Літва будуе плот вышынёй 4 метры на мяжы з Беларуссю


Ужо ўсталяваныя першыя сегменты на найважнейшых участках мяжы, паведамляе літоўскі ўрад на сваім сайце. Мяжу цалкам агародзяць да 1 верасня 2022 года.

Плот на літоўска-беларускай мяжы.
Фота: EPSO-G

Плот будуе кампанія Tetas, якая ўваходзіць у групу кампаніяў EPSO-G. Агароджа ўяўляе сабой піраміду з 5–6 віткоў калючага дроту – канцэрціны (з вострымі, як лязо, краямі). Побач усталёўваюцца секцыі плоту, наверсе якога замацаваны спіральны калючы дрот. Вышыня – 4 метры.

У першую чаргу агароджу ўсталёўваюць каля Друскенікаў. Плануецца, што на гэтым тыдні будаўніцтва плоту распачнецца і на іншых участках. Да канца года агароджаныя мусяць быць усе найбольш важныя пункты. Цалкам першая чарга будаўніцтва – 100 кіламетраў двухэлементнага бар’еру – пірамідаў з канцэрціны і плоту са спіральным дротам – будзе скончаная да 30 красавіка 2022 года. Уся мяжа будзе агароджаная да 1 верасня наступнага года.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў