Кіберпартызаны рыхтуюць масіраваную атаку па рэжыме Лукашэнкі


Аляксандр Лукашэнка узяўся за кібербяспеку – сферу, пра якую не мае ніякага паняцця. На нарадзе з сілавікамі ён расказваў, што ў Беларусі атакуюць «кібернэцікі». Чаму Лукашэнка расхваляваўся менавіта цяпер і як гэта звязана з вайной супраць Украіны? У сюжэце з праграмы «ПраСвет» прадстаўніца кіберпартызанаў анансавала новы ўдар па сістэмах Лукашэнкі. Калі ён можа адбыцца? Ці гатовы рэжым да абароны?

Відавочна, што Лукашэнка слаба разумее, пра што гаворыць, калі ўзгадвае кібербяспеку. Але пагрозу з боку кіберпартызанаў для сваёй тэхнічна адсталай сістэмы ён адчувае добра. І інтуіцыя дыктатара не падводзіць.

«Мы плануем масіраваную атаку, кіберпартызаны працуюць над доступам да розных сістэмаў. Калі прыйдзе час, калі адкрыецца для нас акенца магчымасцяў, гэтыя атакі будуць падтрыманыя людзьмі ўнутры краіны, магчыма, за мяжою. Тады ўсе пабачаць, як будуць выглядаць масіраваныя атакі», – заявіла прадстаўніца беларускіх кіберпартызанаў Юліяна Шаметавец.

Прыкладаў падобных атакаў, якія прадэманстравалі беларускія партызаны, ні ў нашым рэгіёне, ні ў свеце не было. Зліццё асабістых звестак сілавікоў, абнародаванне пашпартнай інфармацыі нават сям’і Лукашэнкі і набліжаных да яго асобаў, іх перамяшчэнні, «хаты» беларускіх спецслужбоўцаў, размовы сілавікоў, імёны даносчыкаў. Сёлета – атака на беларускую чыгунку. Лічбавыя партызаны могуць атрымаць доступ не толькі да базаў звестак прыслужнікаў рэжыму, але і пашкодзіць інфраструктуру, патрэбную для вайны Расеі супраць Украіны.

Паводле Юліяны Шаметавец, беларускія кіберпартызаны застаюцца ў стане нападу цягам двух гадоў.

«У іх ёсць ініцыятыва. І рэжым дагэтуль не змог перахапіць гэтую ініцыятыву, – кажа Юліяна Шаметавец. (…) У іх няма грошай, каб наняць добрых спецыялістаў. Яны, мы ведаем, звольнілі шмат спецыялістаў пасля 2020 года. Яны не давяраюць людзям, якія ўдзельнічалі ў пратэстах. Яны хутчэй за ўсё возьмуць лаяльных, чым прафесійных людзей. Вынікі мы бачым. Гэта добра, што кіберпартызаны атрымалі інфармацыю, але яе маглі б атрымаць злачынцы».

Інфармацыя, якую зліваюць кіберпартызаны, б’е па сілавых ведамствах, апоры рэжыму. Поспехі такіх атакаў сведчаць пра тое, што сістэмы слаба абароненыя.

А Лукашэнка і не збіраецца нейкім чынам кардынальна змяняць стан рэчаў. Для яго гэта, пэўна, грошы, выкінутыя на вецер.

«Хачу папярэдзіць, што датычыць стварэння дадатковых цэнтраў структураў. І яшчэ нейкіх хакерскіх, кібернетычных (…) Дадатковых грошай няма, каб хадзіць адно за адным і нешта назіраць. (…) Ведаем, на што будзе скіраваная кібератака, вось гэтыя аб’екты трэба і абараняць. Будзем сыходзіць з гэта, а не ствараць новы ўрад, міністэрства ці, як у нас прынята, цэнтры бяспекі», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Нелегітымнага кіраўніка Беларусі хвалюе пытанне кібербяспекі, бо вайна ва Украіне з ягоным удзелам у ёй не згортваецца, а паўтарэння сітуацыі, калі кіберпартызаны ў першыя месяцы вайны стварылі істотныя праблемы расейскім войскам у Беларусі, яму зусім не хочацца. Адпаведна, дыктатар імкнецца хоць неяк абараніць крытычную інфраструктуру, у тым ліку чыгункі, на выпадак, калі напад на Украіну праз Беларусь паўторыцца.

«Калі інфраструктура, асаблівая крытычная інфраструктура, не падрыхтаваная, калі належная ўвага не надаецца абароне крытычнай інфраструктуры, то гэтыя атакі з боку хакерскіх групаў, з боку нейкіх іншых дзяржаваў, з боку ўнутраных суб’ектаў могуць быць паспяховымі і адпаведна пагражаць эканоміцы, нацыянальнай бяспецы. І ў прынцыпе прыносіць шмат клопату», – кажа прадстаўнік праваабарончай арганізацыі «Нuman Constanta».

Дарэчы, немалыя грошы рэжым вылучаў на сродкі лічбавага кантролю за грамадзянамі – так сістэмы відэаназірання дазваляюць рэжымаўцам дагэтуль затрымліваць беларусаў за ўдзел у пратэстах 2020 года. Таксама сілавыя структуры Лукашэнкі выкарыстоўваюць шэраг сродкаў, якія дазваляюць адсочваць трафік, блакаваць сайты, фільтраваць ці запавольваць трафік. Да таго ж органы рэжыму блакуюць ды атакуюць сайты незалежных СМІ, якія даўно прылічылі да экстрэмісцкіх. Але ж самі абараніцца ад больш-менш сур’ёзнага праціўніка не здольныя.

«У мінулыя гады мы думалі, што Беларусь даволі добра пачуваецца ў кібербяспецы. На гэта было выдаткавана шмат грошай, – распавядае праваабаронца арганізацыі «Human Constanta». – І ў прынцыпе ў міжнародных рэйтынгах Беларусь была не так кепска прадстаўленая. Але на практыцы мы бачылі, што асноўныя базы дадзеных грамадзянаў былі злітыя. Гэта вельмі сур’ёзны ўдар па нацбяспецы. Мы бачылі, што замест складаных сістэмаў фільтрацыі трафіку дзяржаўныя сайты выключылі проста доступ з замежных IP. У тым ліку тых грамадзянаў, якія знаходзяцца за мяжой, і ім трэба падаваць падатковую дэкларацыю».

Звычайны беларус фактычна не першы год жыве ў стане лічбавай вайны з дзяржавай. Для ўласнай абароны трэба не забываць, што варта карыстацца не расейскімі VPN. Таксама нельга карыстацца любымі расейскімі праграмамі, нават для дастаўкі ежы, бо ўся нашая інфармацыя там не абароненая і зліваецца.

«Карыстайцеся ўкладкамі інкогніта ў любым браўзеры, – раіць прадстаўніца беларускіх кіберпартызанаў Юліяна Шэметавец. – Крокі простыя, але мы ведаем, што рэжым будзе спрабаваць сачыць за ўсімі. Зразумела, што звесткі ў рэальным часе яны не змогуць атрымліваць аб ўсіх беларусах. Хутчэй за ўсё, гэта будзе кропкавае сачэнне. Але мы не ведаем, што будзе праз год ці два, трэба рыхтавацца ўжо цяпер. Яны будуць сачыць за актывістамі, але таксама яны будуць сачыць і за сваймі людзьмі. Па злівах размоваў мы бачым, што запісвалі сілавікоў».

І пакуль рэжым галосіць, што супраць Беларусі Захад вядзе гібрыдную і інфармацыйную вайну, сам працягвае ўзмацняць лічбавы кантроль над усімі сферамі жыцця беларусаў, то бок вядзе вайну супраць беларускага грамадства. І рыхтуецца атрымаць чарговую поўху ад беларускіх кіберпартызанаў.

Вольга Міцкевіч для праграмы «ПраСвет»

Стужка навінаў