Рэжысёра Валера Мазынскага пазбавілі пенсіі за асаблівыя заслугі перад Беларуссю


Забіў нешта насуперак інтарэсам уладаў? За гэта афіцыйна могуць пазбавіць пенсіі за асаблівыя заслугі.

Валер Мазынскі.
Фота: Валер Мазынскі / Facebook

Камісія ў вызначэнні пенсіяў за асаблівыя заслугі пры Савеце міністраў Беларусі 16 лістапада пазбавіла пенсіі за асаблівыя заслугі перад Рэспублікай Беларусь вядомага тэатральнага рэжысёра і кінадакументаліста Валера Мазынскага, піша радыё «Свабода».

У лісце за подпісам адказнай сакратаркі камісіі Наталлі Пучко спасылаюцца на пункт 14 Палажэння аб выдачы пенсіяў за асаблівыя заслугі.

Гэты пункт карэктавалі ў верасні: раней ён быў пра пазбаўленне пенсіі пры ўчыненні грамадзянаў злачынства і пры пазбаўленні ўзнагародаў. Цяпер туды дадалі такі радок: «…учынку, які наносіць шкоду дзяржаўным інтарэсам, нацыянальнай бяспецы». З якой менавіта нагоды пазбавілі пенсіі, у лісце не ўдакладняецца.

«Нейкая чыноўніца з мінкульту патэлефанавала раптам і прапанавала падысці і ўдакладніць нешта там па пенсіі. Я зайшоў і яна прапанавала мне напісаць прашэнне, дзе абавязкова ўказаць, што я не буду нічога рабіць непапраўнага ў дачыненні да ўлады. Іначай той дадатак, «за асаблівыя заслугі» будзе перагледжаны. Я падзякаваў за турботы і сышоў. Вось і ўсё», – распавёў рэжысёр «Белсату».

Мазынскі – былы галоўны рэжысёр драматычнага тэатру імя Якуба Коласа ў Віцебску, адзін ініцыятараў стварэння дзяржаўнага тэатру «Лялька» ў Віцебску, стваральнік тэатру «Вольная сцэна» ў Менску, ставіў спектаклі ў Купалаўскім тэатры, выкладаў рэжысуру ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце.

Таксама Мазынскі быў рэжысёрам, зняў тэлефільм паводле п’есы Янкі Купалы «Тутэйшыя» (2008), дакументальныя фільмы «Як пошуг маланкі» (2010) пра антысавецкі супраціў, «Палута Бадунова. Успомніць і… не забыць» (2012) пра адзіную жанчыну ва ўрадзе БНР, «Глыбоцкая змова» (2013) пра антыбальшавіцкі «Саюз беларускіх патрыётаў», «Кастусь Каліноўскі. Апошнія дні» (2016) і іншыя.

Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР (1984), лаўрэат прэміі Ленінскага камсамолу Беларусі (1978) і Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1986), прэміі «За свабоду думкі» імя Васіля Быкава (2016), узнагароджаны Медалём «100 гадоў БНР» (2019).

Паслядоўны крытык палітыкі дзейных уладаў у галіне культуры.

ВІДЭА
Сёлетнюю прэмію Васіля Быкава атрымаў Валер Мазынскі, які зняў 6 фільмаў для «Белсату»
2016.06.19 21:41

АА belsat.eu

Стужка навінаў