«Калі хтосьці пойдзе на мітынг – усіх перасаджаем». У якіх умовах працуюць настаўнікі пасля жніўня 2020-га


Суразмоўца «Белсату» Вольга (імя змененае дзеля бяспекі), дзейная настаўніца дзяржаўнай школы. Яна распавядае пра атмасферу ў якой цяпер працуюць настаўнікі сярэдніх школаў. Экспертка ў галіне адукацыі, з якой таксама пагутарыў «Белсат» дадае, у кожнай школе ёсць вакансіі, якіх не могуць запоўніць. Другая праблема, якая клапоціць настаўнікаў, – неабароненасць перад ковідам.

На здымку — святочная лінейка ў №180. Менск, Беларусь. 1 верасня 2021 года.
Фота: ПБ / Белсат

Што змянілася ў школе з гэтага навучальнага года? Якая там атмасфера?

– У гэтым годзе далі падпісаць паперу, што нельга абвяшчаць забастоўку. І калі адміністратыўны арышт адбудзецца, то ён залічваецца як прагул, а далей звальненне. З вінаватым выглядам мне паднеслі паперку.

Перад Днём Волі ўсе школы трэслі. Усіх дырэктараў сабралі, далі такі наганяй, што, маўляў, не дай бог хтосьці з вашых настаўнікаў пойдзе на які-кольвек мітынг – усіх звольнім і перасаджаем. Такія страшныя рэчы казалі.

Нашая дырэктарка на першай педагагічнай нарадзе адзначала, што асаблівую ўвагу нам трэба ўдзяліць вайскова-патрыятычнаму выхаванню. У нас з’явілася новая пасада, кіраўнік вайскова-патрыятычнага выхавання. Ёсць мужчына, робіць нейкія конкурсы патрыятычныя, што заўсёды былі. Ён адказны за патрыятычную працу. Ведаю, што гэта былы вайсковец, шмат гадоў таму сышоў са службы. Пасаду гэтую ўвялі, а вось інструкцыю, чым павінен гэты чалавек займацца, даслалі толькі ў лістападзе. У некаторых школах гэтыя настаўнікі вядуць дапрызыўную падрыхтоўку.

Ці хапае настаўнікаў у школах?

– Трошкі сыходзяць, але ў нас тут калектыў, які напрацаваўся гадамі. І на іншую школу мяняць не будуць, бо адэкватнае кіраўніцтва. Але ў суседніх школах – агромністая кадравая катастрофа. І на 1 верасня шмат якія вакансіі не былі закрытыя. Некаторыя вакансіі на заменах. У Каменнай Горцы – выпадкі, калі ў чалавека дзіця ў пачатковым класе, а ў яго няма першага настаўніка. То бок прыходзяць настаўнікі на замены. Адзін дзень – адзін, другі дзень – другі. Гэта ж няма першага настаўніка ў дзяцей! Урокі праводзяцца, а якасць іх – гэта пытанне другаснае для чынавенства. У нашай школе іншая сітуацыя. Але настаўніцы пачатковых класаў у нас – студэнткі.

Горадня, Беларусь. 1 верасня 2021 года.
Фота: Белсат

А ці ўзнікалі канфліктныя сітуацыі з бацькамі праз палітыку?

– На першым бацькоўскім сходзе адразу пастаралася гэтае пытанне зняць. Казала, што я асаблівы настаўнік, што я не брала ўдзелу ў фальсіфікацыях выбараў, мяне не завуць у камісіі. І я таксама перажываю за тое, што адбываецца ў Беларусі. Мне баліць сэрца і душа, як і ўсім вам. Хто пад якім сцягам ні хадзіў, мы ж не проста ходзім. Мы проста хочам, каб нашая Беларусь станавілася лепшаю. Мы выбіраем шлях, якім пойдзе нашая дзяржава. Таму свае погляды можна выражаць на мітынгах, у нас тады яны праходзілі пастаянна. А тут мы з іншымі задачамі сабраліся.

А тое, што датычыць аховы школы: яна ўзмацнілася?

– Гэтыя вахцёры, бабулькі, ім жа ўсім улетку прапанавалі прайсці курс павышэння кваліфікацыі. І яны сталі ўжо не вахцёрам, а ахоўнікам. У форме, з дручком гэтым. І хто хацеў падвучыцца, той стаў гэтым ахоўнікам, трохі заробак стаў большы. Змянілася толькі форма, а больш нічога: таксама на вахце сядзіць, званкі прымае, выдае ключы.

Інтэрв’ю
Былая працаўніца райвыканкаму пра прычыны звальнення: калектыў падзяліўся, мы перасталі размаўляць
2021.11.27 12:18

Ірына, экспертка ў сферы адукацыі (імя змененае дзеля бяспекі нашай суразмоўцы) звяртае ўвагу на хранічныя праблемы сярэдняй школы: недахоп кадраў і неабароненасць у час пандэміі COVID-19.

Якія цяпер настроі ў школах, што клапоціць настаўнікаў?

– Настаўнікі заклапочаныя праблемамі, якія не абмяркоўваюцца ў прэсе, праблемаю нястачы кадраў. Практычна ў кожнай школе ёсць вакансіі, якіх не могуць запоўніць. Другая праблема, якая клапоціць настаўнікаў, – неабароненасць перад ковідам. Дзеці прыходзяць у школу хворыя, разносяць хваробы, настаўнікі хварэюць самі і паміраюць іхныя старэйшыя сямейнікі. І, ясна, ім не падабаецца выкананне ідэалагічных функцыяў. Настаўнікі замоўклі, але не змірыліся. Найлепшыя настаўнікі не пагаджаюцца і сыходзяць, найлепшых звальняюць за тое, што яны непаслухмяныя. Таму такая вялікая нястача кадраў у выніку.

Людзі гуляюць у футбол на стадыёне школы нумар 180. Менск, Беларусь. 8 ліпеня 2021 года.
Фота: Белсат

Але ў школе яшчэ засталіся добрыя настаўнікі, якія даюць веды. Не ўсіх яшчэ выгналі. І таму дзякуючы бацькам, інтэрнэту, інфармацыйнай прасторы ўзровень ведаў дзяцей не падае. Але школа ўсё менш выконвае сваю функцыю як інстытуту сацыялізацыі, пабудовы грамадзянскай супольнасці. Яе хочуць зрабіць органам кантролю.

Настаўнікі вымушаныя выжываць. І як толькі ў настаўнікаў будзе крышачку больш свабоды, адразу ўсё стане на сваё месца. Узровень ведаў школьнікаў падымецца. Проста трэба даць свабоду школе, каб яна развівалася, каб яна дыхала свабодна, а не думала, як маршаваць і якія справаздачы наверх адпраўляць.

Вы чулі пра змены ў Кодэкс аб адукацыі? Як ацэньваеце гэтыя змены?

– Вось гэта пытанне, якое абсалютна не цікавіць беларускае грамадства і сродкі масавай інфармацыі. Гэты кодэкс 12 гадоў ужо абяцаюць рэфармаваць. Гэта не працавала з самога пачатку. І не будзе працаваць, якія б змены яны ні зрабілі.

Апошнія змены, якія паспрыялі развіццю беларускай адукацыі, былі ў 90-ыя гады, калі настаўнікам далі поўную свабоду. Бракавала падручнікаў, і настаўнікі ўсё рабілі самі, бо ў іх была прафесійная свабода.

Чытайце таксама:

АМ belsat.eu

Стужка навінаў