Зняволенага журналіста рэгіянальнага парталу «Першы Рэгіён» Сяргея Гардзіевіча этапавалі ў калонію


Драгічынскага карэспандэнта інтэрнэт-парталу Берасцейскай вобласці «Першы Рэгіён» Сяргея Гардзіевіча, асуджанага на паўтары гады зняволення, этапавалі ў калонію ў Шклове, паведамляе «Беларуская асацыяцыя журналістаў».

Сяргей Гардзіевіч.
Фота: Праваабарончы цэнтр «Вясна»

Да этапавання журналіст знаходзіўся ў СІЗА ў Баранавічах.

Сяргей Гардзіевіч быў пакараны судом Іванаўскага раёну Берасцейскай вобласці 2 жніўня бягучага году зняволеннем на паўтары гады паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу(188, 368 і 369) – за абразу Аляксандра Лукашэнкі, за абразу супрацоўніка міліцыі і за паклёп у дачыненні да супрацоўніка міліцыі. Усе «злачынствы» нібыта былі здзейсненыя ў каментарах у сацыяльных сетках.

Журналіст у судзе сваю віну не прызнаў.

28 верасня ў Берасцейскім абласным судзе разглядалася касацыйная скарга журналіста. Гардзіевіча на слуханне ў суд не прывозілі, у выніку абласны суд скаргу адхіліў, і прысуд канчаткова ўступіў у сілу.

Праваабарончыя арганізацыі прызналі Сяргея Гардзіевіча палітычным вязнем.

Дасылаць лісты журналісту па пошце можна на адрас: 213004, вул. 1-я Завадская, 8, ПК-17, г. Шклоў, Магілёўская вобласць, Гардзіевічу Сяргею Андрэевічу.

ГГ, belsat.eu

 

Стужка навінаў