Медыі: У Берасці КДБ лепіць аналаг справы «Белага легіёну». Што вядома і што кажуць крыніцы


Выданне «Наша Ніва» паведамляе пра новую масавую крымінальную справу ў Берасці ў дачыненні да нязгодных з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі. Інфармацыю пра масавыя затрыманні ў рэгіёне пацвярджаюць і крыніцы «Белсату».

Будынак КДБ у Менску.
Фота: Reform.by

Паводле выдання, на гэтым тыдні адбылася хваля затрыманняў у Берасці і Берасцейскай вобласці. Паведамляецца, што камеры Івацэвіцкага РАУС, прызначаныя для ўтрымання людзей, затрыманых за адміністрацыйныя справы, перапоўненыя.

У прыватнасці, масава затрымлівалі кіроўцаў-дальнабойнікаў, людзей, якіх судзілі паводле артыкулу 23.34 КаАП у 2020 годзе, і тых, у каго ёсць намёкі на беларускую ці ўкраінскую сімволіку, рэпосты з незалежных рэсурсаў, кантакты з незалежнымі структурамі.

Таксама, піша НН, Камітэт дзяржаўнай бяспекі ў Берасці «лепіць аналаг справы «Белага легіёна» – спрабуе даказаць, што мясцовыя гурткі па навучанні стральбе рыхтавалі людзей да паўстання супраць дыктатуры».

Справа «Белага легіёну» пра нібыта падрыхтоўку ўзброенага паўстання ўзнікла ўвесну 2017 года падчас пратэстаў «недармаедаў». Але пасля таго, як пратэсты былі задушаныя, справа развалілася.

Агляд
Паспалітае рушэнне, план «Перамога», полк Каліноўскага і полк «Пагоня» – чым яны адрозніваюцца?
2022.10.01 16:40

Рэпрэсіі хаваюць, бо трэба паказаць стабільнасць

Крыніцы «Белсату» пацвярджаюць звесткі пра перапоўненыя ІЧУ на Берасцейшчыне. Пры гэтым адзначаюць, што на сваякоў і адвакатаў вельмі моцна ціснуць.

«Адвакатам прамым тэкстам кажуць, што пазбавяць ліцэнзіі, а родным кажуць, што іх сваякі сядуць на дзесяць гадоў, і што іх таксама пакараюць за садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці, калі інфармацыя з’явіцца на «Белсаце» або «Вясне». І людзей можна зразумець, яны першы раз у такой сітуацыі і баяцца. Калі раней сілавікі спецыяльна паказвалі, колькі людзей яны затрымліваюць, то цяпер яны хочуць паказаць, што ўсё пад іх кантролем і сітуацыя змянілася, стала ўсё добра, але не могуць аслабіць рэпрэсіі, бо пратэсты вельмі хутка зноў адновяцца, бо людзі вельмі незадаволеныя. Таму ціснуць яшчэ больш», – кажа наш суразмоўца.

Атака на грэка-каталікоў

З апошняй хваляй палітычнага пераследу на Берасцейшчыне звязваюць і атаку на святароў Беларускай грэка-каталіцкая царквы:

«ГУБАЗіК лічыць Грэка-каталіцкую царкву і яе святароў і вернікаў ненадзейнымі, таму два апошніх месяцы ідзе моцны ціск на іх. Так спачатку ў Берасці былі затрыманыя айцец Ігар Кандрацьеў (атрымаў 12 содняў) і краязнаўца, галоўны рэдактар газеты «Царква» Ігар Бараноўскі (15 содняў)».

А на мінулым тыдні берасцейскі ГУБАЗіК зʼездзіў «у госці» у Івацэвічы. Там быў затрыманы грэка-каталіцкі святар Віталь Быстроў, якому стала дрэнна, і хуткая забрала мужчыну ў больніцу.

«Яны дабіваюцца, каб людзі пакінулі Беларусі, пагражаюць крымінальным пераследам, і таксама спрабуюць выбіць інфармацыю пра вернікаў. Затрымліваюць людзей за тое, што яны быццам бы падпісаныя на экстрэмісцкія тэлеграм-каналы. Але нават калі ў чалавека няма тэлеграма ў тэлефоне, гэта няважна. Кажуць, што адмыслова выдаліў яго і гэтага дастаткова, каб заехаць на 15 содняў», – кажа наш суразмоўца.

Якуб Хруст, АЛ belsat.eu

Стужка навінаў