Суд над «рэйкавымі партызанамі» і содні арышту для святара. Рэпрэсіі за 27 верасня


Больш за два гады рэжым Лукашэнкі масава працягвае тэрор супраць беларусаў. «Белсат» сабраў вядомыя выпадкі пераследу 27 верасня.

Былы вайсковец Аляксандр Велясніцкі атрымаў 2,5 года калоніі па «справе Зельцара». Яго прызналі вінаватым у распальванні варожасці (арт. 130 КК). Нагодай для затрымання стаў каментар, які Велясніцкі нібыта пакінуў у «экстрэмісцкім» тэлеграм-канале: «Ліквідаваны член злачыннай групоўкі КДБ. Загінуў наш. Слава герою». Падчас судоў мужчына адмовіўся ад ранейшых паказанняў, паведаміў пра збіццё і пагрозы ў свой бок.

Аляксандр Велясніцкіатрымаў. Скрыншот з відэа

Беларуская спявачка Мэрыем Герасіменка, якую затрымалі з-за песні на ўкраінскай мове, не выйшла на волю пасля содняў. Яна стала фігуранткай крымінальнай справы, які артыкул інкрымінаваны Мэрыем – невядома. Паводле папярэдняй інфармацыі «Вясны», дзяўчына цяпер знаходзіцца ў СІЗА-1 на Валадарскага.

​​Пачаўся суд над светлагорскімі «рэйкавымі партызанамі». Ім пагражаюць вялікія турэмныя тэрміны. Судовы працэс супраць палітвязняў Дзмітрыя Равіча, Дзяніса Дзікуна і Алега Малчанава будзе праходзіць у закрытым рэжыме. Іх абвінавачваюць у падпале рэлейнай шафы сігналізацыі, цэнтралізацыі і блакавання на чыгуначнай станцыі «Жэрдзь-Астанкавічы» 28 лютага. Палітвязням выстаўленыя абвінавачванні паводле чатырох артыкулаў КК, іх унеслі ў «спіс тэрарыстаў».

У Горадні пачынаецца суд над «тэрарыстам» Юрыем Станеўскім. Яго абвінавачваюць па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэксу: за абразу Лукашэнкі, здзек над дзяржаўнымі сімваламі, за «гвалт альбо пагрозу ў дачыненні да службовай асобы», знявагу прадстаўніка ўлады і за «распальванне іншай сацыяльнай варожасці».

Следчы камітэт назваў беларусаў, якіх хутка пачнуць судзіць завочна. Паводле ведамства, гэта меркаваныя адміністратары «Чорнай кнігі Беларусі» Яніна Сазановіч, Данііл Багдановіч, Вольга Высоцкая, Валерыя Занімонская, Дзмітрый Навоша. Ім усім інкрымінаваныя ч.3 арт. 130 КК («Распальванне варожасці») і ч.3 арт. 203-1 КК («Незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных дадзеных»).

Hавiны
«Адпусціце гэтую сітуацыю…» Палітзняволены журналіст Павал Мажэйка даслаў з турмы першы ліст
2022.09.27 12:35

ГУБАЗіК затрымаў фаната менскага «Дынама», 34-гадовага Антона Гамезы. Паводле іх, мужчына быў падпісаны «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы, у каментарах якіх абражаў супрацоўнікаў міліцыі.

Таксама ГУБАЗіК затрымаў фаната магілёўскага «Дняпра» з-за татуіроўкі. На «пакаяным відэа» 40-гадовы Яўген Гануля паказвае свае татуіроўкі – кулак з БЧБ-стужкай і гербам Пагоня, а таксама вялікі партрэт Кастуся Каліноўскага. Яму прызначылі 15 содняў арышту.

Дырэктара юрфірмы, палітвязня Арцёма Ламаносава асудзілі да «хатняй хіміі». Мужчыну прызналі вінаватым у тым, што ён «прыняў актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаныя з яўным непадпарадкаваннем прадстаўнікам улады». Таксама пазоў «Мінсктрансу» на суму 22 500 руб будзе разгледжаны асоба ў межах грамадзянскай вытворчасці.

Святара Уладзіслава Багамольнікава асудзілі трэці раз запар. Яго затрымалі 31 жніўня супрацоўнікі ГУБАЗіК, а на наступны дзень святара асудзілі на 14 содняў арышту. Але 14 верасня яго перазатрымалі па новым пратаколе і зноў асудзілі на 15 содняў паводле арт. 19.11 КаАП. Падставай стаў рэпост з «экстрэмісцкага» канала. 16 верасня над Уладзіславам адбыўся трэці суд. Вынікам сталі чарговыя 15 содняў. Агулам за кратамі святара будуць утрымліваць 44 дні.

Hавiны
Святару, які праводзіў службу па загінулым Раману Бандарэнку, у трэці раз запар прысудзілі содні
2022.09.27 16:45

У наваполацкай калоніі палітвязня Аляксандра Целяшмана ўтрымліваюць у ШІЗА паўтара месяца. У ПК-1 ён быў накіраваны ў студзені і за гэты час яго тройчы змяшчалі ў штрафны ізалятар. Цяпер ён утрымліваецца там з 16 жніўня. Сваякі не атрымліваюць ад яго аніякіх звестак. Прычыны спагнанняў невядомыя. Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў «масавых беспарадках» у Берасце 9-10 жніўня 2020 года.

За ўдзел у пратэстах затрыманы жыхар Кобрына, 42-гадовы Аляксандр Крэмер. Паводле сілавікоў, мужчына ўдзельнічаў у паслявыбарчых пратэстах, быў падпісаны на «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы, а таксама распаўсюджваў інфармацыю з іх. Пакуль Аляксандру прызначылі 12 содняў арышту, але супраць яго могуць распачаць крымінальную справу.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў