«Перамога будзе на баку праўды». Ціханоўская і беларускія добраахвотнікі віншуюць з гадавінай Слуцкага збройнага чыну


Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская і беларускія добраахвотнікі ва ўкраінскім войску віншуюць беларусаў з чарговай гадавінай пачатку Слуцкага збройнага чыну – беларускага паўстання 1920 года супраць бальшавікоў і за незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі.

Віншаванне палка Каліноўскага з нагоды Слуцкага збройнага чыну.
Фота: Полк Каліноўскага / Telegram

«У 1920 годзе ў Слуцку ўзнялі паўстанне: беларусы хацелі абараніць сваё права жыць у Беларускай Народнай Рэспубліцы – у Беларусі, вольнай ад любой іншай улады, акрамя беларускай.

Гэта быў не «галодны бунт», якіх у тыя гады было шмат на аскепках Расейскай імперыі. Гэта быў рух, у якім і сяляне, і інтэлігенцыя абаранялі ідэю існавання Беларусі. Людзі, якія нават не былі прафесійнымі ваеннымі, змагаліся супраць значна большага войска. Яны не мелі шматгадовай падрыхтоўкі – але мелі годнасць і мэту жыць у сваёй вольнай краіне, а не быць часткай чужой імперыі», – адзначыла ў сваім віншаванні Святлана Ціханоўская.

Паводле яе, «зараз прапаганда намагаецца схаваць гэтую дату», «бо Слуцкі збройны чын даказвае, што нашая нацыя самастойная, што беларусы могуць бараніць сваю незалежнасць».

Полк імя Кастуся Каліноўскага паведаміў, што «лічыць сябе нашчадкамі ўсіх, хто калісьці ваяваў за незалежнасць нашай бацькаўшчыны».

«Вы сталі прыкладам для будучых пакаленняў. Вы сапраўдныя героі. Менавіта ваш шлях мы з гонарам працягваем, ваюючы прама зараз з Расейскай імперыяй. Мы ўпэўненыя, што прыбярэм яе ўплыў з нашай роднай Беларусі і мэта пастаўленая больш за стагоддзе таму ажыццявіцца ў найбліжэйшай будучыні», – гаворыцца ў заяве.

А ў палку «Пагоня» падкрэслілі, што хоць Слуцкае паўстанне было задушанае, «27 лістапада застаецца для беларускага народу вельмі важнай датай, якая нагадвае нам пра нашу няспынную барацьбу, імкненне да незалежнасці і ідэалы беларускага народу».

«Мы віншуем кожнага беларуса і нагадваем, што перамога абавязкова будзе на баку праўды і святла», – заявілі ў палку.

27 лістапада адзначаецца Дзень герояў. Ён прысвечаны Слуцкаму збройнаму чыну – арганізаванаму Войскам Беларускай Народнай Рэспублікі дзеля самастойнай беларускай дзяржаўнасці і супраць бальшавікоў.

Гісторыі
Слуцкі збройны чын: «Тым, якія першымі паўсталі і пайшлі ўміраць, каб жыла Бацькаўшчына»
2022.11.27 14:26

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў