Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 27 верасня


«Белсат» падводзіць вынікі апошніх содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 27 верасня чытайце ў нашым аглядзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Мужчына бяжыць перад разбураным жылым домам у Бахмуце, Данецкая вобласць, Украіна. 26 верасня 2022 года.
Фота: Anatolii Stepanov / AFP / East News

Генеральны штаб ЗСУ ў чарговы раз паведамляе пра значныя страты ў асабовым складзе расейцаў за папярэднія содні – 550 чалавек. Такім чынам усяго з моманту пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне беззваротныя страты Расеі дасягнулі 57 750 чалавек.

За мінулыя содні праціўнік нанёс па тэрыторыі Украіны 9 ракетных і 22 авіяцыйныя ўдары, а таксама здзейсніў больш за 90 абстрэлаў з рэактыўных сістэмаў залпавага агню, у выніку чаго пацярпелі больш за паўсотні населеных пунктаў.

Як і ў папярэднія дні, свае асноўныя намаганні расейскія войскі засяродзілі ў Данецкай вобласці, дзе яны атакавалі населеныя пункты Салядар, Курдзюмаўка, Зайцава, Маёрск, Бахмут, Камянка і Первамайскае. Генштаб ЗСУ адзначае, што ўсе гэтыя атакі былі адбітыя сіламі абароны, праціўнік вярнуўся на старыя пазіцыі.

У сваю чаргу Збройныя сілы Украіны працягнулі наступаць у Данецкай вобласці ў ваколіцах Ліману. Аналітыкі амерыканскага Інстытуту даследавання вайны (ISW) пішуць, што ЗСУ здолелі вызваліць населеныя пункты Шандрыгалова, Карпаўка і Новае на поўначы і паўночным захадзе ад Ліману.

Прарасейскі тэлеграм-канал «Рыбарь» таксама пацвярджае, што ЗСУ замацаваліся ў населеным пункце Новае, і цяпер спрабуюць развіць поспех у кірунку мястэчка Зялёная Даліна, каб у выніку атачыць ліманскую групоўку расейцаў з поўначы і зайсці з тылу да Ліману.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскі вайсковец рыхтуе міны для абстрэлу расейскіх пазіцый у Данецкай вобласці, Украіна. 26 верасня 2022 года.
Фота: Anatolii Stepanov / AFP / East News

У гэты ж час украінскія сілы працягнулі наступаць і ў Луганскай вобласці на ўсход ад Ліману. Адзначаецца, што ЗСУ наладзілі некалькі пантонных пераправаў цераз раку Северскі Данец паміж Крывой Лукай і Белагораўкай і стварылі там плацдарм, на які ўжо перакінулі тэхніку. Цяпер украінцы рыхтуюцца да контрнаступу, якім, імаверна, паспрабуюць злучыцца са сваёй групоўкай на поўначы Данецкай вобласці і цалкам атачыць горад Ліман і навакольныя тэрыторыі.

Частковы поспех украінскія войскі маюць і ў Харкаўскай вобласці, дзе яны пашыраюць свае плацдармы на ўсход ад ракі Аскіл.

Эксперты ISW паведамляюць, што ў Херсонскай вобласці, дзе з канца лета ЗСУ распачалі свой контрнаступ, цягам апошніх содняў адзначаліся выключна пазіцыйныя і выведныя баі, таксама абодва бакі абменьваліся кропкавымі ўдарамі па месцах засяроджання жывой сілы і тэхнікі праціўніка.

На іншых участках фронту працягваецца зацішша з абодвух бакоў канфлікту ў плане наземных аперацыяў.

Тым часам па інфармацыі незалежнай супольнасці чыгуначнікаў, Беларуская чыгунка разам з расейскімі вайскоўцамі праводзіць падрыхтоўчы комплекс мераў для прыняцця вайсковых эшалонаў з Расеі. Гэтую інфармацыі пацвярджае і кіраўнік «Creative politics hub», арт-дырэктар Беларускага свабоднага тэатру Мікалай Халезін, які гаворыць, што практычна ўвесь грузавы рухомы састаў Беларускай чыгункі зарэзерваваны для патрэб Міністэрства абароны. Такая сітуацыя на чыгунцы можа сведчыць аб падрыхтоўцы расейцамі наземнай аперацыі з боку Беларусі.

Таксама 27 верасня – апошні дзень так званых рэферэндумаў на акупаваных тэрыторыях Данецкай, Луганскай, Запарожскай і Херсонскай вобласцяў. Выведка Вялікай Брытаніі мяркуе, што ўжо праз некалькі дзён – 30 верасня – Уладзімір Пуцін можа абвясціць анексію гэтых рэгіёнаў. Менавіта на гэты дзень, паводле брытанскіх спецслужбаў, прэзідэнт РФ запланаваў зварот да Федэральнага сходу. У Крамлі гэтую інфармацыю пакуль не пацвярджаюць.

ВК belsat.eu 

Стужка навінаў