«Быў канкрэтна беларуска-савецкі фронт». Гадавіна Слуцкага Збройнага Чыну


«Пайшлі ў мы, воі з Божае ласкі, у бой за Случчыну сваю». Дзень герояў: 27 лістапада 1920 года распачаўся Слуцкі Збройны Чын.

«Войскі менавіта Беларускай Народнай Рэспублікі ўвайшлі ў бой з савецкімі войскамі. Быў канкрэтна беларуска-савецкі фронт», – сцвярджае гісторык Яўген Дудкін.

Сёння з Днём герояў павіншавала старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонка Сурвіла:

«Бязмежна ганаруся маім народам, які ў лістападзе 1920 года ўзяў зброю ў рукі, каб бараніць сваю зямлю ад чужой навалы. Тады яшчэ перад дзясяткамі гадоў прамывання мазгоў прапагандай савецкай улады народ наш адчуваў сябе гаспадаром свайго краю і ведаў цану свабоды. Першае войска БНР – 10 000 случакоў – не пашкадавала свайго жыцця, каб бараніць Бацькаўшчыну».

Напрыканцы 1920-га года Польшча і Савецкая Расея, што ваявалі на беларускай тэрыторыі, заключылі між сабою перамір‘е, падзяліўшы Беларусь на зоны кантролю. Случчына зрабілася нейтральнаю зямлёю.

Акурат там з‘явілася магчымасць для канцэнтрацыі патрыётаў, якія хацелі незалежнай Беларусі, гаворыць прафесар гісторыі Алег Латышонак, які асабіста размаўляў з апошнім жывым паўстанцам:

«На Случчыну прыйшлі атрады адусюль, нават адзін беластоцкі батальён, складзены з ураджэнцаў Беласточчыны, якія змагаліся ў арміі Булак-Балаховіча, якія дайшлі ажно да Дняпра і не хацелі так проста адступаць. У асноўным была Меншчына, але не толькі Случчына. Бабруйшчына, Барысаўшчына. Людзі, атрады цэлыя прыйшлі».

Без вонкавага падтрымання і рэсурсаў, але больш за месяц тысячы беларусаў давалі збройны адпор бальшавікам. 27 лістапада – Дзень герояў, які мае быць у пантэоне дзяржаўных беларускіх святаў, зазначае прафесар. Пры лукашэнкаўскім рэжыме ўсе мінулыя гады свята адзначала патрыятычная грамадскасць. Сёлета з прычыны нечуваных рэпрэсіяў гэта робяць толькі за мяжою – у Львове, Варшаве, Кіеве ды іншых гарадах.

«Гэтую падзею – Слуцкае паўстанне – замоўчваюць у падручніках, бо яна не выгадная дзяржаўнай ідэалогіі сённяшняй. Чаму? Бо беларуская ідэалогія сучасная будуецца на посткамунізме, неакамунізме, адраджэнні савецкай дзяржаўнасці», – тлумачыць гісторык Яўген Дудкін.

Згадкі пра Слуцкі Збройны Чын заціралі не толькі ў гістарычнай навуцы, але і ў народнай памяці. Пасля савецкай акупацыі Случчыны бальшавікі расстрэльвалі і вывозілі ў Сібір сем’і герояў.

Але нягледзячы на ўсе рэпрэсіі, як і слуцкія паўстанцы на стагоддзе раней, у 2020 годзе людзі ўзнялі беларускія сцягі па ўсёй краіне. А значыць, Бацькаўшчына будзе жыць.

Вітаўт Сіўчык, «Белсат»

Стужка навінаў