Лукашэнка прайграў, а міграцыйны крызіс працягнуўся. Што адбываецца вакол мігрантаў


«Белсат» пераказвае апошнія падзеі вакол міграцыйнага крызісу, які нібыта і выйшаў з самай вострай фазы, але не спыніўся цалкам – а то і пагражае разгарэцца зноў.

Літва не выключае імавернасць спробаў узброенага ўварвання ў краіну нелегальных мігрантаў з тэрыторыі Беларусі і гатовая іх адбіць, заявіў кіраўнік службы аховы мяжы Літвы.

Hавiны
Літва не выключыла, што з Беларусі пойдуць узброеныя талібы
2021.11.27 17:30

А ўкраінскія сілавікі правялі вучэнні на мяжы з Беларуссю. Яны вучыліся спыняць спробы мігрантаў прарываць мяжу і выяўляць сярод іх верагодных тэрарыстаў.

Тым часам, міжнародны рух Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца аб’явіў збор для Беларусі, Польшчы і Літвы. Колькі грошай збяруць, пакуль невядома, але ўсю суму падзеляць на тры краіны ў залежнасці ад патрэбаў.

Двое польскіх жаўнераў атрымалі лёгкія раненні падчас чарговай спробы мігрантаў штурмаваць беларуска-польскую мяжу непадалёк Белавежы.

Абноўлена
Польшча перадухіліла спробу прарыву мяжы ў раёне Белавежы. Двое жаўнераў атрымалі раненні
2021.11.27 10:37

«У бок польскіх службоўцаў было скіраванае святло страбаскопаў. Памежнікі былі аслепленыя лазерамі. На агароджу была кінутая драўляная платформа. Гэтая спроба прарыву была цалкам спыненая», – заявіла прадстаўнік прэс-служба памежнай аховы Польшчы Эвэліна Пчэпаньска.

Колькасць спробаў нелегальнага перайсці беларуска-польскую мяжу апошнім часам паступова змяншаецца. За апошнія содні польскія памежнікі спынілі 206 спробаў пераходу, у той час як 9 дзён таму такіх спробаў больш як паўтысячы.

Пакуль адныя мігранты працягваюць пад кіраўніцтвам беларускіх сілавікоў прарывацца ў Еўразвяз, іншыя вяртаюцца дамоў. Міністэрства транспарту Іраку пацвердзіла вылет чацвёртага эвакуацыйнага рэйсу з Менску ў аэрапорты Арбілю і Багдаду. Дамоў вярнуліся яшчэ 420 чалавек. Агулам з Беларусі вывезлі каля 1500 грамадзянаў Іраку.

Hавiны
З Беларусі ў Ірак вярнуліся ўжо каля 1,5 тысячы мігрантаў
2021.11.27 13:30

Сёння ўвечары запланаваны яшчэ адзін рэйс, наступныя два адбудуцца ў панядзелак і аўторак. Сваёй чаргі мігранты чакаюць на падлозе Менскага аэрапорту.

Тым часам у лагер мігрантаў Беларускі Чырвоны крыж прывёз гуманітарную дапамогу: ежу і рэчы. Прывезлі і ваду ў цыстэрнах. У халоднай вадзе жанчыны спрабуюць праць бялізну, бо гарачай няма. Мігранты скардзяцца, што ў лагеры немагчыма памыцца пад душам, прыбіральні брудныя, а ежы бракуе. Каб купляць дадатковую ежу ў шапіках, не ўва ўсіх стае грошай. А Аляксандр Лукашэнка працягвае палохаць Захад новымі хвалямі мігрантаў.

«Мярзотнікі, яны сем’яў не хочуць аб’яднаць. Але атрымаюць праблему на парадак вышэйшую, калі сюды хлынуць афганцы», – заявіў Лукашэнка.

Hавiны
«Знайшоў сабе новы народ». Што пішуць у сацсетках пра Лукашэнку ў «Брузгах»
2021.11.26 22:46

Нягледзячы на рэзкую рыторыку і пагрозы, міграцыйны крызіс ідзе на спад, мяркуе палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі:

«Лукашэнка, як бы ён ні бравіраваў з гэтым выездам у гэты лагер бежанцаў, дзе ён ізноў нейкія антызаходнія прамовы трымаў, але гэта ар’ергардныя прапагандысцкія баі. Беларускі рэжым адступае, гэта відавочна».

Тым часам польскі прэм’ер Матэўш Маравецкі ў інтэрвʼю агенцтву DPA абрынуўся з крытыкаю на Ангелу Мэркель, якая двойчы размаўляла з Лукашэнкам праз тэлефон:

«Калі канцлер Мэркель тэлефанавала Лукашэнку, яна спрыяла легітымацыі ягонага рэжыму, а барацьба за свабодную Беларусь цягнецца ўжо 15 месяцаў».

Маравецкі заявіў, што Лукашэнка падаў размовы з Мэркель як згоду на транспартаванне дзвюх тысячаў мігрантаў праз калідор у Нямеччыну ды іншыя еўрапейскія краіны. Але гэта не так, падкрэсліў кіраўнік польскага ўраду.

Hавiны
Ангела Мэркель сустрэлася з прэм’ер-міністрам Польшчы: абмеркавалі міграцыйны крызіс
2021.11.26 09:04

Не згодныя на прыезд новых мігрантаў з беларускай мяжы і самыя немцы. Паводле апытання сацыялагічнага інстытуту «YouGov», 45 адсоткаў грамадзянаў Нямеччыны не жадаюць, каб нават частка мігрантаў прыехала да іх. 21 адсотак апытаных пагадзіліся прыняць уцекачоў, але разам з іншымі краінамі Еўразвязу. У той жа час 18 адсоткаў рэспандэнтаў гатовыя прыняць мігрантаў толькі з зоны баявых дзеянняў.

Антон Каменскі, «Белсат»

Стужка навінаў