Што зрабіць, каб беларусы правільна старэлі?

У Беларусі, паводле афіцыйных звестак, дэмаграфічная карціна мае агульнаеўрапейскія тэндэнцыі: узровень урбанізацыі расце, насельніцтва старэе. «Белсат» паслухаў, што казалі на віленскай канферэнцыі «Здаровае сталенне».

Розныя віды пенсіяў атрымліваюць каля двух з паловаю мільёнаў беларусаў, альбо амаль дваццаць сем адсоткаў насельніцтва. Сама па сабе старасць – з’ява натуральная, але ўся рэч у якасці жыцця, – адзначае кардыёлаг і неўрапатолаг Алег Дарашкевіч і наракае на тое, што шмат якія беларусы не дбаюць пра сваё здароўе, пакуль маладыя і працаздольныя.

«Шмат шкодных звычак, вельмі няправільнае харчаванне… каларыйнае, але яно спрыяе хуткаму нарастанню хранічных і небяспечных хваробаў: атэрасклерозу, інфарктаў, інсультаў, раку і псіхічных захворванняў», – расказвае Алег Дарашкевіч.

Вялікая колькасць непрацаздольнага, хворага насельніцтва – гэта дадатковая нагрузка на бюджэт. І дбаць пра гэта, натуральна, мусяць улады.

Але слухач лекцыі Аляксандр Царук адзначае:

«Праблема ў тым, што ніхто пра нашых пенсіянераў не думае. Нашая дзяржава не хоча плаціць больш пенсіяў. Яна спойвае людзей. Для нашага ўраду было б лягчэй, калі б больш людзей памерла, чым калі б людзі даўжэй жылі».

На думку Дарашкевіча, каб змяніць цяперашнюю сітуацыю ў Беларусі, новы дэмакратычны ўрад мусіць адкрыта абмеркаваць праблему з народам і распрацаваць дзяржаўныя крокі для забеспячэння здаровага ладу жыцця, наладзіць вытворчасць якасных харчоў і ўкараніць сістэму ранняй прэвентыўнай дыягностыкі.

Вольга, слухачка лекцыі, дадае:

«Для мяне здаровае старэнне – гэта актыўнае жыццё, добры настрой, пачуццё гумару і сустрэчы з рознымі людзьмі».

А таму кожны сам мусіць вызначыць для сябе, якой старасці ён хоча, і ўмацоўваць здароўе, пакуль яно ёсць.

7 рэчаў, якія трэба ведаць пра пенсію, нават калі не хочацца думаць пра старасць

Марына Яновіч, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны