Праваабаронца Лойка не выйшла на волю, а ў Берасці новая масавая крымінальная справа. Рэпрэсіі за 27 лістапада


Палітычны пераслед беларусаў за іх прагу да свабоды і правоў чалавека, за тое, каб у краіне выконвалася Канстытуцыя і дзейнічаў закон, не спыняецца нават у выходныя. Падводзім вынікі рэпрэсіяў, пра якія стала вядома 27 лістапада.

Праваабаронцу Насту Лойку зноў перазатрымалі.
Фота: ПБ / Белсат

Паведамляецца пра новую масавую крымінальную справу на Берасцейшчыне. Колькасць затрыманых у горадзе і вобласці такая, што камеры РАУС, прызначаныя для ўтрымання людзей, затрыманых за адміністрацыйныя справы, перапоўненыя. Паводле медыяў, КДБ у Берасці «лепіць аналаг справы «Белага легіёна» – спрабуе даказаць, што мясцовыя гурткі па навучанні стральбе рыхтавалі людзей да паўстання супраць дыктатуры».

Пры гэтым адзначаюць, што на сваякоў і адвакатаў вельмі моцна ціснуць:

«Адвакатам прамым тэкстам кажуць, што пазбавяць ліцэнзіі, а родным кажуць, што іх сваякі сядуць на дзесяць гадоў, і што іх таксама пакараюць за садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці, калі інфармацыя з’явіцца на «Белсаце» або «Вясне». І людзей можна зразумець, яны першы раз у такой сітуацыі і баяцца».

Hавiны
Медыі: У Берасці КДБ лепіць аналаг справы «Белага легіёну». Што вядома і што кажуць крыніцы
2022.11.27 19:33

Праваабаронцам стала вядома пра чарговы прысуд за каментары ў «справе Зельцара». У Менскім гарадскім судзе 25 лістапада вынесены прысуд студэнту юрыдычнага факультэту БДУ, палітзняволенаму Уладзіміру Запольскіх. Суддзя Святлана Бандарэнка прызнала яго вінаватым у распальванні сацыяльнай варожасці, арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх і абразе прадстаўніка ўлады. Ды асудзіла на два гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, а таксама штрафу ў 200 базавых велічынь.

Hавiны
У Менску чарговы прысуд за каментары па справе Зэльцэра
2022.11.27 12:11

Суд Першамайскага раёну Менску вынес прысуд палітзняволенаму сакратару Свабоднага прафсаюзу металістаў Міхаілу Громаву, абвінавачанаму ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушылі грамадскі парадак, або ў актыўным удзеле ў такіх дзеяннях. Суддзя Святлана Чараповіч прысудзіла яму 2,5 гады «хатняй хіміі».

Праваабаронца Наста Лойка не выйшла на волю пасля чарговых 15 содняў арышту – яна знаходзіцца на перазатрыманні ў Першамайскім РУУС. У РУУС атрымалася перадаць для яе рэчы, лекі і сродкі гігіены. Праваабаронцу затрымалі 28 кастрычніка. Пазней ёй двойчы прысудзілі па 15 содняў арышту за «дробнае хуліганства» (арт. 19.1 КаАП). На мінулым судзе Лойка распавядала пра катаванні яе электрашокерам і холадам.

Праваабаронцам стала вядома, што верхнядзвінскую актывістку Валянціну Болбат асудзілі да арышту на 10 содняў. Але няма звестак пра тое, у чым канкрэтна абвінавацілі актывістку, і не зразумела, калі над ёй адбыўся суд. 22 лістапада ў яе адбыўся ператрус, а потым некалькі гадзін актывістку апытвалі пра кіраўніцтва руху «За свабоду», у прыватнасці, пра Юрыя Губарэвіча.

Сяргею Бандарэнку, стрыечнаму брату Васіля Парфянкова, які загінуў ва Украіне, прыслалі позву ў суд. Яго абвінавачваюць у экстрэмізме за фотаздымак яго брата ў тэлефоне.

Нагадаем, што месяц таму позна ўвечары супрацоўнікі міліцыі затрымалі Сяргея Бандарэнку ў яго кватэры. Паводле Бандарэнкі, яго збівалі міліцыянты па дарозе ў ІЧУ і самі завезлі ў шпіталь хуткай дапамогі, адкуль ён уцёк за мяжу. Ён лічыць, што сілавікі ведалі, што ён знаходзіцца не ў Менску, і таму позва ў суд з’яўляецца фармальнасцю, каб судзіць яго завочна спачатку па адміністрацыйнай справе, а потым распачаць крымінальную.

Hавiны
Брата Васіля Парфянкова абвінавачваюць у экстрэмізме
2022.11.27 13:58

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў