Брата Васіля Парфянкова абвінавачваюць у экстрэмізме


Сяргею Бандарэнку, стрыечнаму брату Васіля Парфянкова, які загінуў ва Украіне, прыслалі позву ў суд. У ёй пазначана, што яго абвінавачваюць у экстрэмізме. Позва прыйшла са спазненнем – з’явіцца ў суд ён павінен быў 22 лістапада.

Сяргей Бандарэнка паведаміў «Белсату», што падставай для абвінавачання стаў фотаздымак яго брата ў тэлефоне.

Нагадаем, месяц таму позна ўвечары супрацоўнікі міліцыі затрымалі Сяргея Бандарэнку ў яго кватэры. Прычым, гэта сам Сяргей выклікаў нарад міліцыі з-за канфлікту з гасцямі. Ён сцвярджае, што яго збівалі міліцыянты па дарозе ў ІЧУ і самі завезлі ў шпіталь хуткай дапамогі. Пазней сілавікі распаўсюдзілі відэа з затрыманым Бандарэнкам, у якім абразліва казалі, што «гэты маргінальны распаўсюджвальнік экстрэмізму з’яўляецца братам ліквідаванага найміта з атраду імя павешанага паляка». Падставай для складання пратаколу сталі фотаздымкі Сяргея з яго стрыечным братам Васілём Парфянковым у мабільным тэлефоне.

Сяргей не стаў чакаць, калі за ім прыедуць сілавікі і самастойна пакінуў шпіталь, а потым выехаў за межы краіны. Цяпер ён знаходзіцца ў Польшчы.Сяргей лічыць, што сілавікі ведалі, што ён знаходзіцца не ў Менску, і таму позва ў суд з’яўляецца фармальнасцю, каб судзіць яго завочна спачатку па адміністрацыйнай справе, а потым распачаць крымінальную.

Нагадаем, што за некалькі месяцаў да гібелі Васіля Парфянкова сілавікі затрымалі яго маці і сястру. Іх трымалі ў ізалятары на Акрэсціна і ўвесь час патрабавалі на відэа сказаць, што яны асуджаюць дзеянні Васіля. Маці, каб уратаваць сваіх дачок, сказала тое, што ёй загадалі. Потым асобна на відэа, якое зрабіў Сяргей Бандарэнка, яна сказала, што вымушана была на відэа адмовіцца ад яго, бо іх моцна збівалі і катавалі падчас адбыцця арышту. Яна папрасіла ў Васіля прабачэння і сказала, што ганарыцца сваім сынам.

Ваяры
Змагаўся за свабоду Беларусі, загінуў, ратуючы Украіну. Кім быў Васіль Сябро Парфянкоў?
2022.09.25 13:05

Любоў Лунёва belsat.eu

Стужка навінаў