На акупаваных тэрыторыях Украіны падводзяць вынікі «рэферэндумаў»


На выбарчых участках акупаваных тэрыторый Украіны 27 верасня скончылася галасаванне на «рэферэндумах» аб далучэнні да Расейскай Федэрацыі. Вынікі тых, хто прагаласаваў «за», перавышаюць 93%. Дадзеныя прыводзіць расейскае дзяржаўнае агенцтва «РИА Новости».

Член выбарчай камісіі паказвае дарогу выбаршчыку на выбарчым участку падчас рэферэндуму аб далучэнні самаабвешчанай Данецкай Народнай Рэспублікі да Расеі. 27 верасня 2022 года.
Фота: ALEXANDER ERMOCHENKO / Reuters / Forum

У самаабвешчанай ЛНР у 16:00 усе ўчасткі спынілі сваю працу і прыступілі да падвядзення вынікаў, усяго быў арганізаваны 461 участак для галасавання. У галасаванні на тэррыторыі «ЛНР» прынялі ўдзел больш за 1,6 млн чалавек. ЦВК «ЛНР» па выніках апрацоўкі звыш 69% бюлетэняў завіла, што за ўваходжанне ў склад РФ нібыта выказаліся 98,52% жыхароў рэспублікі.

У самаабвешчанай «ДНР» уваходжанне ў склад РФ нібыта падтрымалі 93,95% грамадзян. Гэта першыя дадзеныя ЦВК пасля падліку 31,74% галасоў.

За ўваходжанне Херсонскай вобласці ў склад РФ прагаласавалі нібыта 97,47% па выніках апрацоўкі 12% пратаколаў

Пасля апрацоўкі 50% бюлетэняў, за ўваходжанне ў склад з Расеі прагаласавалі нібыта 93,18% выбаршчыкаў Запарожскай вобласці. Канчатковыя вынікі па Запарожскай вобласці абяцаюць агучыць раніцай 28 верасня.

Кіраўнік акупацыйнай адміністрацыі Запарожскай вобласці Яўген Баліцкі заявіў, што пасля далучэння рэгіёну да РФ спатрэбіцца прыкладна год для адаптацыі сістэм да расейскіх. Завяршэнне ўсіх працэдур, звязаных з уваходжаннем, зойме не больш за тры гады, але ўлады спадзяюцца і ўкласціся за год.

Таксама падлічаны даныя па ўчастках у самой Расеі. Гэта вынікі апрацоўкі 100% бюлетэняў:

  • за ўваходжанне самаабвешчанай ЛНР у склад РФ нібыта прагаласавалі 97,93% выбаршчыкаў;
  • за ўваходжанне «ДНР» у склад РФ нібыта прагаласавалі 98,69% выбаршчыкаў;
  • за ўваходжанне акупаванай часткі Запарожскай вобласці ў склад РФ нібыта прагаласавалі 97,81% выбаршчыкаў;
  • за ўваходжанне акупаванай часткі Херсонскай вобласці ў склад РФ нібыта прагаласавалі 96,75% выбаршчыкаў.
Канстанцін Івашчанка (3 справа), былы генеральны дырэктар заводу «Азоўмаш» і прызначаны прарасейскі настроеным мэрам Марыупалю, наведвае выбарчы ўчастак, калі людзі галасуюць на рэферэндуме ў Марыупалі 27 верасня 2022 года. Фота STRINGER/AFP

Таксама паведамляецца, што Савет Федэрацыі не будзе праводзіць пазачарговых паседжанняў па выніках «рэферэндумаў». Наступнае пасяджэнне па графіку пройдзе 4 кастрычніка, заявіў «РИА Новости» сенатар Андрэй Клішас. Па словах старшыні Савету Федэрацыі Валянціны Мацвіенка, менавіта 4 кастрычніка Савет можа разгледзець пытанне аб уваходжанні новых суб’ектаў у склад Расеі.

Раней крыніцы «РИА Новости» распавялі, што 30 верасня Уладзімір Пуцін звернецца да дэпутатаў і сенатараў па выніках праведзеных «рэферэндумаў» на акупаваных тэрыторыях Украіны, а затым павінна прайсці падпісанне дакументаў аб іх далучэнні.

«Рэферэндум» па пытанні аб уваходжанні акупаваных тэрыторый у склад Расеі на правах субʼекта Расейскай Федэрацыі праводзіўся з 23 па 27 верасня.

Аналітыка
Анексія, абвяшчэнне вайны, ядравы шантаж. Чаго чакаць пасля акупацыйных псеўдарэферэндумаў
2022.09.27 17:00

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў