Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 27 лістапада


«Белсат» падводзіць вынікі 277-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 27 лістапада чытайце ў нашым аглядзе.

Снайпер ЗСУ у маскіровачным халаце. Данецкая вобласць, Украіна. 13 лістапада 2022 года.
Фота: Белсат

Цягам апошніх содняў заставалася нязменнай сітуацыя на беларуска-ўкраінскай мяжы. Генеральны штаб Збройных сілаў Украіны не адзначае фармавання наступальных груповак праціўніка на тэрыторыі Беларусі.Тым часам ваенны эксперт і былы палкоўнік запасу ЗСУ Алег Жданаў паведаміў, што расейцы тэрмінова перакідаюць 9 тысяч сваіх вайскоўцаў з РБ на ўсход Украіны.

На поўначы Чарнігаўскай і Сумскай вобласці сітуацыя таксама застаецца адносна спакойнай, пры гэтым у суседніх Бранскай і Курскай вобласцях РФ застаюцца расейскія войскі, якія займаюцца абаронай дзяржаўнай мяжы, а таксама праводзяць дэманстрацыйныя і правакацыйныя дзеянні, накіраваныя на стрымліванне ўкраінскіх рэзерваў і недапушчэнне іх перакідання на лінію фронту.

Абстрэлы ўкраінскай тэрыторыі з танкаў, мінамётаў і артылерыі адзначаюцца на поўначы суседняй Харкаўскай вобласці, але без правядзення наземных аперацыяў.

Непасрэдна на лініі фронту ў паўночна-ўсходняй частцы Харкаўскай вобласці, а таксама на захадзе Луганскай ідуць пазіцыйныя баі, адносна большай актыўнасцю ў якіх адзначаюцца Збройныя сілы Украіны. Міністэрства абароны РФ паведаміла пра зрыў украінскіх атак у ваколіцах населеных пунктаў Навасёлаўскае, Стэльмахоўка і Плашчанка, а таксама пра беспаспяховыя спробы ЗСУ замацавацца каля Плашчанкі і Чырвонапапоўкі. У сваю чаргу ўкраінскі Генштаб піша пра адбіццё атакі праціўніка каля Стэльмахоўкі.

Па лініі фронту ў Данецкай вобласці ініцыятывай працягваюць валодаць Узброеныя сілы РФ. Украінскае камандаванне паведаміла пра спыненне атак расейцаў каля Белагораўкі, Мар’інкі, Верхнякаменскага і Спірнага. Пры гэтым інтэрактыўная карта вайны ва Украіне Deepstatemap зафіксавала захоп войскамі РФ Азаранаўкі, а таксама развіццё іхнага наступу на суседнюю Курдзюмаўку.

Салдат складае адстраляныя з 130-мм гарматы М-46 гільзы недалёка ад Бахмуту. Данецкая вобласць, Украіна. 15 лістапада 2022 года.
Фота: Белсат

Ваенкор Сямён Пегаў піша, што расейцы таксама атакавалі каля Краснагораўкі, Невельскага і Первамайскага. Пры гэтым у ваколіцах Бахмуту і Салядару працягваюцца сустрэчныя баі.

ЗСУ ў сваю чаргу контратакавалі каля Салядару, Вопытнага, Курдзюмаўкі і Маёрску, а таксама спрабавалі наступаць каля Новаміхайлаўкі, Паўлаўкі і Шаўчэнкі на паўднёвым участку фронту ў Данецкай вобласці.

Між тым выведка Вялікай Брытаніі паведамляе, што расейцы намагаюцца здзейсніць прарыў каля Паўлаўкі, каб у выніку працягнуць наступ на поўнач Данбасу і атачыць украінскія сілы.

Паводле ўкраінскага Генштабу, па лініі фронту ў Запарожскай вобласці расейцы абараняюцца, а таксама здзяйсняюць абстрэлы ўкраінскіх пазіцыяў і навакольных населеных пунктаў з танкаў, мінамётаў і артылерыі. 

У Херсонскай і Мікалаеўскай вобласці сітуацыя цягам содняў не мянялася: расейцы працягнулі абстрэльваць са ствольнай артылерыі правабярэжжа Дняпра, у тым ліку і горад Херсон.

Таксама заўважнай падзеяй 27 лістапада стаў ранішні ракетны ўдар расейцаў па чыгуначнай інфраструктуры ў горадзе Крывы Рог Днепрапятроўскай вобласці. Тэлеграм-канал «Рыбарь» мяркуе, што такім чынам расейскі бок сарваў перакіданне 17-й танкавай брыгады ЗСУ ў Запарожскую ці Данецкую вобласці.

Паводле ўкраінскага камандавання, за содні было знішчана каля 600 расейскіх вайскоўцаў, пасля чаго агульныя беззваротныя страты РФ дасягнулі 87 310 чалавек.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

ВК belsat.eu 

Стужка навінаў