«Ноч расстраляных паэтаў» сёлета пройдзе ў дзясятках гарадоў свету


На адмысловым сайце, прысвечаным «Ночы расстраляных паэтаў», размешчаная мапа, на якой пазначылі месцы, дзе сёлета беларусы збяруцца ўшанаваць памяць ахвяраў рэпрэсіяў сталінскага часу.

«Ноч расстраляных паэтаў» у Курапатах у 2019 годзе.
Фота: Белсат

Сярод гарадоў, у якіх сёлета пройдзе акцыя, – Адэса, Антвэрпэн, Батумі, Варшава, Вільня, Кіеў, Осла, Рым, Сан-Францыска, Сальвадор і іншыя. Агулам на мапе на сённяшні дзень 28 кропак у Еўропе, Паўночнай і Паўднёвай Амерыцы.

У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года ў Менску, імаверна ва ўрочышчы Курапаты, былі расстраляныя 108 беларускіх дзяржаўных, культурных дзеячаў і навукоўцаў. Сярод іх 22 літаратары: паэты, празаікі, перакладчыкі, крытыкі.

Самаму старэйшаму з забітых, празаіку і публіцысту Янку Нёманскаму, споўнілася 47 гадоў, а сярод самых маладых – паэт і перакладчык Юлій Таўбін (26 гадоў), літаратурны крытык Пётр Хатулёў (25 гадоў), педагог і школьны настаўнік Іван Жылуцкі (25 гадоў).

Расстрэл 29 кастрычніка 1937 года стаў самым трагічным момантам хвалі маштабных рэпрэсіяў супраць нацыянальнай інтэлігенцыі Беларусі. Гэтая хваля доўжылася з 1929 да 1938 года і мела за мэту знішчэнне нацыянальна арыентаваных творцаў, выкладчыкаў, службоўцаў, навукоўцаў. Тэрор закрануў больш за 500 выбітных дзеячаў беларускай культуры. Некалькі соцень чалавек былі высланыя за межы Беларусі, некалькі соцень – расстраляныя, дзясяткі адпраўленыя ў лагеры і загінулі ў ГУЛАГу.

Штогод у Беларусі і за яе межамі 29 кастрычніка адбываюцца вечары памяці рэпрэсаваных беларусаў.

ГГ, belsat.eu

 

Стужка навінаў