Вялікая Брытанія ўвяла новыя санкцыі супраць Расеі. Гэта адказ на правядзенне «рэферэндумаў»


Вялікая Брытанія пашырыла санкцыі супраць Расеі ў звязку з правядзеннем пуцінскім рэжымам фіктыўных «рэферэндумаў» на тэрыторыях чатырох захопленых вобласцяў Украіны, гаворыцца ў афіцыйнай заяве МЗС Вялікай Брытаніі.

«Расейскі рэжым зладзіў гэтыя сфабрыкаваныя рэферэндумы ў адчайнай спробе захапіць землі і апраўдаць незаконную вайну. У гэтым працэсе адлюстроўваецца падыход Расеі да Крыму ў 2014 годзе, калі спалучаліся дэзынфармацыя, запалохванне і сфальсіфікаваныя вынікі.

Гэтыя рэферэндумы не адлюстроўваюць волевыяўлення ўкраінскага народу і груба парушаюць тэрытарыяльную цэласнасць ды палітычную незалежнасць Украіны», – гаворыцца ў заяве МЗС Вялікай Брытаніі.

Новыя санкцыі закранаюць асобаў, якія маюць дачыненне да арганізацыі і правядзення «рэферэндумаў», а таксама тых, хто працягвае падтрымліваць вайну Расеі супраць Украіны.

«Фіктыўныя «рэферэндумы», якія праводзяцца пад рулямі аўтамата, не могуць быць ні свабоднымі, ні справядлівымі, і мы ніколі не прызнаем іх вынікаў. Яны прытрымліваюцца відавочнай схемы гвалту, запалохвання, катаванняў і прымусовых дэпартацыяў у раёнах Украіны, захопленых Расеяй», – заявіў міністр замежных справаў Вялікай Брытаніі Джэймз Клэвэрлі.

Пад санкцыі трапілі 33 фізічныя асобы: прадстаўнікі акупацыйных уладаў «ЛНР», «ДНР», Запарожскай і Херсонскай вобласцяў, працаўнікі расейскіх банкаў. Сярод іх – кіраўнік акупацыйнай адміністрацыі Херсонскай вобласці Сяргей Елісееў і кіраўнік акупацыйнай адміністрацыі ў Запарожжы Яўген Баліцкі, «міністр адукацыі ЛНР» Сяргей Кусаў ды іншыя. Санкцыі таксама ўведзеныя ў дачыненні пуцінскага PR-агенцтва «IMA Consulting», кампаніі «Госзнак», Маскоўскага камерцыйнага банку міжнародных разлікаў. Пад санкцыі трапілі савет дырэктараў і кіраўніцтва «Газпромбанка», 16 сябраў назіральнага савету і праўленне «Сбербанка».

На сёння Вялікая Брытанія ўвяла санкцыі супраць больш як 1200 фізічных асобаў і 120 арганізацыяў з Расеі.

Аналітыка
«Тут і без санкцыяў усё дрэнна». Еўразвяз можа ўвесці абмежаванні супраць ІТ-сектару Беларусі. Чаго і каму варта баяцца?
2022.09.27 07:30

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў