«Прыязджайце, будзем арыштоўваць». Што вядома пра справу супраць школьнікаў, якія спрабавалі патушыць Вечны агонь


У Горадні двое падлеткаў паспрабавалі патушыць Вечны агонь, а супраць іх распачалі крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 339 КК («Хуліганства, здзейсненае групай асоб») і паказальна затрымалі ў актавай зале школы. Да суда змясцілі ў СІЗА. «Белсат» паразмаўляў са знаёмым сям’і аднаго са школьнікаў і даведаўся, як адбывалася затрыманне хлопцаў і колькі яны прабудуць пад арыштам.

Хлопец залівае газіроўкай Вечны агонь у парку Жылібера. Гародня, Беларусь. 15 кастрычніка 2022 года. Скрыншот з відэа: Зваротная бок / Telegram

На мінулым тыдні праўладны тэлеграм-канал, блізкі да сілавікоў, паведаміў, што ў Горадні затрымалі школьнікаў 14 і 15 гадоў. Сцвярджаецца, што яны 15 кастрычніка пагасілі газіроўкай Вечны агонь на брацкай магіле савецкіх воінаў і партызанаў у парку Жылібера, а пасля нібыта выклалі ў інтэрнэт відэазапіс. Далей быццам бы міліцыянты заўважылі відэа, затрымалі хлопцаў і змясцілі іх у ізалятар. Але насамрэч усё было не зусім так.

Як распавёў «Белсату» знаёмы сям’і аднаго з затрыманых, першапачаткова міліцыя забрала падлетка з урокаў раніцай 21 кастрычніка ў іншай справе: «Забралі, бо ў іх нейкая бойка з хлопцамі адбылася, і яго ўзялі, каб паказанні ўзяць. Потым міліцыянты пачалі правяраць тэлефон, і там было гэтае відэа».

Пазней сілавікі пераслалі гэтае відэа сабе і ўжо потым яно трапіла ў інтэрнэт, але самі падлеткі нічога не выкладалі. У допісе праўладнага тэлеграм-каналу пазначана, што падлеткі нібыта самі выклалі відэа ў інтэрнэт: «Адзін з іх заліў напоем агонь на брацкай магіле савецкіх воінаў і партызанаў, другі зняў на мабільнік і выклаў у сетку».

Спачатку падлеткаў даставілі ў РУУС Кастрычніцкага раёну з нагоды бойкі, а калі міліцыянты знайшлі відэа – забыліся пра бойку і адвезлі іх у РУУС Ленінскага раёну.

Да школьнікаў паспелі прыехаць бацькі, яны прысутнічалі на допыце разам з затрыманымі хлопцамі. Пасля допыту бацькі былі ўпэўненыя, што дзяцей адпусцяць дадому, але сілавікі вырашылі затрымаць тых на 72 гадзіны і павезлі ў ізалятар. У гэты час бацькам не паведамлялі, як іхныя дзеці, не давалі звязвацца з імі. Толькі 24 кастрычніка патэлефанавалі і сказалі, што вырашылі арыштаваць падлеткаў на даўжэйшы тэрмін – да суда.

«Гэтыя тры дні мы наогул не ведалі, дзе і як яны былі, ні тэлефона не далі, ні адвакатаў, нікога. Следчы нічога не казаў. Толькі потым, у панядзелак, патэлефанавалі і сказалі: «Прыязджайце, будзем арыштоўваць». Да гэтага наогул не ведалі, што з імі і дзе яны будуць», – распавядае знаёмы сям’і.

Пасля затрымання падлеткаў сілавікі вырашылі зладзіць паказальнае затрыманне ў школе. У праўладным тэлеграм-канале тады напісалі: «Хайпажорам арганізавалі хвіліну славы па месцы вучобы. Школьнікам распавялі пра «подзвіг» іх таварышаў і адказнасць за падобныя «прыколы». Весела і смешна ўжо нікому не было».

Скрыншот з відэа: Зваротны бок / Telegram

«Усё ў шоку ад таго, што зладзілі гэтую паказуху. Дзяцей яны не правучылі, а толькі больш ўзлавалі. Дзеці ўвесь дзень потым плакалі хадзілі, перажывалі за хлопцаў», – дзеліцца знаёмы сям’і.

Адміністрацыя школы цяпер таксама спрабуе дапамагчы затрыманаму школьніку.

Усяго ў тым інцыдэнце ўдзельнічалі чатыры падлеткі, аднаму з іх 13 гадоў – ён праходзіць у якасці сведкі. У той вечар хлопцы вярталіся з дыскатэкі, па дарозе зайшлі ў краму і пасля пайшлі праз парк, дзе і быў Вечны агонь. На апублікаваным відэа бачна, што хлопцы спрачаюцца, ці магчыма пагасіць агонь, аператар падбухторвае хлопца з бутэлькай паспрабаваць гэта зрабіць. Выказванняў пра тых, каму прысвечаны Вечны агонь, на відэа не чуваць. Ці быў пашкоджаны Вечны агонь газіроўкай, не паведамляецца.

«Я разумею [жаданне] пакараць, але не гэтак жа. Яны ж нават не ўсведамляюць, не зразумелі, што гэты агонь азначае, і толкам не разумеюць. Побач ішлі і зачапіліся за яго, потым спалохаліся і ўцяклі. Я не апраўдваю, але ж гэта ўсё па дурасці зрабілі. Яны нават не ведалі і не думалі, што ён можа патухнуць, не збіраліся яго тушыць. Нават спрачаліся паміж сабой, што ён не можа патухнуць», – кажа знаёмы сям’і.

Супраць затрыманых распачалі крымінальную справу за «злоснае (групавое) хуліганства» – паводле арт. 339 КК РБ. Паводле часткі 2 («групай асоб») школьнікаў могуць пакараць арыштам, абмежаваннем волі на тэрмін да двух гадоў або пазбаўленнем волі на тэрмін да трох гадоў. Адказнасць за гэты артыкул наступае з 14 гадоў.

Цяпер затрыманыя застаюцца ў СІЗА да суда. Родным казалі, што справу будуць расследаваць два месяцы, але з іншых крыніцаў вядома, што следчыя будуць весці яе тры месяцы. «Мы нічога не ведаем пра гэта. Што следчыя збіраюцца высвятляць тры месяцы, незразумела», – каментуе знаёмы сям’і аднаго з хлопцаў.

Родныя ўжо змаглі перадаць затрыманым падлеткам харчы і цёплыя рэчы, але пагаварыць або пабачыцца з імі да суда яны не змогуць.

Алена Рувіна / Авер belsat.eu

Стужка навінаў