цябе на лафеце, выцягнутага з музею Вялікай Айчыннай вайны, давезлі да нейкага месца пахавання і каб першы вянок паклаў другі прэзідэнт – Мікалай Лукашэнка», – кажа Лябедзька.

«Таму галоўнае, што людзі мусяць зараз зразумець – гэта тое, што як была ў нас суперпрэзідэнцкая рэспубліка – так яна і застаецца», – дадаў.

Анатоль Лябедзька таксама ўпэўнены, што Лукашэнка не збіраецца пакідаць пост прэзідэнта, а артыкул у праекце Канстытуцыі пра максімальны прэзідэнцкі тэрмін у два гады – гэта магчымасць захаваць за сабой фатэль прэзідэнта аж да 2035 году:

«Так, там гаворыцца пра два тэрміны прэзідэнцтва. Нехта ўсцешыцца. Але гэта азначае на практыцы, што Лукашэнка проста абнуляе для сябе гэты тэрмін.

Гэта азначае, што да 2025 году ён хоча сядзець у фатэлі прэзідэнта, а потым атрымаць прававую магчымасць яшчэ вылучыцца на два тэрміны. І гэта ўжо будзе 2035 год. Вось такую перспектыву малюе Лукашэнка і яго атачэнне праз так званую канстытуцыйную рэформу», – падкрэслівае Анатоль Лябедзька.

Аб’ектыў
Лукашэнка можа кіраваць да 2035 года
2021.12.27 21:59

А тое, што ў новай Канстытуцыі будзе адсутнічаць тэзіс пра нейтралітэт Беларусі – гэта падарунак Крамлю, лічыць прадстаўнік Святланы Ціханоўскай.

«Гэта не што іншае, як ахапка бананаў Крамлю і Пуціну, які быў асноўным ініцыятарам і інвестарам гэтай канстытуцыйнай рэформы. Пуціну было важна каб Лукашэнка пайшоў на гэты крок, каб у ягоных вачах, у вачах Крамля, аднавіць легітымнасць Лукашэнкі.

І гэты артыкул – падарунак Крамлю. Ён адкрывае магчымасць размяшчэння ядравай зброі і ліквідуе нейтралітэт як мэту беларускай дзяржавы», – мяркуе Анатоль Лябедзька.

Ён заўважае, што ў апублікаваным праекце знайшлі сваё адлюстраванне ўсе страхі і фобіі Лукашэнкі.

«Але мяне цешыць сам тэкст. Бо акрамя абурэння ў людзей ён нічога не можа выклікаць. І цікавасць да гэтага тэксту вельмі маленькая, таму што Канстытуцыя доўгі час проста не працавала ў Беларусі. Апошнія гады ніводны артыкул не працуе ў Беларусі», – падсумаваў Анатоль Лябедзька.

ЗК belsat.eu

Стужка навінаў