Былы вайсковец атрымаў 2,5 года калоніі ў «справе Зельцара». Раней ён адмовіўся ад узнагароды


Берасцейскі абласны суд 26 верасня вынес рашэнне ў справе былога вайскоўца Аляксандра Велясніцкага, якога абвінавацілі паводле арт. 130 КК («Распальванне варожасці») у «справе Зельцара» за каментар, які ён нібыта пакінуў у «экстрэмісцкім» тэлеграм-канале. Яму прысудзілі 2,5 года калоніі, паведамляюць праваабаронцы.

Аляксандр Велясніцкі.
Фота: Аксана Лазарава / Facebook

Аляксандра Велясніцкага затрымалі ў Століне яшчэ 29 верасня 2021 года ў «справе Зельцара» праз каментар «Ліквідаваны чалец злачыннай групоўкі КДБ. Загінуў наш. Слава герою», пасля таго як IT-спецыяліст Андрэй Зельцар застрэліў у сваёй кватэры супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка.

У першы дзень суда 31 жніўня Аляксандр заявіў, што адмаўляецца ад паказанняў, якія даваў падчас следства і ўтрымання ў жодзінскай турме. Прычынай ён назваў тое, што пры затрыманні і ў турме на яго рабіўся ціск. Гэтак, у дзень затрымання, з ягоных словаў, пінскія супрацоўнікі КДБ пагражалі прастрэліць яму ногі. У Менску на Акрэсціна ён тры дні не мог спаць, камера была душнай і перапоўненай людзьмі. Затым, калі яго даставілі ў Жодзіна, супрацоўнікі турмы сталі ў шэраг, пачалі збіваць і нацкоўваць сабак. У новым месцы таксама былі перапоўненыя камеры, а перадачы не дазваляліся – і так 1,5 месяца. Больш за месяц да яго не пускалі адваката.

Судовае паседжанне ўзначаліў Андрэй Васілюк, які прысудзіў былому вайскоўцу 2,5 года папраўчай калоніі з адбыццём пакарання ва ўмовах агульнага рэжыму. Бок дзяржабвінавачання падтрымлівала Таццяна Цыбуля.

19 верасня 2022 года паводле ўказу Лукашэнкі воінскіх званняў пазбавілі больш за 80 былых вайскоўцаў. Сярод іх быў і экс-памежнік Велясніцкі, які ў жніўні 2020-га асудзіў гвалт сілавікоў і публічна адмовіўся ад медаля «За бездакорную службу». Як паведамляюць праваабаронцы, ягоны медаль і пасведчанне на ўзнагароду сілавікі забралі яшчэ 14 снежня 2021 года, калі дамоў да Велясніцкага прыйшлі сілавікі, каб даць ягонай жонцы азнаёміцца з пастановай.

У сваім відэазвароце 14 жніўня 2020 года Аляксандр сказаў:

«Я прыняў гэтую ўзнагароду з гонарам. Больш за 15 гадоў сапраўды годнай службы ў памежных войсках і органах памежнай службы давалі падставу лічыць, што я маю права насіць гэтую ўзнагароду на сваім парадным кіцелі. Так было да ўчарашняга дня. Учора я даведаўся, што гэтым жа медалём у тэрміновым парадку ўзнагароджваюць тых, хто ўдзельнічае ў выкраданнях, збіваннях і катаваннях мірных людзей, жанчын і мужчынаў, непаўналетніх і падлеткаў, старых. […] Мне з імі не па шляху. Я не хачу, каб маё імя фігуравала ў адным пераліку з імёнамі гэтых людзей».

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў