Былая працаўніца райвыканкаму пра прычыны звальнення: калектыў падзяліўся, мы перасталі размаўляць


Цягам апошніх месяцаў з дзяржаўных прадпрыемстваў па ўсёй краіне масава звальняюць тых, хто нейкім чынам праявіў сваю нелаяльнасць да дзейнай улады. Не абмінула хваля звальненняў і райвыканкамы. Суразмоўца «Белсату», былая працаўніца аднаго з райвыканкамаў, распавядае пра ўмовы працы пасля апошніх выбараў і чаму прыняла рашэнне сысці з працы.

Мы не называем імя суразмоўцы з уліку пытання бяспецы.

Галасаванне ў Горадні. 9 жніўня 2020 г.
Фота: Белсат

– Як падзеі жніўня 2020-га адбіліся на вашай працы?

– У нас калектыў падзяліўся, мы перасталі размаўляць. У прынцыпе, я таму і звольнілася. Пастаянна чакала здрады ад людзей, з якімі разам працавала столькі гадоў. Стала цяжка. Я хацела яшчэ год таму сысці і падала заяву на звальненне перад самымі выбарамі. Прыехала абласное начальства, і мяне папрасілі яшчэ год папрацаваць. У выніку я звольнілася ў жніўні 2021-га. Калегі, якія ўдзельнічалі ў выбарах, – яны былі замкнёнымі. Працаўніца, якая збірала подпісы за кандыдата № 1, прыходзячы на працу літаральна ўся трэслася. У яе нічога не выходзіла, людзі аблайвалі. Ад яе патрабавалі, каб за дзень сабрала, напрыклад, 25 подпісаў, а на выхадзе было толькі адзін-два.

Перад выбарамі казалі, які адсотак галасоў патрэбны. Выклікалі ўсіх старшыняў камісіяў і агучвалі. Перад Новым годам у нас быў сход, узнагароджвалі ўсіх старшыняў і сакратароў камісіяў, усім давалі прэмію, падзяку прэзідэнта ўручалі. І было агучана ўпаўнаважанай асобай: ну вось бачыце, усё добра скончылася, а вы баяліся!

Інтэрв’ю
Дзяржслужбоўца: Кіраўніцтва мае спісы тых, хто падпісваўся за альтэрнатыўных кандыдатаў
2021.11.26 09:30

Калі я звальнялася з працы, мой кіраўнік прапанаваў: мы Вам заробак павялічым, прэмію дамо, але толькі не сыходзьце. Я адказала, што згодная адмовіцца ад паловы заробку, але каб нам далі яшчэ аднаго чалавека. Працы стала ў разы больш ад недахопу спецыялістаў. Людзі самі адмаўляюцца ад руху па кар’ернай лесвіцы.

– Вы сачылі за выказваннямі Лукашэнкі?

– Я слухала выказванні Лукашэнкі, нешта падабалася, нешта не. Але пачынаючы з таго часу, калі пачалася пандэмія і ён пачаў гаварыць пра трактар, часнык і хакей, я зразумела, што чалавек проста не ў сабе. Я пастанавіла, што ні за што не буду яго прасоўваць і не буду за яго галасаваць.

– Вас прымушалі ўдзельнічаць у мітынгах у падтрыманне Лукашэнкі?

– Гэта было 16 жніўня. Мне паступіў званок з райвыканкаму, і кажуць: вы дзе? Я сказала, што зʼехала. Праз тыдзень я пагутарыла з тымі, хто ездзіў на мітынг. Казалі, што было сорамна і страшна. Іх везлі на аўтобусе, яны ішлі калонай, быццам па дарозе ганьбы. Людзі асвіствалі.

– А ці ўзмацніўся ідэалагічны кантроль за работнікамі?

– Несумненна. Уключалі выступ Лукашэнкі на Народным сходзе, і мы павінны былі сядзець і слухаць усё гэтае трызненне. Але зноў жа аддзел загружаны вельмі, таму я дазваляла сабе не хадзіць на нейкія нарады. Выступы ў Доме культуры былі, у культурным цэнтры. Нам тэлефанавалі і казалі, што яўка павінна быць хаця б 50 %. Я казала «добра», клала слухаўку, і ніхто нікуды не ішоў. На ідэалагічныя мерапрыемствы хадзіў той, хто баяўся.

І яшчэ мы падпісвалі вялікую колькасць розных забаронаў: не можам ні даваць інтэрвʼю, нічога пісаць нельга. Для нас гэта ўжо крымінальная адказнасць. Крок улева, управа – расстрэл. Дадаткі да кантракту дадаюцца раз на год. І з кожным разам яны больш жорсткія. Да жніўня 2020-га ў нас былі пункты, дзе нам ужо нічога нельга было.

Я чула такое, што мы зазналі паразу. Мы не зазналі паразы, бо ў душы ў кожнага чалавека не памёр гэты супраціў, не памерла адчуванне, што нас падманваюць.

Hавiны
Новая пасада дзеля зачысткі? Як КДБ звальняе людзей на «Беларуснафце»
2021.11.26 15:50

Чытайце таксама:

АМ belsat.eu

Стужка навінаў