Слуцкі збройны чын: «Тым, якія першымі паўсталі і пайшлі ўміраць, каб жыла Бацькаўшчына»


27 лістапада адзначаецца Дзень герояў. Ён прысвечаны Слуцкаму збройнаму чыну – арганізаванаму Войскам Беларускай Народнай Рэспублікі дзеля самастойнай беларускай дзяржаўнасці і супраць бальшавікоў.

У час польска-савецкай вайны 12 кастрычніка 1920 года паміж варожымі бакамі ў Рызе было падпісанае замірэнне, і пачаліся перамовы аб усталяванні мяжы паміж Польшчай і РСФСР. Гэтыя межы мелі падзяліць Беларусь і Украіну. У адказ дзеячы Беларускай Народнай Рэспублікі, не дапушчаныя да перамоваў, 20 кастрычніка ў Рызе пастанавілі «ўсімі спосабамі і сродкамі працягваць барацьбу за незалежную Беларускую Народную Рэспубліку з усімі яе ворагамі».

Іхны вокліч быў пачуты ў Слуцку, які польскія войскі пакідалі і сыходзілі за раку Лань, ды перадавалі ўладу беларусам, сярод якіх актыўнасцю вылучаліся мясцовыя эсэры. Для падтрымання парадку яны заняліся арганізацыяй народнай міліцыі і правядзеннем Першага беларускага з’езду Случчыны з прадстаўнікоў сялянства.

Чаму менавіта Слуцк?

Яшчэ 10 сакавіка 1920 года Уладзіслаў Галубок паведамляў пра свае ўражанні ад наведвання Слуцку: «Як і ў даўныя часы, Слуцак лічыўся адным з найвыбітнейшых гарадоў Беларусі, так і цяпер у Слуцку грамадзянская справа вельмі бойка пашыраецца, і нацыянальная свядомасць паміж сялян і мяшчан далёка вышэй стаіць, чымсь у Менску і па-за межамі яго». Нездарма менавіта ў Слуцку 26 красавіка адкрыліся курсы беларусазнаўства, на якія прыехалі 400 слухачоў. Пра «моцна развітое нацыянальнае браджэнне» сярод случакоў паведамляў слуцкі павятовы раўкам бальшавікоў напярэдадні адыходу адсюль палякаў і запланаванага заняцця рэгіёну 16-й арміяй саветаў. І дадаваў пра дрэннае стаўленне мясцовага насельніцтва да саветаў з-за рэквізіцыяў і неўрэгуляваных законам павіннасцяў. Пра ўчыненыя савецкімі войскамі рабаванні сялянскіх гаспадарак і нават працоўных у рэгіёне пісаў камісар земляробства ССРБ Усевалад Ігнатоўскі 19 лістапада ў Маскву.

Сцяг Першага Слуцкага палка. Вільня. 1921. Крыніца: be-tarask.wikipedia.org

Таму не дзіўна, што ў той час, калі шмат беларусаў вымушаныя былі выехаць у бежанства ў час Першай сусветнай вайны, тым самым зменшылася база для нацыянальнага беларускага руху, на Случчыне была іншая сітуацыя. І гэта засведчыў Першы беларускі зʼезд Случчыны.

З’езд

Ён распачаўся 14 лістапада 1920 года пры ўдзеле 107 дэлегатаў. Дэлегаты заявілі, што з’езд «вітае Раду Беларускай Народнай Рэспублікі і сведчыць, што ўсе свае сілы аддасць на адбудову сваей Бацькаўшчыны». На зʼездзе гучалі наступныя воклічы:

«Няхай жыве вольная, незалежная, дэмакратычная Беларуская Народная Рэспубліка ў яе этнаграфічных граніцах!

Няхай жыве беларуская армія!

Няхай жыве беларускі народ!

Няхай жыве братэрства ўсіх славянскіх народаў!

Няхай жыве Беларускі Устаноучы Сойм!»

Дэлегаты разлічвалі на падтрыманне Польшчы і «дэмакратыі ўсяго свету» і выступалі супраць акупацыі бальшавікамі Слуцку і павету. Была абраная Беларуская Рада Случчыны з 17 чалавек на чале з Уладзімірам Пракулевічам, а ўтвораная вайсковая тройка (Жаўрыда, Анцыповіч, Мацэль) распачала фармаванне 1-й Слуцкай брыгады стральцоў войск БНР з двух палкоў – 1-га Слуцкага і 2-га Грозаўскага. Аднак з-за набліжэння бальшавікоў 24 лістапада Беларуская Рада адышла са Слуцку ў мястэчка Семежава, дзе завяршыла гартаванне сваіх вайсковых злучэнняў.

Уладзімір Пракулевіч. Фота 1938 года. Крыніца: arche.by

Колькасць Войска БНР і сімвалы

Называецца розная колькасць беларускіх добраахвотнікаў Першай Слуцкай беларускай брыгады. Сучаснікі падавалі лічбу 7–10 тысячаў чалавек. Польская дэфензіва ацэньвала колькасць слуцкіх паўстанцаў, якія былі інтэрнаваныя пазней на тэрыторыі Польшчы, на 4 тысячы. Савецкія ж крыніцы давалі лічбу «каля 2 тысяч чалавек» і сцвярджалі, што «кукарда ў жаўнераў Беларускай Рады – чэрап са скрыжаванымі касцямі, на каўнярах нацыянальная белая лента, у сярэдзіне чырвоная».

Вялікай праблемай для Войска БНР была адсутнасць дастатковай колькасці зброі, з-за чаго шмат якія сяляне, якія ішлі ў добраахвотнікі, вымушаныя былі вярнуцца ў свае вёскі.

У войску БНР падчас гартавання выконваліся беларускія песні, у тым ліку «Ваярскі марш» Макара Краўцова – гімн БНР, музыку на які напісаў Уладзімір Тэраўскі. У 1921 годзе ён выпусціў спеўнік, у якім былі музыка і словы «Ваярскага маршу», але савецкія ўлады ў ім закрэслілі згадку пра «бел-чырвона-белы» штандар (прайшло 100 гадоў, а нічога не мяняецца).

Дэлегацыя з ліку беларускіх жанчын прывезла Войску БНР два штандары. На іх было напісана: «Тым, якія першымі паўсталі і пайшлі ўміраць, каб жыла Бацькаўшчына».

Праваслаўны святар Антон Сокал-Кутылоўскі, удзельнік Слуцкага збройнага чыну ўспамінаў, што здолеў нават у польскім лагеры для інтэрнаваных пазней захаваць сцяг Першага Слуцкага палка – залацістага колеру з «Пагоняй», выкананай у нацыянальных колерах. Але ў 1931 годзе ён быў канфіскаваны падчас ператрусу польскай паліцыяй. Сам жа Сокал-Кутылоўскі быў за гэта прыцягнуты да адказнасці.

Юрка Лістапад успамінаў, што для Войска БНР, у адрозненне ад бальшавікоў, не праводзілі прымусовых рэквізіцыў, а ежу збіралі дзякуючы ахвяраванням беларускіх сялянаў. Паказальна і тое, што падчас баявых дзеянняў Войска БНР перахоплівала абозы з зернем і жывёлай у савецкіх жаўнераў і вяртала іх сялянам.

Даты праўды
1920. Слуцкі збройны чын
2018.04.08 23:00

Першыя баі 27 лістапада і першая ахвяра

27 лістапада каля вёсцы Васільчыцы адбылася першая сустрэча жаўнераў 6-й роты Слуцкага палка з разведчыкамі 16-й арміі саветаў. Тут праявіў сябе паручнік Нікадзім Кернажыцкі, які ўзначаліў беларускіх жаўнераў. У тым баі адзін з беларускіх жаўнераў быў паранены, бальшавікі ж страцілі трох забітых, трох параненых, і адзін з іх трапіў у палон. У той жа дзень адбылася сутычка пры вёсцы Дашнова, дзе былі захопленыя ў палон пяць чырвонаармейцаў, але найбольш сур’ёзныя баі завязаліся за мястэчка Капыль. Тут былі забітыя 12 чырвонаармейцаў.

«Першай ахвярай за незалежнасьць бацькаўшчыны» з ліку случчакоў, паводле ўспамінаў Юркі Лістапада, стаў цяжка паранены ў баі за мястэчка Капыль Валодзька Піліп з мястэчка Старобіна, які памёр на наступны дзень. 30 лістапада ў Семежаўскай царкве адбылася па ім паніхіда, на якую сабралася безліч сялянаў з ваколіцаў і жаўнеры. На яго магіле, якая расмясцілася побач з пахаваннямі святароў, былі тры вянкі і сцяг з надпісам: «Ты памёр, а памяць аб табе ў сэрцах беларускіх жыць будзе векі – Першая Слуцкая брыгада войск Беларускае Народнае Рэспублікі».

Партызанскія напады

4 снежня «чырвоныя» акружылі случакоў у засценках Вялікі і Малы Страпінь, адкуль прыйшлося прарывацца з боем. Аднак адступіўшы да Вялікага Рожына, сярод ночы беларускія жаўнеры натрапілі на карны атрад бальшавікоў, які не чакаў нападу. У выніку 15 чырвонаармейцаў трапілі ў палон, а захопленыя імі быдла і коні былі вернутыя сялянам.

5 снежня вялікія цяжкія баі пад Капылём і Семежавым, дзе абодва бакі мелі вялікую колькасць параненых. Атрад падпаручніка Гіпаліта Бранавіцкага быў акружаны ў Вызне, дзе абараняў масты на рацэ. Нягледзячы на большыя сілы праціўніка, Бранавіцкі здолеў прарвацца з акружэння. Аднак тут ужо моцна выявіўся недахоп у беларусаў боепрыпасаў і зброі, з-за чаго ад Капыля і Семежава прыйшлося адступіць.

Аднак беларусы працягвалі партызанскія напады на ворага, як уначы на 10 снежня здарылася ў вёсках Крывасёлкі і Навасёлкі, дзе былі захопленыя 28 палонных. Уначы на 12 снежня ў вёсцы Старын былі захопленыя 10 бальшавіцкіх жаўнераў і вялікі транспарт са збожжам, якое вярнулі сялянам.

12 снежня на дапамогу войскам БНР прыйшлі «зялёнадубаўцы» ў колькасці 18 чалавек.

Уначы на 14 снежня быў здзейснены напад на мястэчка Семежава, які ўзначаліў паручнік Янка Залескі. Чырвонаармейцы былі выбітыя адсюль, страціўшы забітымі і параненымі каля 50 чалавек. Быў захоплены адзін кулямёт, абоз з канямі і «шмат усялякага вайсковага дабра». Важную ролю ў поспеху адыграў паручнік Адам Курыловіч, які зайшоў у тыл бальшавікоў.

Два на два
Слуцкі збройны чын – першая вялікая бітва за незалежнасць Беларусі
2016.11.29 19:30

Палонныя пераходзілі на бок Войска БНР

Шматлікіх палонных, якія былі ў асноўным самыя беларусы, прымусова набраныя бальшавікамі ў свайго войска, бэнээраўцы адпускалі на волю: «Бывалі выпадкі такія, што палонны маскоўскі чырвонаармеец, якога пусцілі на волю, ішоў назад у свой полк, падгаварваў болей таварышоў, абакрадвалі амуніцыю й аружжа ў сваіх ротах і пераносілі да беларускага войска. Такіх выпадкаў было не мала». Заўважыўшы ў гэтым вялікую пагрозу, кіраўніцтва 16-й арміі стала накіроўваць для барацьбы з вайсковымі злучэннямі БНР вайсковыя часткі з ліку татараў і кіргізаў. У дадатак была здзейсненая і правакацыя, якая настроіла беларусаў больш не адпускаць палонных: пяці беларускім разведчыкам, якія трапілі ў палон да бальшавікоў, «адрэзалі нос і вушы й вазілі па вёсках на паказ». Яшчэ трох жаўнераў БНР, якія трапілі ў палон, бальшавікі правялі па вуліцах Слуцку, здзекаваліся з іх. Случакі, якія выказвалі нязгоду з такім відовішчам, арыштоўваліся на месцы.

Апошнія баі

18–19 снежня 1920 года працягваліся баі за Семежава і Вызну, але пад націскам пераважных сілаў бальшавікоў, якія мелі дзве бронемашыны, аддзелы 1-й Брыгады Войск БНР вымушаныя былі адступаць. 30 снежня 1920 года яны перайшлі раку Лань і былі раззброеныя палякамі і накіраваныя ў лагеры. Толькі некалькі атрадаў працягнулі баявы супраціў.

Бальшавікі ж пачалі чыніць расправу над тымі, каго заўважылі ў падтрыманні паўстання. Напрыклад, 19 красавіка 1921 года ў вёсцы Грыцэвічы Нясвіжскага павету бальшавікі схапілі 28 пажылых мужчынаў, якіх пагналі ў Семежава. У вёсцы Ёдчыцы паказальна спалілі чатыры хаты, у якіх хаваліся бальшавіцкія дэзерціры.

Васіль Русак, адзін з лідараў Слуцкага збройнага чыну, назваў яго «адным з яскравых змаганняў за дзяржаўную незалежнасць Беларусі, каб надзець свой панцыр, каб у будучыні ізноў не папасці ў каляніяльную залежнасць ад другіх народаў, было Слуцкае Паўстанне ў лістападзе – снежні 1920 г., у якім прымала ўчасце – дабравольна ўсё здольнае насіць зброю насяленне Случчыны». Сам Русак быў у 1945 годзе арыштаваны ў Празе савецкімі ўладамі, асуджаны на 10 гадоў лагераў, дзе і памёр у 1954 годзе.

Слуцкі збройны чын да сёння застаецца яскравым сведчаннем таго, што БНР не было толькі «дзяржавай на паперы», што яна мела падтрымку, але не мела дастатковых сілаў, каб супрацьстаяць імперыі, якая рыхтавалася да міжнароднага панавання. Магчыма, менавіта Дзень герояў зробіцца калісьці ў Рэспубліцы Беларусь тым, што называецца «Днём абаронцаў Айчыны».

Больш падрабязна пра слуцкае паўстанне чытайце ў кнізе «Слуцкі збройны чын 1920 г. у дакумэнтах і ўспамінах», укладальнікамі якога былі Уладзімер Ляхоўскі, Аляксандра Гесь і Уладзімер Міхнюк. Спампаваць яго можна на пляцоўцы беларускай інтэрнэт-бібліятэкі «Камунікат».

Барыс Булат  belsat.eu

Стужка навінаў