Амбасадар ЕЗ у Беларусі распавёў, супраць каго будзе скіраваны пяты пакет санкцыяў


Амбасадар Еўразвязу ў Беларусі Дырк Шубэль паведаміў, што пяты пакет санкцыяў супраць Лукашэнкі засяродзіцца на тых, хто арганізоўвае міграцыю ў ЕЗ, піша DW.

Тым не менш, ён зазначыў, што галоўная для Бруселю тэма – правы чалавека ў Беларусі.

Амбасадар Еўразвяза ў Беларусі Дырк Шубэль.
Фота: dw.com

Пяты пакет санкцыяў супраць рэжыму Лукашэнкі будзе накіраваны найперш супраць асобаў і кампаній, адказных за перапраўку мігрантаў з краін Блізкага Усходу і Афрыкі ў ЕЗ праз тэрыторыю Беларусі.

Амбасадар падкрэсліў, што заклікі ЕЗ да ўладаў Беларусі застаюцца, гэта вызваленне палітвязняў, спыненне рэпрэсій і новыя выбары.

«На жаль, усе нашыя заклікі засталіся непачутыя. Таму мы цяпер рыхтуем пяты пакет санкцый, які, верагодней за ўсё, засяродзіцца ў першую чаргу на пытанні міграцыі, але не толькі», – адзначыў Шубэль.

Больш дэталяў ён не агучыў, бо ў ЕЗ заўсёды трымаюць у сакрэце санкцыі да іх афіцыйнага ўвядзення. Прыняцце пятага пакету чакаецца ў лістападзе.

Шубэля спыталі і аб тым, ці пашырыць Еўразвяз санкцыі на ўвесь імпарт калійных угнаенняў з Беларусі. «Час пакажа. Гэта будзе залежаць і ад дзеянняў уладаў Беларусі… Калі не будуць вызваленыя палітвязні, калі гвалт супраць мірных людзей працягнецца, то магчымыя ўсе варыянты, у тым ліку [санкцыі ў дачыненні] сфераў», – адказаў ён.

Таксама амбасадар ЕЗ пацвердзіў, што ў Бруселі працягваюцца дыскусіі аб магчымых санкцыях у дачыненні кампаніі «Белавія».

ВІДЭА
Два крызісы ў Беларусі. Чаму Захад рэагуе так позна?
2021.10.22 18:02

АД, belsat.eu

Стужка навінаў