Замежны рэжысёр даў выспятка беларускім?

На мінулых выходных адгрымеў варшаўскі фестываль «Bulbamovie». Частка фільмаў яшчэ паказваецца онлайн. Цяпер гэта хіба самая буйная падзея ў беларускім кіно. Такая, якая ёсць: збірае праграму па засеках апошніх гадоў, у ёй пераважае кароткі метр і паказваецца ўжо неаднаразова бачанае, а штосьці – увогуле не беларускага аўтара. Галоўнае, што і на экране, і ў зале сярод гасцей – спрэс фільммэйкеры, якія цяпер ужо эмігранты. Так, гэта найбуйнейшы беларускі кінафестываль.

Дыскусія пасля паказу фільму Мары Тамковіч «У жывым эфіры» ў кінатэатры «Iluzjon» у рамках фестывалю беларускага кіно «Bulbamovie». Злева направа: акторка, якая грае Дар’ю Чульцову ў фільме; гераіня гісторыі і журналістка «Белсату» Дарʼя Чульцова; акторка, якая грае журналістку «Белсату» Кацярыну Андрэеву; перакладніца; рэжысёрка фільму Мара Тамковіч і вядоўца дыскусіі. Варшава, Польшча. 20 лістапада 2022 года.
Фота: Зоркастая / Белсат

Перад фэстам на адной з праграмаў «Белсату» мы з калегамі акурат абмяркоўвалі беларускае кіно. Вядоўца задаваў пытанні пра тое, калі яно зможа пачаць зарабляць і як незалежнаму кінематографу не зрабіцца альтэрнатывай ідэалагічнаму прадукту «Беларусьфільму». Некалькі гадоў таму журналісты яшчэ пыталіся, калі беларуская карціна атрымае «Оскар», ха-ха.

Гэта тое самае, што спытаць, калі ў Беларусі нарэшце кожны будзе атрымліваць «па пяццот», пры тым што эканоміка развальваецца на вачах. Або калі нашая прыватная адукацыя складзе якасную альтэрнатыву афіцыйнай, пры тым што дзяржава не дае ёй разгарнуцца. Зразумела, што, каб рабіць планы на лепшую перспектыву, а не проста намагацца выжыць, нам патрэбная новая Беларусь. Пра якую б сферу гаворка ні ішла.

То бок і камерцыйны сегмент кінасферы, і нейкая ўяўная ідэалогія ў незалежным кіно – рэчы для нас пакуль фантастычныя, бо дайце для пачатку аўтарам грошы, каб зняць хоць што-небудзь. «Bulbamovie», які збірае беларускую праграму з усіх сілаў, вядома, цудоўная тусоўка эмігрантаў, але і выкрыццё прыкрай рэчаіснасці: беларускі кінематограф у крызісе крызісаў, аўтарам катастрафічна не хапае школы і практыкі, у праектаў мала магчымасцяў знайсці фінансаванне, а калі яно і будзе, то дакладна не ад сваёй дзяржавы.

Фестывальны конкурс тут складаецца з кароткага метра, бывае, кайфовага, але пераважна аматарскага. У праграме – шмат разоў ужо паказаны ў Варшаве «Кураж» Аляксея Палуяна, «флагман» кіно пра пратэсны 2020-ы, які мала што пакуль можа разбавіць. Або «Над Нёмнам» Андрэя Куцілы, рэцэнзію на які я пісала яшчэ ў 2020-м. Зрэшты, казачная «Мара» Сашы Кулак – фільм зноў жа пра беларускія пратэсты, які не сорамна паказаць людзям, але людзей бачыла яго не так і шмат.

Здымка фільму рэжысёра Андрэя Кашперскага «Ператрымка». Варшава, Польшча. 12 жніўня 2022 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

З новенькага – кароткаметражка «У жывым эфіры» Мары Тамковіч. «Ператрымка» Андрэя Кашперскага і Міхаіла Зуя, пілот серыялу «Белсату». «Галасы», дакументальны фільм у тэлефармаце пра Вольны хор з унікальнымі кадрамі нашых апошніх гадоў. Скандальны «Minsk» – увогуле фільм замежных аўтараў.

Кожная беларуская стужка тут, як на мяне, на вагу золата, але гэтага мала, трагічна мала. Мы з калегай з кінакрытычнай тусоўкі перыядычна дзелімся болем: досыць непрыемна ўсведамляць, колькі ў беларускіх кінематаграфістаў нескарыстанага патэнцыялу праз тое, што краіна не стварыла для іх якіх-кольвек спрыяльных умоваў, а пасля 2020-га ўвогуле ўсё паляцела ў пекла.

Колькі ў гэтым «папулярным» відзе мастацтва ў нас не паказана і не адлюстравана. Колькі «сваіх» гісторыяў ніколі не пабачыць глядач. Колькі падзеяў і месцаў мы не пазнаем на экране, бо глядзім пераважна замежнае кіно. Колькі нашым аўтарам трэба лішняй барацьбы, каб здымаць кіно, і часта яно ўсё роўна не будзе мець патрэбнага бюджэту, а яшчэ часцей проста не адбудзецца. Тым больш сёння, калі шмат хто з іх апынуўся за мяжой з выбітай з-пад ног глебай, а на парадку дня перадусім Украіна.

Таму перш чым пачаць размову пра ідэалогію ў кіно і здольнасць кіно зарабляць, трэба займець выразную кінасферу са зразумелымі правіламі гульні, а не раскіданых бадзягаў, адрынутых уласнай дзяржавай. У прынцыпе да моманту, калі ў Беларусі складзецца кінарынак, мы можам і не дажыць.

Гледачы фільму Мары Тамковіч «У жывым эфіры» ў кінатэатры «Iluzjon» у рамках фестывалю беларускага кіно «Bulbamovie». Варшава, Польшча. 20 лістапада 2022 года.
Фота: Зоркастая / Белсат

Зрэшты, гэта акурат не катастрофа: штука ў тым, што зарабляць на фільмах не самамэта, і для беларускіх незалежных аўтараў ніколі ёй не было, больш за тое, гэта не мэта ў значнага адсотка сусветнага кіно. Сёння прыярытэт для беларускага кінематографа – калі не выжыць (што гучыць брутальна і блізка да праўды), то наладзіць працэсы ў тых умовах, у якіх яно апынулася, і ствараць усё больш заўважных выказванняў.

Дык вось катастрофа ў тым, што гэта зусім не новая для нас сітуацыя: беларускія незалежныя рэжысёры выжываць, губляць магчымасці і марыць пра лепшыя ўмовы прызвычаіліся. Толькі журналісты і гледачы ўсё роўна прыходзяць да іх і патрабуюць «Оскара».

Пасля паказу на «Bulbamovie» скандальнай стужкі «Minsk» – атракцыёну пра беларускія пратэсты 2020 года ад расейскага рэжысёра Барыса Гуца і так сабе фільму – адзін з гледачоў устаў і сказаў, маўляў, гэта выспятак беларускім кінематаграфістам, які паказвае, як трэба рабіць кіно. Мне было б шкада здымаць для такога гледача.

belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў