«Шмат разгубленых хлопцаў з аднымі заплечнікамі». Што адбываецца на расейска-грузінскай мяжы і ў Тбілісі


Адразу ж пасля абвяшчэння Пуціным 21 верасня частковай мабілізацыі расейцы, якія не хочуць ісці на вайну, пачалі з’язджаць. Найбольш папулярным шляхам для ўцёкаў сталі такія краіны з бязвізам, як Манголія, Казахстан, Грузія. На расейска-грузінскай мяжы людзі ў чарзе чакаюць магчымасці праехаць па 4-5 содняў. Мы сабралі інфармацыю пра тое, што цяпер адбываецца на памежных пераходах, а таксама ў Тбілісі і краіне агулам.

Расейска-грузінская мяжа.
Фота: Николай Левшиц – channel in Georgia/Грузия/Telegram

Надзвычайная сітуацыя і мабілізацыйны пункт на расейскім баку мяжы

Па стане на 27 верасня корак з аўтамабіляў на расейска-грузінскай мяжы расцягнуўся на 20 кіламетраў, а калі лічыць разам з адстойнікамі і перакрыццямі ў раёне Уладзікаўказу, то больш чым на 30 кіламетраў. Час праезду праз абодва КПП – Верхні Ларс на расейскім баку і Дар’ялі на грузінскім на машыне цяпер займае каля 4-5 содняў, пешшу ці на ровары – каля содняў, паведамляе тэлеграм-канал Мікалая Леўшыца.

У чарзе стаяць больш за 5 тысяч машын. Упарадкаваць сітуацыю спрабуюць валанцёры і актывісты – яны расстаўляюць людзей у чаргу і сочаць, каб ніхто яе не парушаў.

26 верасня Грузія перастала выпускаць з краіны машыны з замежнымі нумарамі. На грузінскіх пакуль можна выехаць. Мясцовыя ўлады ўвялі такія меры праз тое, што нейтральная зона паміж двума КПП забіта машынамі і пешаходамі, і дадатковыя аўтамабілі з супрацьлеглага боку створаць чарговы корак. Таксама на КПП з грузінскага боку для захавання правапарадку выклікалі дадатковыя сілы паліцыі.

Расейска-грузінская мяжа.
Фота: Николай Левшиц – channel in Georgia/Грузия/Telegram

На расейскім баку мяжы з 27 верасня ўвялі рэжым надзвычайнай сітуацыі. Пра гэта заявіў кіраўнік Паўночнай Асеціі Сяргей Мяняйла. Ад вёскі Іран да мяжы з Грузіяй пусцілі аўтобусы. Тым, каму ў чарзе стане блага, медыкі акажуць дапамогу. Паводле Мяняйлы, па стане на 27 верасня колькасць машын у чарзе перавысіла 5500.

Акрамя непасрэдна КПП, на пад’ездзе і на бліжэйшых трасах стаяць пасты ДПС. Пакуль яны прапусцяць, таксама трэба чакаць. Часам праехаць можна за грошы.

У панядзелак 26 верасня з’явілася паведамленне, што дазволены пераход нейтральнай паласы пешшу, у першую чаргу жанчынам і дзецям, але потым улады Паўночнай Асеціі ўдакладнілі, што нейкі транспартны сродак – ровар ці самакат – усё ж патрэбны.

Расея прапускае праз мяжу не ўсіх. Для жыхароў Паўночнага Каўказу праезд закрыты.

Таксама на расейскім баку 27 верасня разгарнулі мабілізацыйны пункт, правяранне ваеннаабавязаных стала больш жорсткім. Яшчэ з раніцы аўторка відавочцы паведамлялі, што з Уладзікаўказу ў бок мяжы едуць калоны расейскай вайсковай тэхнікі, некаторыя машыны з літарамі «Z». Увечары 27 верасня стала вядома, што жыхарам Паўночнай Асеціі адразу на мяжы пачалі ўручаць позвы ў ваенкамат.

Ці закрые Грузія мяжу?

МУС Грузіі апублікаваў статыстыку адносна колькасці расейцаў, якія цягам тыдня ўехалі ў краіну. 21 верасня гэтая лічба склала 6402 чалавекі. Ужо 23-га – 9307 чалавек, 26-га – 10804 чалавекі. Агулам пачынаючы з 17 верасня ў Грузію ўехалі 78 742 грамадзяніна Расеі. Адначасова выехалі, паводле МУС, 51 643 расейцы. Такім чынам, засталіся на тэрыторыі Грузіі за апошнія 10 дзён 27 099 грамадзянаў Расеі.

Згодна з лічбамі, якія прыводзіць віцэ-прэм’ер Паўночнай Асеціі Ірбек Тамаеў, за мінулы тыдзень праз памежны пункт Паўночнай Асеціі ў абодвух кірунках мяжу перасеклі больш за 37 тысячаў адзінак аўтатранспарту і каля 115 тысячаў чалавек.

Паводле дэпутата правячай партыі Грузіі «Грузінская мара» Лявана Карумідзэ, ад пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне і да 25 верасня ў Грузію прыехалі і засталіся там 52 тысячы расейцаў.

Расейска-грузінская мяжа.
Фота: Varlamov News/Telegram

У грамадстве і сярод палітыкаў Грузіі ідуць спрэчкі наконт таго, ці закрываць мяжу для грамадзянаў Расеі. Адназначнага меркавання няма. Ёсць грузіны, якія лічаць, што вялікі наплыў расейцаў прадстаўляе сабой пагрозу для бяспекі краіны. Акрамя таго, зноў могуць падняцца кошты на нерухомасць, на арэнду, што зробіць жыццё мясцовых жыхароў яшчэ даражэйшым і складанейшым, як гэты ўжо было ўвесну. У Батумі праходзілі акцыі з патрабаваннем да ўладаў закрыць мяжу.

Міністр унутраных справаў Грузіі Вахтанг Гомелауры сцвярджае, што большасць расейцаў знаходзяцца ў Грузіі транзітам, каля 60% потым едуць далей, таму чыноўнік не разумее, чаму ім трэба абмяжоўваць уезд.

«Расейскія грамадзяне заўсёды прыязджалі ў Грузію, чаму трэба абмяжоўваць іхны ўезд цяпер? Яны прыязджалі і ў большых маштабах, і спадар Саакашвілі ў 2011 годзе сустракаў іх і раздаваў кожнай машыне па бутэльцы віна, запрашаючы ў краіну», – сказаў міністр унутраных справаў.

«Грузінская мара» супраць закрыцця мяжы

Не бачыць падставаў для закрыцця мяжы і старшыня правячай партыі Іраклі Кабахідзэ:

«Нашыя суграмадзяне жывуць у Расеі і ў іх таксама ёсць інтарэс ва ўездзе ў Грузію. Закрываць мяжу будзе няправільна, і гэта ў першую чаргу нашкодзіць інтарэсам грузінаў».

Міністр фінансаў Лаша Хуцышвілі таксама кажа, што сітуацыя не драматычная.

«Уезд расейскіх грамадзянаў кантралюецца і пагрозы ўлічваюцца. На КПП збіраецца інфармацыя, праводзіцца аналіз, і толькі пасля гэтага прымаецца рашэнне ў дачыненні да кожнага канкрэтнага чалавека», – прыводзіць словы міністра партал JAMnews.

Дэпутатка правячай партыі «Грузінская мара» Бека Давітуліані лічыць, што Грузія павінна прымаць тых, хто не хоча ісці на вайну.

«Якая логіка не ўпускаць тых, хто не хоча ісці ад Расеі на перадавую? Гэта будзе азначаць дазволіць расейскаму рэжыму адправіць іх на поле бою, а значыць такое дзеянне прынясе шкоду Украіне. Мы павінны дапамагчы Украіне выйграць вайну, таму, калі гэта не прыціскае нашыя інтарэсы, мы павінны прыняць тых, хто не хоча туды ехаць», – лічыць Давітуліані.

«Калі не закрыць мяжу, у бліжэйшыя дні 10% насельніцтва Грузіі будуць грамадзянамі Расеі»

Расейска-грузінская мяжа, КПП Верхні Ларс на баку Расеі.
Фота: zona.media

На закрыцці мяжы з Расеяй настойваюць апазіцыйныя палітыкі Грузіі. Гіоргі Вашадзэ, старшыня партыі «Стратэгія Агмашэнэбілі», запускае адпаведную петыцыю. Ён нагадвае пра дакумент, які нядаўна падпісаў Пуцін, у якім гаворыцца, што асаблівая ўвага будзе нададзеная абароне правоў расейскамоўнага насельніцтва ў Латвіі, Літве, Эстоніі, Грузіі і Малдове.

«Яны масава прыязджаюць у Грузію. Мы павінны неадкладна закрыць для іх мяжу. Выключэнне павінна быць толькі для грамадзянаў Грузіі, якія знаходзяцца ў Расеі. У іх павінна быць права вярнуцца дамоў. <…>. Калі мяжа не будзе закрытая, у бліжэйшыя дні і тыдні складзецца сітуацыя, калі 10% насельніцтва Грузіі будуць грамадзянамі Расеі. І гэта – пагроза нацыянальным інтарэсам Грузіі», – заявіў Вашадзэ.

Закрыццё межаў падтрымлівае кангрэсмен ЗША Адам Кінзінгер.

«У Грузіі паступілі бы разумна, калі б закрылі свае межы з Расеяй і не ўпускалі нават турыстаў, хаця б на кароткі тэрмін, – напісаў ён у Твітары. – Прыток мужчын баяздольнага ўзросту ў гэтую невялікую краіну, якая з’яўляецца для нас важным саюзнікам, вельмі небяспечны. І мы павінны бачыць, што гэта было б ахвярай для Грузіі, паколькі турызм для яе вельмі важны».

«У горадзе шмат кампаніяў хлопцаў, у тым ліку з малых народаў Расеі»

Чарга ля офісу грузінскага мабільнага аператару Magti у Тбілісі. 27 верасня 2022 года.
Фота: Белсат

Пра тое, як цяпер выглядае сітуацыя ў Тбілісі, распавяла беларуска Кацярына, якая ўжо год тут жыве.

«Я ўчора ўвечары гуляла па горадзе, і гэта рэальна жах – я проста прадзіралася праз натоўп. У шырыню 5-6 чалавек, а ў даўжыню ты проста не бачыш, калі гэта скончыцца. Ля банкаў і месцаў, дзе можна аформіць сім-карты мабільных аператараў, таксама натоўпы. Увечары я бачыла шмат кампаніяў разгубленых хлопцаў з заплечнікамі, і не толькі славянскай знешнасці, а відавочна – так званых малых народащ Расеі. У горадзе адчуваецца, што іх стала шмат», – кажа дзеўчына.

Кацярына пагутарыла за апошнія дні прыкладна з дзесяццю расейцамі, якія прыехалі ў Грузію ў гэтую хвалю. Беларуска кажа, што яны ў большасці не ведаюць, што рабіць далей, не арыентуюцца нават, што ў Грузіі можна паехаць у меншыя гарады, дзе жыццё таннейшае.

«Толькі два чалавекі, з якімі я сутыкнулася, маюць аддаленую працу. Астатнія тут без рэчаў і без крыніцы прыбытку, толькі з заплечнікам рванулі сюды, – кажа наша суразмоўца. – Яны пытаюцца, дзе тут працу можна знайсці. Але тут працы нават для грузінаў няма. Я не ведаю, што яны будуць рабіць».

«Найбольш пужае не падвышэнне коштаў, а тое, што можа быць далей»

У кавярні Кацярына пазнаёмілася з армянамі з расейскімі пашпартамі, якія таксама ўцяклі ад мабілізацыі.

«Мы іх паспрабавалі супакоіць, што мы праз гэта праходзілі, што ўсё будзе добра. І што мяне і здзівіла, і абразіла – яны не ведалі, што беларусы тут робяць. Пыталіся – а што ў Беларусі здарылася? – абураецца дзеўчына. – Але яны былі такія разгубленыя, што мы абмяняліся кантактамі, і потым я дапамагала ім, у прыватнасці, з кватэрай».

Грузіны вельмі злуюцца на гэтую сітуацыю, кажа Кацярына, вельмі баяцца, што «сюды прыйдуць танкі ратаваць рускіх».

«Тым больш, што ёсць выпадкі, калі яны патрабуюць, каб з імі размаўлялі па-расейску. Англійскую мала хто з іх ведае, – кажа дзеўчына. – А яшчэ ёсць канфлікт паміж сакавіцкімі і вераснёўскімі мігрантамі. Тут адзін аднаго павучаюць. Тыя ўцякалі ад палітыкі, а гэтыя – ратуюць сваё жыццё, у выніку ў іх паміж сабой канфлікт».

Чарга ля абменніку ў Тбілісі. 27 верасня 2022 года.
Фота: Белсат

Кацярына кажа, што пакуль што не заўважна, каб раслі кошты на жытло, як гэта было ў сакавіку, тым больш што большасць расейцаў цяпер спыняюцца ў гатэлях.

«Найбольш мяне пужае не падвышэнне коштаў, а тое, што можа адбыцца далей, – кажа беларуска. – Бо расейская вайсковая тэхніка ўжо на мяжы, гэты пункт мабілізацыйны. А ці перашкодзіць ім нешта ўехаць у Грузію? Я не ведаю і мяне гэта найбольш пужае».

Дырэктар Free Russia Foundation: «Каля 90 тысяч чалавек заехалі ў Грузію за апошнія 4-5 дзён»

«Белсат» абмеркаваў сітуацыю ў Грузіі з сувязі з наплывам расейцаў з Ягорам Куропцавым, дырэктарам Free Russia Foundation, Паўднёвы Каўказ.

«Па розных прыкметах мы бачым, што большая частка людзей, якія з’язджаюць з Расеі, не разумеюць, што яны будуць рабіць далей, не маюць сродкаў для часовага пражывання. Яны бягуць ад прызыву, таму наўрад ці будуць звяртацца ў расейскае консульства, тым больш паўнавартаснага консульства ў Грузіі няма», – кажа Куропцаў.

Паводле спадара Ягора, калі арыентавацца на лічбы аб перасячэннях мяжы, якія прыводзіць Паўночная Асеція (115 тысячаў чалавек у абодва бакі), можна прыкладна вылічыць, колькі расейцаў уехалі ў Грузію.

«Гэта канец сезону і з Грузіі з’язджаюць турысты, але іх колькасць не будзе большай за 20 тысяч чалавек. То бок, каля 90 тысяч чалавек заехалі ў Грузію за апошнія 4-5 дзён. Для Грузіі гэта вялізная колькасць і для краіны гэта вялікі выклік», – кажа Куропцаў.

Эксперт зазначае, што мабільны мабілізацыйны пункт, які Расея разгарнула на мяжы, можа быць падрыхтоўкай да закрыцця мяжы. Але спрагназаваць дакладна, ці гэта адбудзецца, цяпер цяжка.

Паводле спадара Ягора, для Грузіі цяперашні прыток расейцаў – гэта вялікі выклік бяспецы, эканамічнаму і палітычнаму ўплыву на краіну.

«Пасля пачатку расейска-украінскай вайны ў Грузіі размясцілася самая вялікая палітычная суполка расейцаў, якія выступаюць супраць вайны і супраць рэжыму. Яны праводзілі ў Грузіі антываенныя акцыі, збіралі гуманітарную дапамогу для пацярпелых у вайне. І па гэтай хвалі мігрантаў ужо ёсць нейкае разуменне, – кажа Куропцаў. – Цяпер жа лічбы цалкам іншыя і людзі таксама адрозніваюцца. Таму Грузія з першага ж дня патрабуе закрыць мяжу, але ўлады гэтага не робяць. Цяпер усе чакаюць, што закрые межы РФ. Гэта рызыкі, гэта выклік, гэта вельмі сур’ёзна. Канешне, гуманітарныя мэты важныя і трэба дапамагчы людзям не ехаць на вайну. Аднак улады і службы Грузіі цяпер сочаць за тым, каб людзі, якія прыехалі ў краіну, якія падтрымліваюць рэжым і вайну, не змаглі стварыць нейкія правакацыі».

У сераду 28 верасня рух і партыя «Droa» правядзе акцыю на расейска-грузінскай мяжы.

«Беспрэцэдэнтны наплыў расейскіх грамадзянаў павялічвае рызыкі для бяспекі і эканомікі Грузіі. Краіна не гатовая змагацца з наплывам мігрантаў. Акрамя таго, у святле даказанага супрацоўніцтва паміж СГБ Грузіі і ФСБ Расеі будзе немагчыма вызначыць, хто перасякае мяжу, – кажуць арганізатары акцыі. – Пазіцыя грузінскіх уладаў вядомая, яны не збіраюцца закрываць мяжу ці абмяжоўваць плынь. Адпаведна, мы, грамадзяне Грузіі, павінны дзейнічаць. Заўтра сустракаемся на плошчы Першай Рэспублікі а 10-й гадзіне і едзем на памежны пункт Верхні Ларс, дзе а 15-й гадзіне адбудзецца акцыя».

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў