Як уратаваць беларускі бізнес падчас палітычнага крызісу? Абмяркоўваюць на форуме ў Варшаве


Бізнес-форум Belarus Business Harbour. Арганізатары – Асацыяцыя беларускага бізнесу за мяжой, цэнтр сацыяльна-эканамічных даследаванняў Беларусі і эканамічная каманда офісу Святланы Ціханоўскай. Асноўная мэта мерапрыемства – аб’яднанне беларускай бізнес-дыяспары. Варшава, Польшча. 27 кастрычніка 2021 год.
Фота: Белсат

27 кастрычніка ў Варшаве распачаў працу двухдзённы Belarus Business Harbour «Як выратаваць беларускі бізнес цяпер і дапамагчы развівацца ў будучыні?». Асноўная мэта мерапрыемства – аб’яднанне беларускай бізнес-дыяспары.

Праводзяць форум Асацыяцыя беларускага бізнесу за мяжою (ABBA) сумесна з даследчым цэнтрам CASE Belarus пад патранатам Святланы Ціханоўскай. Медыяпартнёр форуму – тэлеканал «Белсат».

Цягам двух дзён беларускія лідары, міжнародныя дыпламаты і эксперты абмяркуюць вырашэнні найбольш тэрміновых задач, якія цяпер стаяць перад беларускімі бізнесамі – як перад тымі, якія засталіся ў краіне, так і перад тымі, што былі вымушаныя рэлакавацца. Прадпрымальнікі падзеляцца тым, з якімі праблемамі сутыкаюцца бізнесы ў Беларусі і пасля рэлакацыі, і як можна дапамагчы.

Фота: Белсат
Чальцы каманды Віктара Бабарыкі – Ілля Салей і Іван Краўцоў.
Фота: Белсат

На адкрыцці выступіла Святлана Ціханоўская. З прамовай да ўдзельнікаў звернуцца таксама сябры эканамічнай каманды лідаркі Алесь Аляхновіч, Яўген Буры, Ірына Сазановіч і Мікалай Пракоф’еў.

Ціханоўская падчас выступу звярнула ўвагу на пераслед беларускіх бізнесоўцаў па палітычных матывах.

«У Беларусі нярэдкія выпадкі, калі беларускіх бізнесоўцаў саджаюць па надуманых абвінавачаннях, а потым патрабуюць велізарнага хабару. Яны не прызнаныя палітвязнямі, бо іх пераследуюць паводле эканамічных прычынах», – перадае словы беларускай лідаркі «Радыё Свабода».

Прамаўляе Франак Вячорка.
Фота: Белсат
Фота: Белсат

Ціханоўская таксама адзначыла, што чакаецца пагаршэнне сітуацыі, бо «дзяржаўны доўг вельмі высокі, а стаўка рэфінансавання вельмі нізкая». Паводле Ціханоўскай, ужо ў блізкай будучыні шмат якія беларускія кампаніі будуць зачыненыя, бізнесоўцы будуць вымушаныя бегчы, каб ня трапіць у турму, таму важна цяпер думаць, як абараніць беларускі бізнес.

Фота: Белсат
Дарадца Ціханоўскай у эканамічных пытаннях Алесь Аляхновіч.
Фота: Белсат

Сярод беларускіх спікераў і гасцей – прадпрымальнікі і менеджары Кірыл Валошын, Павал Лібер, Вадзім Пракоп’еў, Натальля Красько, эканамісты Сяргей Чалы, Павал Данэйка, Серж Наўродзкі, адвакат Ілля Салей ды іншыя.

Вольга Кавалькова і Вадзім Пракоп’еў.
Фота: Белсат

Сярод дыпламатаў, прадстаўнікоў уладаў і бізнесу – кіраўнік Варшаўскай фондавай біржы Марэк Дытль, камісар Еўракамісіі па добрасуседстве і пашырэнні Мацей Папоўскі, кіраўнік дыпламатычнай місіі Еўразвязу ў Беларусі Дырк Шубэль, віцэ-прэзідэнт Саюзу прадпрымальнікаў і працадаўцаў Польшчы Марцін Навацкі і іншыя.

Фота: Белсат

ГГ belsat.eu

Стужка навінаў