«МакДоналдс» усё-такі сышоў? Сайт сеткі абнавіўся дзіўным чынам, а астролаг зрабіла свой прагноз для ОНТ


Сайт беларускага «МакДоналдс» запусціў аўтаматычнае перанакіраванне на новы адрас, які не ўтрымлівае адсылак да назвы кампаніі. На галоўнай старонцы і на выявах пазіцыяў меню больш няма вядомага лагатыпу.

«МакДоналдс» на Кастрычніцкай плошчы.
Фота: Белсат

Інтэрнэт-старонка сеткі рэстарана абнавілася ўвечары 27 лістапада, пасля чаго ўключылася аўтаматычная пераадрасацыя на сайт ksbv.by. Таксама змяніўся адрас электроннай пошты для зваротаў і былі ўнесены некаторыя змены ў меню. Гэтак, больш не прапануецца бургер «Біг Мак».

То з’яўляецца, то знікае

Між тым 27 лістапада ж «Зеркало» паведаміла, што ў некаторых менскіх кропках «МакДоналдс» зноў сталі знікаць шыльды з назвай установы, пры гэтым віселі таблічкі «мы працуем»:

«Спачатку ўсе лагатыпы прыбралі, потым вярнулі, а сёння зноў знялі».

Пры гэтым некаторыя чытачы выдання казалі, што шыльды і сімволіка «МакДоналдс» наадварот пачалася вяртацца раніцай нядзелі. А ў некаторых рэстаранах «стала менш напамінкаў аб «МакДоналдс» – прыбралі надпісы з дзвярэй і фасадаў».

«Ну што сказаць. Сёння працуем да 00.00, заўтра адчыняемся ў 07.00. Шыльды ўжо знятыя (літары М). Усе рэстараны працуюць у штатным рэжыме, у нас усё ў наяўнасці ёсць. Пакуль больш ніякай інфармацыі ў нас няма – што будзе заўтра, даведаемся заўтра раніцай», – паведаміў адзін з супрацоўнікаў сеткі.

У дзяржаўных медыяў свае эксперты

Між тым тэлеканал ОНТ прадставіў 26 лістапада сваё расследаванне наконт сітуацыі з рэстаранамі «МакДоналдс» у Беларусі. І па каментар яго працаўнікі звярнуліся да астролага Маргарыты Драбені:

«Карта кажа – усё будзе стаяць, сітуацыя амаль не будзе развівацца. Калі б у мяне спыталі, што лепш для кампаніі, я б сказала – пакінуць усё, як ёсць. Калі сабраўся сысці – сысці да канца. Калі сабраўся застацца – зваротна. У наступным годзе, калі яны сыдуць, з карты выразна бачна – будзе страта грошай».

Але, відаць, прагноз гадалкі не спраўджваецца.

Hавiны
«Наша Ніва»: «McDonald’s» застаецца ў Беларусі, бо Лукашэнка забараніў мяняць франшызу
2022.11.24 18:05

Раней паведамлялася, што рэстараны «McDonald’s» спыняць працу ў Беларусі а 18:00 21 лістапада, а з 22 лістапада адкрыюцца пад брэндам сеткі «Вкусно – и точка» расейскага прадпрымальніка Аляксандра Говара, які пасля пачатку вайны выкупіў амерыканскія рэстараны ў Расеі.

Аднак у дзень анансаванага закрыцця рэстараны працягнуў працу, а некаторыя з іх нават вярнулі раней знятыя шыльды. Супрацоўнік рэстарану паведаміў «Zerkalo», што сетка працягне працаваць у штатным рэжыме яшчэ некалькі тыдняў. «Наша Ніва» з спасылкай на свае крыніцы пісала, што нібыта Лукашэнка забараніў мяняць франшызу.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў